Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў «спыніць разбой» з высечкай дрэваў. Матолька: «Хацелася б верыць»


Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка абурыўся неабгрунтаваным ушчыльненьнем забудовы і высяканьнем дрэваў, перадае БелТА.

«Сродкі масавай інфармацыі, як бы яны вамі не былі прыкормленыя, усё часьцей гавораць пра скандалы, пачынаючы ад Гомлю і заканчваючы Менскам, з насельніцтвам з нагоды зносу дрэваў, — казаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай праекту новага Жыльлёвага кодэксу. — Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць незразумела што, араць. Замест таго, каб парк дзесьці закласьці або ў парадак прывесьці, вы пачынаеце штампаваць жыльлё. Месца няма, дзе жыльлё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт спарадзіць з насельніцтвам?»

Кіраўнік Беларусі параіў чыноўнікам «перасяліцца ў гэты дом і жыць там, а побач пабудаваць гмах на 12 паверхаў, каб ваш дом апынуўся ў двары гэтага гмаха». «Абавязкова трэба канфлікт нейкі ўчыніць», — сказаў ён.

«І потым, вы саджалі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? — пытаў Лукашэнка. — Кожны чалавек імкнецца выйсьці, каб настрой у яго быў, на дрэвы гэтыя паглядзець. Не, усё пілуем. Мы, маўляў, новыя пасадзім недзе. Гэта вы ў сябе ў двары сьпілавалі векавых дрэў і пасадзіце там дрэва з кукіш, і якая будзе ад гэтага карысьць?.. Трэба спыніць гэты разбой! Ці бачыце, дрэва ўпадзе на дарогу. Ну, упадзе — прыбяром. Калі зыходзіць з гэтага, трэба выпілаваць усе паркі ў гарадах».

«На людзей трэба трошкі зьвяртаць увагу»
Аляксандар Лукашэнка

Таксама Лукашэнка расказаў, што даручыў сваёй службе бясьпекі разабрацца з гэтым пытаньнем, але атрымаў адказ, што пры ўшчыльненьні і высечцы дрэваў у раёне Менскага трактарнага заводу спасылаліся на тое, што па такой вуліцы Лукашэнка езьдзіць, а па такой не, таму першую вуліцу чапаць нельга. Ён спытаў, ці наўмысна яго так падстаўляюць перад насельніцтвам, і дапусьціў, што «можа быць, і [старшыня Менгарвыканкаму] Шорац там за гэтым стаіць».

Лукашэнка загадаў разглядаць ягоныя словы як «жэстачайшае ўказаньне наконт працы», бо «на людзей трэба трошкі зьвяртаць увагу».

Матолька: «У шмат якіх краінах сочаць за станам дрэваў, а ў нас пасадзілі-абрэзалі-высеклі»

Актывіст і блогер Антон Матолька кажа Свабодзе, што тое, пра што казаў Лукашэнка, на дзіва адпавядае таму, што казаў ён сам і людзі ў сацсетках апошнія некалькі гадоў:

Антон Матолька на грамадзкім абмеркаваньні забудовы менскага раёну Асмалоўка
Антон Матолька на грамадзкім абмеркаваньні забудовы менскага раёну Асмалоўка

«Людзі, якім неабыякавы Менск, пастаянна казалі, што пры высяканьні старых дрэваў высаджваюцца гэтыя дубчыкі 1-2 мэтры вышынёю. Праз кепскую экалёгію і выкарыстаньне рэагентаў гэтыя дрэвы ў даволі вялікай колькасьці не прыжываюцца. Пра гэта казаў у тым ліку і Камітэт прыродных рэсурсаў Менску. Шматлікія менчукі кажуць, што цэнтар гораду пазбаўляецца дрэваў у вялікай колькасьці. І гэта відаць.

Ці будуць ад гэтага станоўчыя наступствы? Хацелася б верыць. Бо ў нас жа як: Лукашэнка скажа што-небудзь — і ўсе адразу пачынаюць выконваць. Даўно прапаноўвалі рабіць вялікія круглыя сталы аб праблеме азеляненьня ў горадзе, пра тое, дзе дрэвы высаджваюцца, як высаджваюцца, які адсотак прыжывальнасьці.

Прапаноўваліся розныя варыянты, у тым ліку пасадка дрэваў буйных памераў, прапаноўвалася і паляпшэньне кантролю за іх станам. Тыя дакумэнты, што атрымліваюць на высечку дрэваў, больш-менш лягічныя: дрэва захварэла, высахла, яшчэ нешта. Але не праводзіцца аналіз, зь якой гэта прычыны. У шмат якіх краінах сочаць за станам дрэваў, а ў нас пасадзілі-абрэзалі-высеклі. Вялікае пытаньне, колькі на гэта траціцца грошай.

Таму надзея хоць нейкая зьявілася, што на гэта хаця б зьвярнулі ўвагу. Мо спадар Шорац пасьля такіх заяваў пачне хаця б візуальна працаваць у гэтай сфэры».

Ушчыльненьнямі абураліся і грамадзяне, і Мінкульт

У Беларусі ня раз здараліся канфлікты з нагоды ўшчыльненьня забудовы, якое мясцовыя жыхары лічылі неабгрунтаваным: у Менску масава пратэставалі супраць зносу Асмалоўкі, ушчыльненьня Зялёнага Лугу, перасяленьня зь Сельгаспасёлку, высечкі лесу ў Бараўлянах... Канфлікты адбываюцца ня толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах: напрыклад, жыхары Воршы пратэставалі супраць будаўніцтва дарогаў на магілах ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, а жыхары Мазыра пагражалі легчы пад тэхніку, каб спыніць ушчыльненьне.

Топ-5 перамог і паразаў у змаганьні з будаўнікамі

Міністэрства культуры выказвала абурэньне з нагоды таго, што Менгарвыканкам бяз згоды Мінкульту выносіць на грамадзкае абмеркаваньне праекты забудовы, якія могуць пагражаць гісторыка-культурным каштоўнасьцям ці навакольнаму асяродзьдзю. Гаворка ішла пра ўшчыльненьне «варотаў гораду» на Прывакзальнай плошчы Менску, супраць якога пратэставалі ад 2015 году.

Раней Міністэрства культуры адхрысьцілася ад адказнасьці за забудову пляцоўкі ля мэмарыялу ў Курапатах — дэпутат Ігар Марзалюк наўпрост абвінавачваў Мінкульт у канфлікце будаўнікоў і актывістаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG