Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ратавацца трэба было, як высякалі дрэвы». У Магілёве хаваюцца «зялёным шчытом» ад хімічных прадпрыемстваў


«Омск Карбон Магілёў», які зьбіраюцца запусьціць у 2019 годзе", і ахоўная лесапаласа перад ім
«Омск Карбон Магілёў», які зьбіраюцца запусьціць у 2019 годзе", і ахоўная лесапаласа перад ім

2300 саджанцаў клёну і бярозы высадзілі пад Магілёвам, каб абараніць ад нэгатыўнага ўзьдзеяньня хімічных вытворчасьцяў прылеглыя паселішчы.

Мясцовыя жыхары і эколягі настойваюць, што гэтыя прадпрыемствы носяць шкоду здароўю людзей і навакольнаму асяродзьдзю.

Экалягічны актывіст: «Каб цалкам аднавіць зьнішчаную лесапаласу, патрэбныя яшчэ 5-7 тысяч дрэваў»

12 кастрычніка бярозы і клёны талакой высаджвалі ў пасёлку Вейна і ўздоўж Гомельскай шашы — мяжы пляцоўкі з хімічнымі вытворчасьцямі.

Лідэр ініцыятывы «Здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў называе гэтую экалягічную акцыю «Зялёны шчыт». Ён сьцьвярджае, што ідэю масавай высадкі дрэваў прапанавалі камітэту аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя экалягічныя актывісты.

Высадкай кампэнсуецца частка высечанай лесапаласы. На думку Андрэя Бодзілева, каб цалкам аднавіць яе, патрэбныя 5-7 тысяч дрэў. Ён кажа, што найбольш эфэктыўна паглынаюць хімічныя рэчывы хваёвыя пароды, таму менавіта іх актывісты раілі высаджваць камітэту аховы прыроды.

Маладое пакаленьне пасёлку Вейна, якому «радавацца» высаджаным талакою дрэвам
Маладое пакаленьне пасёлку Вейна, якому «радавацца» высаджаным талакою дрэвам

Пацьвердзіць словы Бодзілева пра эфэктыўнасьць хваёвых парод на месцы правядзеньня талакі не ўдалося. Спэцыялісты камітэту выбар бярозы і клёну патлумачылі тым, што яны лепей прыжываюцца і растуць.

Жыхар Вейна: думаць пра ўратаваньне трэба было, калі высякалі паўвекавыя дрэвы

Жыхары Вейна вінавацяць уладу, што яна дазволіла разьмяшчаць вытворчасьці, не пралічыўшы небясьпекі. На іх думку, высаджанае «калі і ўратуе, то гадоў празь пяць, стаўшы дрэвамі».

«Думаць пра ўратаваньне трэба было тады, калі сьпілавалі лесапаласу. Сьсеклі 50-гадовы лес за два месяцы, а цяпер прапануюць чакаць, калі вырастуць саджанцы, дык гэта сьмеху варта. Можа нашы дзеці і ўнукі парадуюцца», — сумна камэнтуе пасялковец свой удзел у акцыі.

Вейнянцы кажуць, што на месцы, дзе цяпер разьмешчаны хімічныя вытворчасьці, быў высаджаны гай, як шчыт ад узьдзеяньня найвялікшага ў Магілёве прадпрыемства «Хімвалакно». Лес высеклі пад пляцоўку № 4 свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў».

Завод хімічнага вугляроду ад Вейна меней чым за кілямэтар
Завод хімічнага вугляроду ад Вейна меней чым за кілямэтар

Сьсечаныя хваёвыя абяцалі кампэнсаваць ліставым лесам

Раней між пляцоўкай, на якой узьведзеныя ці яшчэ ўзводзяцца дзясятак хімічных вытворчасьцяў, і паселішчамі Вейна і Навасёлкі была ахоўная лесапаласа, але яе істотна прарэдзілі, а месцамі цалкам высеклі.

Чыноўнікі сьцьвярджалі, што пад пілу пайшлі хваёвыя дрэвы, пашкоджаныя жукамі караедамі. Дзялянкі абяцалі засадзіць ліставым лесам.

Прарэджаная лесапаласа з хваёвых засаджваецца ліставымі пародамі дрэў
Прарэджаная лесапаласа з хваёвых засаджваецца ліставымі пародамі дрэў

Занепакоенасьць станам навакольная асяродзьдзя абвастрылася, калі жыхары пасёлку Вейна зафіксавалі выкід у атмасфэру вялікага аб’ёму сажы. Як яны сьцьвярджаюць, адбылося гэта ў ноч з 17 на 18 лістапада 2018 году.

Паводле іх, навакольнае асяродзьдзе забрудзіла прадпрыемства з расейскім капіталам «Омск Карбон Магілёў» падчас пробнага запуску вытворчасьці тэхнічнага вугляроду.

Тады намесьнік старшыні камітэту прыродных рэсурсаў Канстанцін Цеплякоў у пісьмовым адказе жыхарам паведаміў, што ў пасёлку выяўлена перавышэньне нарматыву цьвёрдых часьцінак у 40 разоў. Пры нарматыве 17,01 мг/м³ фактычная колькасьць гэтых часьцінак была 690,17 мг/м³.

Цяпер вейнянцы з трывогаю чакаюць запуску прадпрыемства. Паведамляецца, што гэта мае адбыцца сёлета ў чацьвёртым квартале.

Сьцісла пра завод і грамадзкі пратэст супраць яго

  • Прадпрыемства з расейскім капіталам пачалі ўзводзіць у 2014 годзе на пляцоўцы № 4 Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» за кілямэтар ад паселішчаў Вейна і Навасёлкі і гарадзкой мяжы абласнога цэнтру. Акрамя гэтага прадпрыемства, на пляцоўцы працуюць ці будуюцца яшчэ шэраг хімічных прадпрыемстваў.
  • У будаўніцтва прадпрыемства ўкладзена 135 мільёнаў эўра. Першую чаргу зьбіраліся запусьціць у сакавіку 2019 году.
  • Узьвядзеньне суправаджаецца грамадзкімі пратэстамі. Сваю нязгоду з будаўніцтвам прадпрыемства жыхары паселішчаў выказвалі на грамадзкіх сходах і зьбіраючы подпісы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG