Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія апазыцыянэры сабралі 1000 подпісаў супраць запуску хімічнага прадпрыемства


Подпісы супраць заводу «Омск Карбон Магілёў»
Подпісы супраць заводу «Омск Карбон Магілёў»

Больш за 1000 подпісаў назьбіралі магілёўскія актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі за забарону ўводзіць у эксплюатацыю завод з расейскім капіталам па вырабе тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў».

Апазыцыянэры заяўляюць, што гэтым яны распачынаюць выбарчую кампанію за дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў. Яе лёзунг — «Стоп „Омск Карбон“».

Чаму апазыцыянэры лічаць, што «Омск Карбон Магілёў» ня трэба запускаць

Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў і патэнцыйная вылучэнка на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Тацяна Сівачэнка кажуць, што сабраныя подпісы — «гэта пратэст людзей, якіх улада ня чуе і якім перашкаджае свабодна жыць і дыхаць».

Журналістам на прэсавай канфэрэнцыі яны прадставілі 1003 подпісы, якія зьбіралі ў самім Магілёве, а таксама ў пасёлку Вейна і вёсцы Навасёлкі, што за кілямэтар ад хімічнага прадпрыемства.

Партыйцы называюць наступныя прычыны, чаму, на іх погляд, нельга ўводзіць завод у эксплюатацыю:

  • шматразовае перавышэньне дапушчальных нормаў выкіду шкодных рэчываў падчас пробнага запуску;
  • адсутнасьць дасьледаваньняў узьдзеяньня на чалавека часьцінак вугляроду, насычаных хімічнымі рэчывамі;
  • адсутнасьць неабходных сродкаў кантролю за выкідамі.

Сабраныя подпісы актывісты занесьлі старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Леаніду Зайцу, а таксама накіруюць у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Калі запусьцяць завод?

Паводле Тацяны Сівачэнкі, 7 жніўня на прыёме ў старшыні абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Мікалая Дзядкова было заяўлена, што прадпрыемства «Омск Карбон» бліжэйшым часам не запусьцяць, бо яго кіраўніцтва не падало дакумэнты на паўторную экалягічную экспэртызу. Старшыня камітэту не ўдакладніў, калі завод могуць увесьці ў эксплюатацыю.

21 жніўня генэральны дырэктар «Омск Карбон Магілёва» Марат Ізгібаеў падчас прэс-туру даводзіў, што пускавы комплекс апрабуюць у пэрыяд зь верасьня па лістапад 2019 году. Ён запэўніваў, што прадпрыемства адпавядае сучасным патрабаваньням экалягічнай бясьпекі і што пагрозаў забруджваньня навакольнага асяродзьдзя няма.

Неўзабаве пасьля прэс-туру стала вядома, што Рэспубліканскі цэнтар дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы Мінпрыроды адмовіўся выдаць заводу «Омск Карбон Магілёў» заключэньне на павелічэньне гадавой магутнасьці з 160 да 200 тысяч тон.

Сьцісла пра завод і грамадзкі пратэст супраць яго

  • Прадпрыемства з расейскім капіталам пачалі ўзводзіць у 2014 годзе на пляцоўцы № 4 Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» за кілямэтар ад паселішчаў Вейна і Навасёлкі і гарадзкой мяжы абласнога цэнтру. Акрамя гэтага прадпрыемства, на пляцоўцы працуюць ці будуюцца яшчэ шэраг хімічных прадпрыемстваў.
  • У будаўніцтва прадпрыемства ўкладзена 135 мільёнаў эўра. Першую чаргу зьбіраліся запусьціць у сакавіку 2019 году.
  • Узьвядзеньне суправаджаецца грамадзкімі пратэстамі. Сваю нязгоду з будаўніцтвам прадпрыемства жыхары паселішчаў выказвалі на грамадзкіх сходах і зьбіраючы подпісы.
  • Пратэст абвастрыўся, калі ў ноч з 17 на 18 лістапада 2018 году прадпрыемства выкінула ў атмасфэру вялікі аб’ём сажы. Тады было выяўлена перавышэньне нарматыву цьвёрдых крупінак у 40 разоў.
  • Факт забруджваньня навакольнага асяродзьдзя на прадпрыемстве не прызнаюць. Заяўляюць, што гэта быў попел з суседняй ЦЭЦ-5.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG