Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта псыхоз». Лукашэнка патлумачыў, чаму Беларусь ня ўводзіць карантыну

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка сабраў 19 сакавіка нараду, прысьвечаную эпідэміялягічнай сытуацыі. На яе запрасілі чыноўнікаў і мэдыкаў-вірусолягаў. Заяўленая мэта — выслухаць думкі адмыслоўцаў і ацаніць рэальнае становішча ў краіне і сьвеце.

Што сказаў Лукашэнка, сьцісла:

  • Вакол каранавірусу «псыхоз», ужо шмат такіх перажылі. А цывілізаваны сьвет зьехаў з глузду». Закрываць межы — «несусьветнае глупства».
  • Што Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла пандэмію, для Беларусі гэта «ня мае ніякага значэньня».
  • Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 нібыта ратуе лазьня. Гэта ня так.
  • Распаўсюд COVID-19 дазволіў «страсянуць» беларускую сыстэму аховы здароўя, і гэта добра.
  • Карантыну ня будзе, бо цяперашніх захадаў дастаткова. Празьмерныя карантыны шкодныя, а «дзе мы пачыналі людзей карантыніць, ніводзін ня быў хворы».
  • Заняткі ў ВНУ не скасуюць, але пачатак перанясуць на пазьнейшы час, каб разгрузіць грамадзкі транспарт.
  • Пераносу школьных вакацыяў ня будзе, але не выпраўляць дзяцей у школу «не забараняем».
  • У краіне не хапае рэсьпіратараў, трэба пачаць іх вытворчасьць, каб былі праз тыдзень.
  • Беларусам «трэба вывезьці расейцаў з Польшчы і дапамагчы ім дабрацца на радзіму», задзейнічаць МЗС і праваахоўнікаў.

«Разам з вамі перажыў ужо многія псыхозы»

«Нягледзячы на нейкую крытыку з майго боку, я гэты каранавірус называю няйначай, як псыхозам, — перадае БелТА словы Лукашэнкі. — І ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо многія псыхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла.

Абсалютна перакананы, што гэта чарговы такі ж псыхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і на шкоду. Але мы жывём у пэўнай сытуацыі і, натуральна, павінны зыходзіць з таго становішча, якое складаецца ня толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны.

Чаму я сябе так паводжу? Бо я абсалютна перакананы, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога вірусу. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе».

Беларусь застаецца апошняй краінай рэгіёну без карантынных захадаў. Міністэрства адукацыі Беларусі раней адмовілася ад патрабаваньня перавесьці ўнівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне ў сувязі з пандэміяй COVID-19 і 17 сакавіка папрасіла o сваім Telegram-канале «не нагнятаць» у адказ на пэтыцыю з 16 тысячамі подпісаў. Міністэрства адукацыі разглядала перанос школьных вакацыяў на ранейшы тэрмін, але 17 сакавіка адмовілася.

Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 нібыта ратуе лазьня. Гэта ня так

«Я некалі абмовіўся аб тым, што людзям трэба, каб змагацца з рознымі вірусамі, у тым ліку і з гэтым, часьцей хадзіць у сухую апарню, — заявіў Лукашэнка. — Паколькі COVID-19 ня любіць высокіх тэмпэратураў і пры плюс шасьцідзесяці, як мяне праінфармавалі спэцыялісты, гіне».

На самой справе, няма дасьледаваньняў, якія б паказвалі, што вірус SARS-CoV-2 гіне пры такіх тэмпэратурах. Да таго ж, душ, ванна і наваі лазьня не нагрэюць чалавечае цела да тэмпэратураў, дастатковых, каб гінулі падобныя вірусы. Вядома толькі, што падобны каранавірус сам па сабе (ня ў целе) гіне хутчэй (але ня цалкам) пры тэмпэратурах звыш 56°С..

Таксама Лукашэнка параіў мыць рукі гарэлкай і «ўнутр 100 грам». Але гарэлка недастаткова эфэктыўная для ачысткі рук і зусім неэфэктыўная супраць вірусаў у арганізьме. Рукі рэкамэндуюць мыць сродкамі дэзынфэкцыі, якія ўтрымліваюць ня менш за 60% сьпірту, або проста мылам.

«Страсянуць беларускую сыстэму»

Паводле Лукашэнкі, распаўсюд COVID-19 дазволіў «страсянуць» беларускую сыстэму аховы здароўя, асабліва вірусолягаў і эпідэміёлягаў.

«Добра, што мы з савецкіх часоў захавалі гэтую сыстэму, — разважаў Лукашэнка. — А так мы людзей лечым, а што там з эпідэміялягічным становішчам? Гэты псыхоз прымусіў нас неяк здрыгануцца і ў гэтым кірунку папрацаваць».

«Дзе мы пачыналі людзей карантыніць, ніводзін ня быў хворы»

Лукашэнка на нарадзе растлумачыў, што ў школах ня ўводзяць карантыну, бо дастаткова цяперашніх захадаў:

«Усіх, хто едзе з-за мяжы, мы бяром на кантроль, — расказаў Лукашэнка. — Нейкае падазрэньне, кашляе ці чхае, мы адразу ж тэстуем. Калі раптам лябараторна пацьверджана, мы адразу ўсе кантакты пачынаем знаходзіць і ізаляваць.

І я прааналізаваў усе гэтыя факты: там, дзе мы, перастрахаваўшыся, пачалі зьбіраць людзей і карантыніць, ніводзін ня быў хворы. Усе аказаліся здаровыя. І вось таму кітайцы нам кажуць: ня трэба залішне карантыну, таму што гэта вынікаў не дае. І наш досьвед пацвярджае: тры тысячы чалавек назіралі — тры тысячы здаровыя».

«IT-краіна, а гэтыя няшчасныя напысьнікі ня можам вырабіць»

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі хапае мэдычных масак, абарончых касьцюмаў і сродкаў дэзынфэкцыі, але трэба яшчэ за тыдзень наладзіць выпуск рэсьпіратараў:

«Выхваляемся ўсюды — IT-краіна, а гэтыя няшчасныя напысьнікі ня можам вырабіць, — казаў Лукашэнка пра рэсьпіратары. — Каб за тыдзень урад прыняў рашэньне, дзе будзе вырабляць. Не праблема станок набыць. Нягожа, што ў Беларусі іх няма. Яны нам спатрэбяцца заўсёды».

Заняткі ў ВНУ — не скасаваць, а перанесьці пачатак, каб разгрузіць транспарт

Паводле Лукашэнкі, ён пагадзіўся на просьбу Мінздароўя аб тым, каб «разьвесьці плыні рабочых і студэнтаў» у грамадзкім транспарце:

«Хай студэнты трошкі пазьней пачынаюць заняткі ў сябе ва ўнівэрсытэтах, і яны будуць пазьней ехаць на грамадзкім транспарце, калі асноўная плынь рабочых патрапіць на свае прадпрыемствы. Гэта нават будзе зручней і для гораду».

Лукашэнка падкрэсьліў, што задача Мінздароўя — у першую чаргу лекаваньне людзей, «а тых, хто будзе закрываць-адкрываць, у нас хапае».

Школьныя вакацыі не перанясуць, але не выпраўляць дзяцей у школу «не забараняем»

«Калі бацькі баяцца — не адпраўляйце дзяцей у школу, мы не забараняем», — заявіў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, перанос школьных вакацыяў на ранейшы час толькі пагоршыць сытуацыю, бо дзеці, якія могуць пераносіць каранавірус, «паедуць да бабуляў», а тыя ў групе рызыку. Насамрэч, у дзяцей рэдка выяўляюць вірус SARS-CoV-2 (паводле папярэдніх зьвестак з Італіі, каля 1% хворых маладзейшыя за 18 гадоў).

«Таму ня трэба нічога рабіць, — рэзюмаваў Лукашэнка. — Належыць з 30 сакавіка вакацыі — будзе з 30-га. У нас што, у школах праблемы? Няма праблемаў. А калі мы яшчэ навучым дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, тэхнічак сваечасова мыць рукі і дэзынфікаваць, маску надзяваць, наогул будзе добра.

Грамадзтва ўжо пачала да гэтага звыкаць. Навошта мы чынім усялякія брыдоты і непатрэбныя дзеяньні там, дзе ў іх няма неабходнасьці?»

«Цывілізаваны сьвет зьехаў з глузду»

На думку Лукашэнкі, цывілізаваны сьвет «з глузду зьехаў», а палітыкі ўжо пачалі выкарыстоўваць сытуацыю ў сваіх інтарэсах.

Нягледзячы на тое, што Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла пандэмію, для Беларусі гэта «ня мае ніякага значэньня», зазначыў Лукашэнка. Ён назваў «несусьветным глупствам» спробы абараніцца, закрываючы межы.

«Многія краіны закрылі сваю тэрыторыю для іншаземцаў, — адзначыў Лукашэнка. — Так зрабілі і пяць краін – суседак Беларусі. Глупства абсалютнае і несусьветнае.

І гэта ўжо пацьвярджаецца. Гэта ніяк не абараняе Расею. Тым больш закрываюць выбарачна. Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыцьцём межаў. Цяпер у сьвеце штучна створаная сытуацыя, калі чалавек ня можа трапіць дадому. Нам трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб нашы грамадзяне змаглі вярнуцца ў самы бліжэйшы час. Яны павінны быць дома, у бясьпецы».

«Трэба вывезьці расейцаў з Польшчы»

Паводле Лукашэнкі, на польска-беларускай мяжы «скапілася пэўная колькасьць расейцаў», якія ня могуць выехаць з Польшчы на радзіму. У сувязі з гэтым ён даў кіраўніку сваёй адміністрацыі Ігару Сергяенку «пэрсанальнае даручэньне»: «прыцягвайце каго хочаце, але трэба вывезьці расейцаў з Польшчы і дапамагчы ім дабрацца на радзіму».

Дзеля гэтага Лукашэнка даручыў прыцягнуць Міністэрства замежных справаў і праваахоўнікаў, «калі расейцы ня могуць там разабрацца».

«Гэта ня справа, што нашыя браты там сядзяць, зразумела, у якой сытуацыі, — дадаў Лукашэнка. — Трэба ім дапамагчы, як бы ў нас ні складваліся адносіны з расейскімі ўладамі. Людзі ні ў чым не вінаватыя».

***

На даклад у Палац Незалежнасьці прыехалі кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка, дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў, міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік. Таксама паклікалі прадстаўнікоў Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, транспланталёгіі і гематалёгіі, Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі.

Па словах Лукашэнкі, першапачаткова ён хацеў правесьці сустрэчу выключна зь вірусолягамі і эпідэміёлягамі. Але потым вырашыў кола прысутных пашырыць.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG