Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі дзяцей адправілі на датэрміновыя вакацыі. У Беларусі адмовіліся


Усе расейскія школы адправяць на канікулы ад 23 сакавіка да 12 красавіка ў сувязі з пандэміяй новага каранавірусу. У Беларусі пакуль прытрымліваюцца плянавых тэрмінаў: ад 30 сакавіка да 4 красавіка.

Міністэрства асьветы Расеі вырашыла 18 сакавіка абвясьціць датэрміновыя вакацыі, а таксама наладзіць падтрымку дыстанцыйнага навучаньня школьнікаў, адкрыць новыя адукацыйныя рэсурсы.

Датэрміновую здачу Адзінага дзяржаўнага экзамэну (ЕГЭ — камбінацыя выпускнога іспыту і ЦТ на наступную ступень адукацыі) перанесьлі на асноўны этап тэставаньня.

У Расеі на момант публікацыі вядома пра 114 выпадкаў COVID-19 (ніхто не памёр, 8 выпісалі здаровымі). У Беларусі ў той жа час вядома пра 51 выпадак (ніхто не памёр, 5 выпісалі здаровымі). На душу насельніцтва ў Расеі ў пяць разоў менш выпадкаў новага каранавірусу.

Беларускае Міністэрства адукацыі разглядала перанос вакацый на ранейшы тэрмін, але адмовілася. Паводле міністра Ігара Карпенкі, «ніякіх падставаў для гэтага няма, усе навучальныя ўстановы павінны працаваць у штатным рэжыме».

Таксама Мінадукацыі Беларусі адмовілася ад патрабаваньня перавесьці ўнівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне і эмацыйна адказала ў сваім Telegram-канале на пэтыцыю з 16 тысячамі подпісаў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

22 новыя адказы пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG