Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску паабяцалі «індывідуальны падыход да кожнага дрэва» перад зрэзам

Працэдуру краніраваньня абяцаюць пераглядзець, а пытаньні зрэзу і абрэзкі кожнага дрэва хочуць вырашаць «на ўзроўні гарвыканкаму».

У час прамой лініі старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак адказаў на пытаньне менчука аб нерацыянальным абразаньні дрэваў, ад якога «горад можа ператварыцца ў пустэльню», піша БелТА.

Сівак адзначыў, што праблему вывучаюць у гарвыканкаме, і падыходы да працы з дрэвамі трэба мяняць. Ён даў заданьне «Зеленбуду» дасьледаваць пытаньне неабходнасьці зразаньня і абрэзкі дрэваў.

«Павінен быць індывідуальны падыход да кожнага дрэва, варта ўлічваць мэтазгоднасьць такой працы, — заявіў Сівак. — Пытаньні зрэзу кожнага дрэва павінны прымацца на ўзроўні Менгарвыканкаму.

Магчыма, будзе паменшаная сума фінансаваньня на гэтыя віды работаў, каб сродкі выкарыстоўваліся эфэктыўна і рацыянальна».

Таксама Сівак паабяцаў, што зьменяцца падыходы да пасадкі дрэваў, «каб не было такой праблемы: сёньня саджаем дрэвы, заўтра іх трэба выдаляць праз пракладку цеплатрасы».

Падобныя абяцаньні — «зьвесьці да мінімуму высяканьне дрэваў» — улады давалі і ў мінулым годзе. Але пасьля такога абяцаньня высякаць пачалі, напрыклад, частку Грушаўскага сквэру. «Спыніць разбой» з высечкай дрэваў Аляксандар Лукашэнка загадваў яшчэ ў 2017-м.

Такой практыкі, каб высяканьне кожнага дрэва ўзгаднялася гарвыканкамам, раней ня ўводзілі, але пра той жа Грушаўскі сквэр Лукашэнку дакладала кіраўніца ягонай адміністрацыі.

Праблема высяканьня і абрэзкі дрэваў не ўнікальная толькі для сталіцы. Напрыклад, летась пракуратура выстаўляла прэтэнзіі 18 службовым асобам Магілёва за «амаладжэньне дрэваў» праз радыкальнае краніраваньне.

XS
SM
MD
LG