Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нью-Ёрку надзвычайнае становішча ў сувязі з каранавірусам​


Мэтраполітэн-музэй у Нью-Ёрку пустуе падчас пандэміі каранавірусу, 10 сакавіка

Успышка каранавірусу парушыла звыклы рытм жыцьця амэрыканцаў: усё больш прафэсійных спартовых лігаў (у ліку якіх NBA і NHL) прыпыняюць сэзоны, тэатры на Брадвэі адмяняюць спэктаклі, а новыя абмежаваньні справакавалі хаос у трансатлянтычных авіяперавозках, расказвае «Голас Амэрыкі».

Штаты Каліфорнія і Нью-Ёрк увялі забарону на масавыя імпрэзы. Закрываецца ўсё больш школаў, музэяў ды іншых установаў.

Мэр Нью-Ёрку Біл дэ Блазыё ў чацьвер абвясьціў надзвычайнае становішча, у той час як колькасьць пацьверджаных выпадкаў захворваньня ў самым населеным горадзе краіны вырасла да 95.

З мэтай запаволіць распаўсюд віруснай інфэкцыі ў штаце Нью-Ёрк з 17:00 у пятніцу забароненыя імпрэзы колькасьцю звыш 500 чалавек, абвясьціў на прэс-канфэрэнцыі губэрнатар Эндру Куома. Установы, якія зьмяшчаюць да 500 чалавек, зь пятніцы павінны ўдвая скараціць колькасьць наведнікаў.

Што яшчэ адбываецца ў сьвеце

  • Латвія ўвяла надзвычайнае становішча праз пандэмію каранавірусу, яно будзе дзейнічаць ад 13 сакавіка да 14 красавіка. Навучаньне да канца надзвычайнага становішча будзе дыстанцыйным, масавыя мерапрыемствы на больш як 200 удзельнікаў забароненыя, латышам не рэкамэндуюць езьдзіць за мяжу.
  • Літва на пяць тыдняў закрыла дзіцячыя садкі і школы, забараніла ўсе мерапрыемствы ў закрытых памяшканьнях на больш як 100 чалавек і мерапрыемствы на вольным паветры.
  • Польшча закрыла на два тыдні дзіцячыя садкі, перавяла школы і ўнівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне, прыпыніла працу тэатраў і канцэртных заляў.
  • Армэнія закрыла на карантын усе навучальныя ўстановы, тэрміны карантыну пакуль ня вызначылі.
  • Нямеччына забараніла ўсе масавыя мерапрыемствы на больш як 1000 удзельнікаў і «ўсе неабавязковыя мерапрыемствы» з нават меншай за тысячу колькасьцю ўдзельнікаў. Швэцыя забараніла ўсе масавыя мерапрыемствы на больш як 500 удзельнікаў. Казахстан — проста ўсе масавыя мерапрыемствы без удакладненьня пра колькасьць удзельнікаў.
  • Італія зафіксавала надзвычай вялікую колькасьць новых выпадкаў COVID-19: плюс тры тысячы з 11 да 12 сакавіка.
  • Нарвэгія ўвяла 14-дзённы карантын для тых, хто з канца лютага прыехаў зь нескандынаўскіх краінаў, нарвэскія ўлады не рэкамэндуюць турыстам наведваць краіну.
  • Кітай: колькасьць новых інфэкаваных амаль перастала расьці, колькасьць актыўных выпадкаў спадае. Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітаю выказаў здагадку, што COVID-19 нібыта мог быць завезены ў кітайскі Ўхань амэрыканскімі вайскоўцамі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG