Лукашэнка пра Менск: «Прыгожы гарадок, ды вось жа няймецца некаму». Каму, не сказаў

Анатоль Сівак і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Анатоль Сівак і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 2 чэрвеня сустрэўся са старшынём Менскага гарвыканкаму Анатолем Сіваком, абмеркаваў будаўніцтва раёну «Минск-мир», перанос гістарычнага музэю і магчымасьць будаўніцтва новай лякарні.

Таксама, як піша БелТА, ён «пацікавіўся сытуацыяй у горадзе» і сказаў, што чакае ад Сівака і праваахоўнікаў «поўнага парадку», бо «няймецца некаму». Што адказаў кіраўнік Менску, не паведамляецца. Поўнае відэа пытаньня Лукашэнкі пазьней апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі:

«Ні ў якім разе нельга перашкаджаць людзям жыць, — казаў Лукашэнка. — Я вось так гляджу на іх: чысьценькія, прыбраныя. Зручны, утульны і прыгожы гарадок (у арыгінале „гарадзішка“. —​ РС). Можна і зь дзеткамі недзе прагуляцца, і на роварнай дарожцы пракаціцца, і на лыжаролерную трасу схадзіць, і спортам займайся — не хачу. Ды вось жа няймецца некаму!»

Каму «няймецца», не перадаюць ні афіцыйныя, ні неафіцыйныя каналы. Але днём раней Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і казаў яму, што «Майданаў у Беларусі ня будзе». Ён паабяцаў «нікому не закрываць рот», а для выказваньня пазыцыі прапанаваў ісьці на кухні або на шэсьць «бангалораў».

Сівак: на зборы подпісаў «правакуюць беспарадкі»

Сівак адказаў Лукашэнку, што ў горадзе падчас збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты «фіксуюцца факты, калі мэта ня збор подпісаў, а зусім іншая – каб правакаваць беспарадкі», «абразы гучаць».

«Гэтая сытуацыя знаходзіцца пад нашым жорсткім кантролем і далей будзе кантралявацца, будуць прымацца захады, каб не дапускаць парушэньняў заканадаўства», – паабяцаў Сівак Лукашэнку.

Збор подпісаў якіх прэтэндэнтаў «правакуе беспарадкі», ён не сказаў.

​
XS
SM
MD
LG