Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ляжам на зямлю перад брамай, але тэхніку ня пусьцім!», — у Мазыры працягваюць пратэставаць супраць будаўніцтва ў двары новага дома


Уезд на будоўлю заблякавалі добраахвотныя вартаўнікі
Уезд на будоўлю заблякавалі добраахвотныя вартаўнікі

Два месяцы цягнецца ў Мазыры змаганьне жыхароў чатырох шматпавярховікаў на вуліцах Пралетарскай, Няжнова, Першамайскім завулку супраць будаўніцтва ў іх супольным двары новага 40-кватэрнага жылога дома. Кожны дзень яны выстаўляюць варту перад агароджанай пляцоўкай, каб не прапусьціць сюды цяжкую тэхніку будаўнікоў для рыцьця катлавану.

«Ляжам на зямлю — тэхніку ня пусьцім»

Адна з змагарак супраць ушчыльненьня дваровай тэрыторыі, пэнсіянэрка Ганна Неўмяржыцкая заяўляе: «Ляжам на зямлю перад брамай, але тэхніку ня пусьцім!»

Два месяцы запар 6–8 жыхароў штодня заступаюць на вахту вартаўнікамі, каб не пусьціць будаўнікоў усярэдзіну агароджанай пляцоўкі. Тую агароджу будаўнікі мінулай восеньню ставілі ў прыцемках, але не пазьбеглі абурэньня гараджанаў і тлумачэньняў з выкліканымі супрацоўнікамі міліцыі.

Цяпер побач з агароджай, акурат пад пашпартам меркаванага панэльнага дома, зьявілася нават старэнькая канапа, каб вартаўнікі зь ліку жыхароў мясцовых дамоў маглі пасядзець. Хто прыцягнуў канапу да фарпосту — мазырчукі ня ведаюць.

Канапа для вартаўнікоў
Канапа для вартаўнікоў

«Учора я й яшчэ пяцёра чалавек дзяжурылі з васьмі раніцы да 14 гадзінаў. Бачым, што ніякага руху каля будоўлі няма, ну й пайшлі рыхтавацца да Калядаў, — кажа спадарыня Ганна. — Сёньня ж Нараджэньне Хрыстова, вялікае сьвята. На вуліцы сёньня не дзяжурым — у будаўнікоў жа таксама выходны. Назіраем толькі са сваіх вокнаў за пляцоўкай. У нядзелю зранку зноў адновім свой авангардны пост, каб нас не абхітрылі».

Генэральны плян забудовы ўціхую падкарэктавалі

Штодзённае дзяжурства мясцовыя жыхары зладзілі, калі камунальнікі прабраліся за агароджу й сьпілавалі 37 дрэваў, якія ў свой час пасадзілі мясцовыя жыхары, каб аздобіць свой двор і адзіную на ўсю акругу дзіцячую пляцоўку. Акурат на гэтым месцы гарадзкія ўлады й наважыліся пабудаваць 40-кватэрны жылы дом на адзінаццаць паверхаў. Заказчыкам яго выступае ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Мазырскага райвыканкаму, падрадчыкам — Мазырскі домабудаўнічы камбінат.

Людзей абурыла тое, што ўлады ўціхую падкарэктавалі генэральны плян забудовы гораду, перасунуўшы ўзьвядзеньне буйнапанэльнага дому ў цэнтар невялікага двара, які служыў зонай адпачынку. Гараджане сьцьвярджаюць, што зроблена гэта дзеля таго, каб зьменшыць выдаткі на камунікацыі і атрымаць прэміі. Бо на генпляне, зь якім жыхары пазнаёміліся ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, пазначана, што яшчэ адзін дом можа ўзводзіцца на ўскрайку двара, пэрпэндыкулярна дому № 53, што на Пралетарскай вуліцы.

Ня быць староньнімі сузіральнікамі

Яшчэ больш падагрэў пратэставы настрой гараджанаў ліст намесьніка старшыні Мазырскага райвыканкаму Ўладзімера Быстрэнкі на пісьмовы запыт тутэйшых жыхароў: маўляў, наконт будаўніцтва дома праводзіліся грамадзкія слуханьні ў 2012 і 2015 гадах, але «заяў супраць будаўніцтва дома не паступала».

Пры канцы лістапада, бачачы марнасьць ліставаньня з раённымі ды абласнымі структурамі, амаль чатырыста мазырчукоў падпісалі пэтыцыю ў Адміністрацыю прэзыдэнта, у якой выказалі нязгоду зь дзеяньнямі мясцовых чыноўнікаў. Але пратэставае пасланьне пераслалі на рэагаваньне ў Гомель.

Дрэвы ў двары камунальнікам удалося зьнішчыць
Дрэвы ў двары камунальнікам удалося зьнішчыць

Наведваліся жыхары Пралетарскай вуліцы і Першамайскага завулку і да новапрызначанай старшыні Мазырскага райвыканкаму Алены Паўлечкі, але той паход нейкіх вынікаў ня меў.

Чатыры разы мясцовыя жыхары беспасьпяхова спрабавалі праз тэлефанаваньні запісацца на асабісты прыём да старшыні Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімера Дворніка — ён пераведзены «на вобласьць» менавіта з Мазыра. Нарэшце, 5 студзеня, група мазырчукоў без усялякіх папярэджаньняў прыехала ў аблвыканкам з кіпай фотаздымкаў, адказаў раённых і абласных чыноўнікаў на скаргі жыхароў: новы дом ставяць за пятнаццаць крокаў пад’езд ад пад’еду.

Удзельнікі сустрэчы расказваюць, што старшыня аблвыканкаму быў зьдзіўлены фактам спілоўваньня 37 дрэваў — чыноўнікі паказвалі двор як пустку. Губэрнатар паабяцаў вывучыць сытуацыю і даць адказ 17 студзеня.

«Маразы не маразы, а да гэтага часу будзем стаяць на варце кожны дзень!» — у адзін голас цьвердзяць мазырчукі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG