Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітаю выказаў здагадку, што каранавірус, які выклікае COVID-19, маглі завезьці ў кітайскі Ўхань амэрыканскія вайскоўцы.
Улады Кітаю, паведамляе «Голас Амэрыкі», былі абураныя камэнтарамі прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША, якія абвінавачвалі Пэкін у павольным рэагаваньні на ўспышку каранавірусу і ў недастатковай інфармацыйнай адкрытасьці пры асьвятленьні барацьбы зь вірусам.
У прыватнасьці, 12 сакавіка дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ЗША Робэрт О’Браен заявіў, што павольнасьць, зь якой улады Кітаю адрэагавалі на зьяўленьне каранавірусу, магчыма, каштавала сьвету два месяцы, на працягу якіх іншыя краіны маглі б падрыхтавацца да эпідэміі.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Кітаю Жао Ліцзянь напісаў у сваім «Твітэры», што празрыстасьць адсутнічае якраз у дзеяньнях Злучаных Штатаў.
«Калі ў ЗША зьявіўся нулявы пацыент? Колькі чалавек інфікавана? Назвы лякарняў? Магчыма, эпідэмію ва Ўхань занесла армія ЗША. Будзьце адкрытыя! Апублікуйце свае зьвесткі! ЗША павінны даць нам тлумачэньні», — напісаў Жао Ліцзянь.
Жао Ліцзянь не прывёў ніякіх сьведчаньняў на карысьць абвінавачаньня амэрыканскіх вайскоўцаў ва ўспышцы інфэкцыі ў Кітаі.