Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым карысны кітайскі досьвед змаганьня з каранавірусам


У студзені Кітай прыняў беспрэцэдэнтныя захады для абароны насельніцтва ад эпідэміі каранавірусу, якая ўспыхнула ў горадзе Ўхань у правінцыі Хубэй. У ізаляцыі ад астатняй часткі краіны апынуліся 60 мільёнаў чалавек ва Ўханю і 15 іншых гарадах правінцыі.

Неўзабаве пасьля гэтага ўлады ў многіх кітайскіх гарадах загадалі людзям заставацца дома і выходзіць толькі па прадукты харчаваньня і мэдычную дапамогу. Паводле ацэнак, каля 760 мільёнаў чалавек, то бок прыблізна палова насельніцтва краіны, выканалі гэты загад і заставаліся ў сваіх дамах.

У справаздачы, апублікаванай пад канец лютага, Сусьветная арганізацыя здароўя павіншавала Кітай з «унікальнай і беспрэцэдэнтнай рэакцыяй службы аховы здароўя, якая спыніла эскаляцыю выпадкаў [заражэньня]».

Часопіс Nature пагаварыў з эпідэміёлягамі, спрабуючы вызначыць, наколькі досьвед Кітаю ў барацьбе з COVID-19 можа быць карысны для іншых краінаў, якія цяпер таксама змагаюцца з пандэміяй.

Эфэктыўнасьць ізаляцыі

Спачатку навукоўцы меркавалі, што кожны заражаны чалавек будзе перадаваць каранавірус больш чым двум іншым. Раньнія мадэлі распаўсюджаньня хваробы, якія ня бралі пад увагу ізаляцыі агмяню эпідэміі, выказалі здагадку, што вірус SARS-CoV2 заразіць 40% насельніцтва Кітая, то бок каля 500 мільёнаў чалавек.

Але аказалася, што паміж 16 і 30 студзеня, пэрыядам, які ўключаў першыя 7 дзён блякаваньня правінцыі Хубэй, адзін носьбіт вірусу перадаваў яго 1,05 чалавеку. Падаецца відавочным, што захады па ізаляцыя Ўханю і правінцыі Хубэй ад рэшты краіны, спрацавалі, — лічыць Крыстафэр Дай, эпідэміёляг з Оксфардзкага ўнівэрсытэту.

Ці ізаляцыя магла спрацаваць лепш?

Эпідэміёлягі сьцьвярджаюць, што эфэктыўнасьць змаганьня з каранавірусам была б у разы лепшая, калі б улады правінцыі Хубэй не замарудзілі з паведамленьнямі пра выпадкі загадкавай інфэкцыі.

Паводле мадэльных разьлікаў, праведзеных навукоўцамі з Унівэрсытэту Саўтгэмптану ў Вялікай Брытанія, калі б Кітай рэалізаваў свае захады кантролю на тыдзень раней, гэта магло б прадухіліць 67% усіх выпадкаў заражэньня. Выкананьне захадаў на 3 тыдні раней, з пачатку студзеня, дазволіла б скараціць колькасьць інфэкцый да 5% ад агульнай колькасьці.

Забарона на пераезды

Аналізы авіяпералётаў дазволілі экспэртам-эпідэміёлягам выказаць здагадку, што забарона на перамяшчэньні людзей з правінцыі Хубэй запаволіла распаўсюджваньне вірусу, але ненадоўга — прыблізна на чатыры дні.

Забарона авіяпералётаў мела больш істотны ўплыў на міжнародным узроўні, спыніўшы чатыры зь пяці выпадкаў экспарту вірусу з Кітаю ў іншыя краіны на працягу двух-трох тыдняў.

Якія ўрокі для іншых краінаў?

Аналіз змаганьня з COVID-19 у Кітаі дазваляе зрабіць выснову, што раньняе выяўленьне інфэкцыі і ізаляцыя агмянёў эпідэміі — найбольш важныя чыньнікі зьніжэньня выпадкаў захворваньня. У выпадку поўнай адсутнасьці гэтых намаганьняў у Кітаі было б у пяць разоў больш інфэкцый, чым насамрэч.

Паводле апошніх зьвестак, рост новых выпадкаў COVID-19 у Кітаі рэзка запаволіўся, аднак некаторыя перасьцерагаюць, што калі Пэкін цалкам паслабіць захады барацьбы, вірус можа пачаць распаўсюджвацца зноў. Ён нават можа быць уведзены ў Кітай з краінай, у якіх успышкі інфэкцыі пачаліся толькі нядаўна.

Эпідэміёлягі лічаць, што сусьветнаму грамадзтву трэба пачакаць каля васьмі тыдняў пасьля таго, як Кітай узновіць больш-менш нармальную форму грамадзкага жыцьця, каб ацаніць, які насамрэч уплыў мелі абмежаваньні руху насельніцтва на змаганьне з каранавірусам.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG