Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асмалоўка: 3500 супраць зносу, 14 — за. Матолька і Харэўскі супраць «Менскграда» і Зісера


Старыя дамы ў Асмалоўцы

Менскія чыноўнікі вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне распрацаваны кампаніяй «Менскграда» праект, які прадугледжвае знос старых дамоў раёну Асмалоўкі і пабудову новых. Матэрыялы будуць прэзэнтаваныя ў будынку адміністрацыі 26 чэрвеня а 18:30, абмеркаваньне будзе доўжыцца з 23 чэрвеня па 17 ліпеня. Праект быў успрыняты неадназначна, у многіх выклікаў абурэньне, але і знайшоў падтрымку.

Бітва пэтыцыяў

У дзень, калі быў апублікаваны праект, на сайце Petitions.by зьявілася пэтыцыя супраць зносу дамоў у Асмалоўцы. На момант публікацыі звыш 3500 чалавек падпісаліся пад тым, што лічаць неабходным захаваць раён Асмалоўка як з архітэктурнага, культурнага і сацыяльнага пунктаў гледжаньня, так і з экалягічнага.

Восеньню мінулага году 704 чалавекі падпісалася пад пэтыцыяй за прызнаньне Асмалоўкі гістарычным помнікам. Але не падобна, каб тая пэтыцыя неяк зьмяніла справу: ад восені ў Мінкульце абмяркоўваюць, ці надаваць Асмалоўцы статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, але вынікі дагэтуль не агучаныя.

На наступны дзень па публікацыі пляну зьявілася і пэтыцыя за знос Асмалоўкі. На момант публікацыі ў падтрымку зносу падпісаліся 14 чалавек. Яны мяркуюць, што раён трэба зьнесьці, каб «зрабіць горад больш сучасным і зручным для жыцьця».

Паводле пляну, усе двухпавярховыя будынкі ў раёне Асмалоўкі будуць зьнесеныя, на іх месцы ў два этапы да 2030 году маюць збудаваць 5-6-павярховыя дамы з крамамі і падземнымі аўтастаянкамі. Пасярод раёну заплянаваная крытая гандлёвая вуліца. Колькасьць насельніцтва плянуецца павялічыць зь цяперашніх 1800 да 3400 чалавек.

Матолька: рашэньне не прынятае, гэта адзін з варыянтаў, які апублікавалі, бо мусілі

У дзень публікацыі пляну блогер Антон Матолька трапіў на прыём да кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску Ігара Бузоўскага. Пра вынікі ён распавёў на Facebook і перадаў падрабязнасьці гутаркі на rfrm.io.

Як сьцьвярджае Матолька, у адміністрацыі заяўляюць, што рашэньне пра знос не прынятае, «гэта толькі прапанова як адзін з канцэптаў разьвіцьця гэтага кварталу». Праект прэзэнтуюць проста таму, што ён зроблены і па ім трэба даць справаздачу. Блогер прапануе прыходзіць на прэзэнтацыю праекту і «тузаць» Міністэрства культуры, якое разглядае наданьне Асмалоўцы ахоўнага статусу.

Як кажа Матолька Свабодзе, за два дні з той гутаркі істотных падзеяў у пытаньні Асмалоўкі не адбылося.

Зісер: «Навошта гэтыя баракі ў цэнтры?»

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, аўтар кнігі «Асмалоўка: дамы і мары» выказаўся на старонках «Нашай нівы» супраць зносу Асмалоўкі і назваў пяць прычынаў яе ня зносіць: для людзей гэтыя дамы — сямейная памяць; архітэктурны ансамбаль мае міжнародную каштоўнасьць; у дамах жыла безьліч выдатных дзеячоў і мастакоў; раён засаджаны ўнікальнымі дрэвамі; зацішны раён стаў месцам спакойнага адпачынку.

Яму запярэчыў стваральнік Tut.by Юры Зісер, да якога газэта зьвярнулася па камэнтар. Зісер мяркуе, што праціўнікі зносу дзейнічаюць проста на злосьць гарадзкім уладам:

Юры Зісер
Юры Зісер

«Знайшлі мне спадчыну! — дзівіцца Зісер. — Я разумею, калі б там зьбіраліся зносіць гістарычныя дамы на Інтэрнацыянальнай ці Ракаўскую... Я б гарой стаў! А баракі гэтыя... Ня ведаю, за што тут змагацца?»

Зісер прапануе сваё бачаньне разьвіцьця гораду: штучна «састарыць» будынкі Траецкага прадмесьця, зьнесьці шэры гмах над Нямігай і на ягоным месцы ўзнавіць рынак, рэканструяваць абарончую сьцяну на Нямізе, зрабіць вуліцу Леніна пешаходнай і перанесьці зь яе аўтамабільны рух у тунэль. У сацсетках жа зьвяртаюць увагу, што Зісера можна лічыць экспэртам у бізнэсе, ІТ, СМІ і нават арганнай музыцы, але не ў архітэктуры.

Шэраг менчукоў падхапілі жарт карыстальніка Twitter @mojo_fm: маўляў, праз 100 гадоў дамы Каменнай горкі таксама будуць лічыць такой жа каштоўнасьцю, як цяпер Асмалоўку.

Тым часам старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч нагадвае прыхільнікам і праціўнікам зносу Асмалоўкі пра верхавенства закону: пакуль статус каштоўнасьці Асмалоўцы не нададзены, але і прапанова не адхіленая; Кодэкс аб культуры загадвае мясцовым уладам і ўласьнікам «прымаць захады ў прыпыненьні работ або iншай дзейнасьцi, якiя могуць аказаць узьдзеяньне на матэрыяльную культурную каштоўнасьць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG