Расейская нафта пайшла ў Беларусь у буйных аб'ёмах пасьля 100 дзён перапынку

Падземны нафтаправод "Транснефти"
Падземны нафтаправод "Транснефти"

Расейская кампанія «Транснефть» пачала пастаўкі сыравіны ў Беларусь. Гэта «Інтэрфаксу» пацьвердзілі ў канцэрне «Белнафтахім».

«Пастаўкі на беларускія НПЗ па сыстэме нафтаправодаў у адпаведнасьці з маршрутнымі даручэньнямі пацьвярджаем», — адзначылі ў ведамстве.

Раней кіраўніцтва «Транснефти» паведаміла, што чатыры расейскія фірмы пачалі афармленьне маршрутных даручэньняў на пастаўку нафты ў Беларусь. Паводле наяўных зьвестак, падалі заяўкі на пастаўку ў красавіку 1 млн тон нафты.

Сума ўгоды не агучваецца, аднак на момант падпісаньня кантрактаў, паводле беларускага прэм'ера Сяргея Румаса, для Беларусі цана на расейскую нафту гатунку Urals складала 4 даляры за барэль.

У двухбаковых адносінах Беларусі і Расеі адной з асноўных праблем заставалася адсутнасьць ад 1 студзеня кантрактаў на пастаўку нафты на беларускія НПЗ, адзін зь якіх часткова належыць дзьвюм расейскім нафтавым кампаніям — «Роснефти» і «Газпром нефти».

Невялікія партыі ад пачатку году пастаўлялі толькі структуры бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева, таксама пачаўся імпарт нафты ў Беларусь праз порты Клайпэды і Адэсы.

Канцэрн «Белнафтахім» разьлічвае, што агулам удасца выйсьці на ранейшыя аб’ёмы перапрацоўкі, давёўшы пастаўкі на НПЗ да 2 млн тон нафты штомесяц.

​
XS
SM
MD
LG