Тэлеканал СТВ у рэпартажы пра сёньняшнія кадравыя прызначэньні кіраўніка Беларусі паказаў парады Аляксандра Лукашэнкі новым прызначэнцам наконт змаганьня з каранавірусам.
Лукашэнка чарговы раз нагадаў, што варта часьцей мыць рукі і дадаў: «Я чалавек непітушчы, але ў апошні час жартам кажу, што гарэлкай трэба ня толькі рукі мыць!». Ён заклікаў «труціць» вірус гарэлкай, «але не на працы».
Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што ў Беларусі назапашана шмат мэдычных масак: «Пашылі — падзець няма куды!.. У Нямеччыне не хапае спэцадзеньня, масак. Трэба прадаць іх, калі на іх ёсьць попыт».
«Трэба проста працаваць. Асабліва цяпер, на вёсцы. Прыемна глядзець па тэлевізары — людзі на трактары працуюць, ніхто ня кажа пра вірусы — там трактар вылечыць усіх, поле ўсіх лечыць!»
У Беларусі сёньня быў прызначаны новы міністар сельскай гаспадаркі, абноўленыя мясцовая вэртыкаль і дыпляматычны корпус.