Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апошні карантын-дысыдэнт». Расейскія тэлеканалы пра паводзіны Лукашэнкі падчас пандэміі


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей, які ён назваў адным з найлепшых лекаў ад каранавірусу. 4 красавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей, які ён назваў адным з найлепшых лекаў ад каранавірусу. 4 красавіка 2020 году

Беларусь застаецца адным з рэдкіх месцаў, дзе не ўвялі карантыну з прычыны каранавірусу. Гэта выклікае цікавасьць у іншых краінах, у тым ліку ў Расеі.

Свабода паглядзела, як на апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра каранавірус рэагуюць расейскія тэлеканалы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Першы канал: «„Псыхоз“ аднаго вядомага палітыка брацкай краіны»

З Аляксандра Лукашэнкі і ягонай «блізарукасьці» пакпіў Першы канал Расейскай тэлевізіі. Вядоўца службы навінаў Кірыл Кляймёнаў нагадаў, што яшчэ нядаўна «адзін вядомы палітык брацкай краіны» казаў журналістцы: «Вы бачыце дзе-небудзь тут вірус? Вось і я ня бачу».

«Ну што ж. Гэта падыход. Цьвярозы погляд на рэчы. Што відаць — тое і ёсьць. Чаго не відаць — таго і няма, — іранізаваў расейскі журналіст. — Як няма і горкіх шкадаваньняў з гэтай нагоды. Вірус — яго ж нават у акулярах не відаць. А мікраскоп з сабой усюды насіць ня будзеш. Цяжкая ўсё ж такі рэч, нязручная».

Далей у сюжэце быў агучаны «рэцэпт» уратаваньня ад каранавірусу па-беларуску.

«Яшчэ пару тыдняў таму, калі ўсе суседзі ўжо прымалі найстражэйшыя ахоўныя меры, Аляксандар Лукашэнка адкрыта назваў сусьветную сытуацыю з пандэміяй „псыхозам“. Беларускі прэзыдэнт дэманстратыўна паціскаў рукі суразмоўцам і дзяліўся з народам дзіўнай формулай антывірусу: лазьня, 50 грамаў сьпірту, праца на трактары і хакей».

Татальнага карантыну ў Беларусі па-ранейшаму няма, зьдзіўляюцца на Першым канале, зазначаючы, што калі колькасьць хворых вельмі хутка расьце, такая карціна — напрыклад, поўны пасажыраў грамадзкі транспарт — як мінімум зьдзіўляе.

НТВ: «Нацыянальны варыянт праходжаньня каранакрызісу»

Тэлеканал НТВ інфармуе сваіх гледачоў, што Беларусь застаецца ці не адзінай эўрапейскай краінай, дзе ня ўводзяцца карантынныя захады, а прэзыдэнт Лукашэнка лічыць каранавірус надуманай пагрозай.

«Улады Беларусі спрабуюць намацаць нацыянальны варыянт бязбольнага праходжаньня каранакрызісу, — гаворыцца ў сюжэце, прысьвечаным Беларусі. — Ёсьць думка, што карантын можа стаць сьмяротнай іньекцыяй для беларускай эканомікі. Таму межы адкрытыя, а грузавы транзыт нават вырас. Менскі аэрапорт таксама функцыянуе. Абмежаваньні на фоне маштабных забаронаў у суседзяў мінімальныя. У раёне сталічнага „алькакварталу“ на Зыбіцкай пуставата, але ўстановы працуюць».

Далей карэспандэнт НТВ расказвае, як каранавірус раптам зрабіў немагчымае ў беларускім спорце. «Бясстрашны беларускі футбол цяпер глядзяць і абмяркоўваюць ва ўсім сьвеце. Правы на трансьляцыю адзінага дзейнага нацыянальнага першынства ў Эўропе закупілі дзясяткі краін — глядзець больш няма чаго. Дыскусіі не заўсёды пра якасьць гульні, часьцяком пра здаровы сэнс. Пры гэтым мясцовыя ультрас і фанаты вядучых клюбаў абвясьцілі байкот чэмпіянату і заклікалі не наведваць гульняў сваіх камандаў».

Сюжэт завяршаецца цытаваньнем Лукашэнкі, які лічыць вірус і сытуацыю вакол яго «псыхозам». І ўдакладняецца, што далёка ня ўсе беларусы з гэтым згодныя: электронная пэтыцыя з патрабаваньнем увесьці ў краіне карантын прабіла адзнаку ў 150 тысяч галасоў.

«Россия 24»: «Уратавацца бяз панікі, спакойна і прыгожа»

Тэлеканал «Россия 24» у навіннай праграме «Вести» цытуе Аляксандра Лукашэнку, які заявіў: ніхто ня ведае, якім будзе сьвет пасьля «гэтай хваробы і псыхозу», але ня выключыў «пэўных задумаў» лідэраў буйных дзяржаў, пра якія «абавязкова раскажа».

«Беларускі прэзыдэнт прызнаў, што насельніцтва краіны хварэць будзе, але пажадана, каб не было лявінападобнага скачка. Паводле яго, цяпер сыстэма аховы здароўя з гэтым спраўляецца, але сытуацыя з каранавірусам дапамагла страсянуць яе і выявіць „вузкія месцы“, пра якія ён потым спагоніць з кожнага адказнага за гэта», — адзначаецца ў сюжэце.

Расейскія журналісты ня ўтойваюць зьдзіўленьня, што Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць самому ўмяшацца ў лячэньне хворых.

«Паводле яго, ён сказаў міністру аховы здароўя: „Уладзімер Сьцяпанавіч (Каранік), з табой пойдзем лячыць людзей“. Міністар, у сваю чаргу, адказаў: „Пакуль ня трэба“. Раней Аляксандар Рыгоравіч назваў прадукты, які спраўляюцца з каранавірусам. Да іх адносіцца тлустая ежа, у прыватнасьці масла. Таксама беларускі прэзыдэнт лічыць, што добра з хваробамі спраўляюцца лазьня, гарэлка, хакей, праца і сьвежае паветра». Нягледзячы на сьмяротныя выпадкі, Лукашэнка лічыць, што ягоная краіна павінна зрабіць усё для выратаваньня жыцьця людзей, але «бяз панікі, спакойна і прыгожа», — падсумоўвае «Россия 24».

ТВЦ: «Можна зрабіць настолькі жорстка, што ў вачах пацямнее»

Тэлевізійны канал ТВЦ, падпарадкаваны маскоўскаму ўраду, паведамляе пра рашэньне Менску «справіцца сваімі сіламі» ў барацьбе з каранавірусам. Падставай стала заява міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея аб тым, што беларускі бок адмовіўся ад набыцьця расейскіх тэст-сыстэмаў на COVID-19.

Канал нагадвае, што раней Масква прапаноўвала купіць 30 тысяч такіх сыстэмаў, папярэдняя дамоўленасьць ужо была дасягнутая, але перамовы раптам спыніліся.

Магчыма, спрацавалі старыя крыўды, робяць выснову журналісты. Нездарма Макей чарговым разам раскрытыкаваў рашэньне Крамля аб закрыцьці ў сярэдзіне сакавіка мяжы зь Беларусьсю. Гэтаксама ТВЦ паведамляе, што Беларусь адмаўляецца ўвесьці карантын і спасылаецца на Аляксандра Лукашэнку:

«Мы можам зрабіць настолькі жорстка, што ў вачах пацямнее. Але чалавек мае права распараджацца сваім жыцьцём сам, проста ў пэрыяд пандэміі дзяржава павінна дапамагчы яму абараніцца», — цытуе ТВЦ беларускага кіраўніка.

«Дождь»: «Каранавірус як атмасфэра, у якой разьвіваюцца хваробы»

Апальны тэлеканал «Дождь», якога перасьлед расейскіх уладаў вымусіў перайсьці на інтэрнэт-вяшчаньне, знайшоў дасьціпны эпітэт для Лукашэнкі — «апошні карантын-дысыдэнт». У аўтарскай праграме «Нюансы зь Юліяй Таратутай» спрабавалі высьветліць, чаму беларускі прэзыдэнт лічыць, што ізаляцыя — гэта шлях да расколу.

Таксама акцэнтуецца ўвагу на супярэчлівых заявах Лукашэнкі, які, маючы статыстыку ахвяраў COVID-19, раптам заяўляе, што ў Беларусі людзі паміраюць зусім не ад каранавірусу.

«Людзі баяцца. Таму я ім хачу сказаць наступнае: у нас у краіне не памёр ніводзін чалавек ад каранавірусу. Ніводзін! Яны памерлі ад букету хранічных хваробаў, якія ў іх былі», — адсылае тэлеканал да Лукашэнкі, які аўтарытэтна лічыць, што пацыенты з дыягназам «каранавірус» паміраюць ад сардэчна-сасудзістай недастатковасьці, цукровага дыябэту ды іншых хранічных захворваньняў. А каранавірус, маўляў, — толькі «атмасфэра», у якой разьвіваюцца хваробы.

Журналісты таксама цытуюць Лукашэнку, які заявіў, што ў Беларусі ўжо знойдзеныя «камбінацыі лекаў» і цяпер мэдыкі будуць змагацца за кожнага пацыента.

«Хай нават не перажываюць. Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ. Я публічна гэта заяўляю. Гэта маё цьвёрдае перакананьне, зыходзячы з аналізу ня толькі мінулых гадоў. У нас ужо ёсьць досьвед гэтага году. Зыходзячы з досьведу нашага, кітайскага, амэрыканскага, эўрапейскага мы бачым, як працаваць», — прыводзіць «Дождь» заяву Лукашэнкі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG