Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бараўлянскі супраціў» сфармуляваў пытаньні да ўладаў


Ініцыятыўная група грамадзянаў, якая прадстаўляе інтарэсы больш як 5 тысяч жыхароў Бараўлянскага сельскага савету, зьвярнулася з адкрытым лістом да ўладаў і грамадзкасьці.

Як паведамляла Свабода, людзі пратэстуюць супраць высяканьня лесу па суседзтву зь іхнымі дамамі і будаваньня на вызваленым месцы абʼектаў сацкультбыту. Яны не адмаўляюць, што інфраструктуру трэба паляпшаць, але лічаць, што ўзводзіць дзіцячыя садкі, школы, паліклінікі трэба побач з ужо абжытымі дзялянкамі, а не на месцы зьнішчанага лесу. Такіх участкаў, на іх перакананьне, больш чым дастаткова вакол ужо асвоеных тэрыторый.

Збор подпісаў супраць зьнішчэньня прыроды працягваецца і, улічваючы высокі працэнт падтрымкі ініцыятывы, ініцыятары супраціву лічаць, што выніковая падтрымка будзе ня меней за 80% дарослага насельніцтва. Іншымі словамі, больш за 25 тысяч чалавек, якія пражываюць у Бараўлянах і навакольных паселішчах — Ляскоўцы, Лясным, Досьледным.

Асноўныя патрабаваньні і прапановы падпісантаў

​Спыненьне ўшчыльненьня. На фоне крызіснага стану з забясьпечанасьцю месцамі ў дзіцячых садках, школах, перагружанасьці раённай паліклінікі, практычна поўнай адсутнасьці ўстановаў фізкультурна-аздараўленчага профілю будуюцца новыя шматкватэрныя дамы ў Бараўлянах на вуліцы 40 гадоў Перамогі і ў мікрараёне Бараўляны-2.

Таму, кіруючыся інтарэсамі жыхароў Бараўлянаў, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і горадабудаўнічымі нормамі, аўтары звароту патрабуюць першачарговага будаўніцтва пералічаных аб’ектаў у крокавай даступнасьці.

У той жа час мясцовыя органы ўлады сыстэматычна парушаюць дзейны генэральны плян Бараўлянаў, адводзячы пад шматкватэрнае будаўніцтва пляцоўкі, прызначаныя або прыдатныя для разьмяшчэньня сацыяльна значных аб’ектаў на фоне вострага іх недахопу. Аднак крокавая даступнасьць — усё яшчэ рэальнасьць для Бараўлянаў. Ініцыятыўная група падрыхтавала прапановы па іх разьмяшчэньні.

Яшчэ адно законнае патрабаваньне і прапанова жыхароў Бараўлянаў, што адпавядае Генэральнаму пляну і прыродаахоўнаму заканадаўству, абгрунтаваная з эканамічнага, экалягічнага і сацыяльнага пунктаў гледжаньня — гэта захаваньне лесу.

Адзін з участкаў, які вырашылі высекчы, разьмешчаны ў межах вуліц Будаўнікоў і Жамчужнай у пасёлку Досьледны, а таксама завулкаў Дзіцячых у Бараўлянах. Ён займае плошчу каля 5 гектараў. На яго тэрыторыі знаходзяцца некаторыя віды расьлін, занесеных у Чырвоную кнігу (лілея кучаравая і спарасіс кучаравы).

Сэктар экалягічнай ацэнкі пераўтварэньня навакольнага асяродзьдзя ў складзе Навукова-практычнага цэнтру біярэсурсаў НАН Беларусі правёў разьлік кампэнсацыйных выплат за нанясеньне шкоды прыроднаму асяродзьдзю ў выніку высечкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, сума складзе блізу 200 000 рублёў.

Такім чынам, жыхары Бараўлянаў настойваюць на захаваньні названага ляснога масіву як лесапаркавай зоны. Тым больш што гэта замацавана цяперашняй рэдакцыяй генэральнага пляну пасёлку. Абгрунтаваньня для зьмены функцыі гэтай тэрыторыі праектнымі інстытутамі, якія працавалі над карэктаваньнем горадабудаўнічага праекту, не прыводзіцца.

Пытаньні да мясцовых уладаў і дэпутатаў саветаў

Архіўнае фота. Пратэст жыхароў Бараўлянаў супраць высяканьня лесу ў красавіку 2016 году
Архіўнае фота. Пратэст жыхароў Бараўлянаў супраць высяканьня лесу ў красавіку 2016 году

​Падпісанты таксама адзначаюць, што для іх гэтаксама важна захаваць лес і ў раёне вуліцы Менскай, які знаходзіцца ў складзе Прылепскага заказьніка.

У сувязі з гэтым жыхары навакольных вёсак выказваюць зьдзіўленьне, чаму маўчаць прадстаўнікі мясцовых органаў улады, у тым ліку прадстаўнікі Савету дэпутатаў Менскай вобласьці.

Чаму неабходна высякаць лес, руйнуючы ўнікальную экасыстэму? Навошта расходаваць дзяржаўныя сродкі, пераплочваючы за кампэнсацыю шкоды і больш складаныя рашэньні ў транспартнай сувязі, інжынэрных камунікацыях? Які сэнс аддаляць ад шматкватэрнай жылой забудовы школу і садок, ігнаруючы патрабаваньне крокавай даступнасьці? Чаму так упарта ігнаруецца меркаваньне большасьці мясцовых жыхароў, чые патрабаваньні падмацаваныя заканадаўствам і эканамічнымі разьлікамі?

Ад імя жыхароў Бараўлянаў накіраваныя звароты ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, у Камітэт дзяржкантролю і Менаблвыканкам. Адпраўлена а пярэчаньне на рашэньне архітэктурна-горадабудаўнічай рады пры галоўным архітэктары Менскай вобласьці. Грамадзянскі пратэст выяўляецца і іншым чынам. Шэраг жыхароў разьмясьцілі на фасадах сваіх дамоў расьцяжкі ў абарону лесу.

На адрас Менгарвыканкаму і Менаблвыканкаму накіраваныя заяўкі на правядзеньне ў пачатку кастрычніка масавых мерапрыемстваў супраць высяканьня лесу і нездавальняючай горадабудаўнічай палітыкі мясцовых уладаў. У прыватнасьці, плянуецца пікетаваньне райвыканкаму, мітынг ля будынка Бараўлянскага сельвыканкаму, а таксама акцыя ў абарону лесу — жывы ланцуг.

Ініцыятыўная група папярэджвае ўсе арганізацыі, якія маюць дачыненьне да работ, зьвязаных з будаўніцтвам у лясным масіве, аб адказнасьці, прадугледжанай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Меры адказнасьці да арганізацый-парушальнікаў

\
\

​Так, у дачыненьні да Бараўлянскага сельвыканкаму і менскага прадпрыемства «Марэна» рыхтуецца запыт у кампэтэнтныя органы аб праверцы выкананьня законнасьці пры выдачы дазволу на вядзеньне зямельных работ на аб’екце «Дзіцячы сад-школа ў вёсцы Бараўляны Менскага раёну» (інжынэрныя сеткі глыбокага залажэньня) — бурэньня 22 сьвідравін, парушаючы закон «Аб ахове навакольнага асяродзьдзя».

На перакананьне падпісантаў, стратэгія далейшага разьвіцьця Бараўлянаў павінна ўлічваць гісторыю і спэцыфіку гэтага месца. Тут, на іх думку, можа быць рэалізаваная ідэя фармаваньня мэдычнага і навуковага кластару — як месца з асяродзьдзем, спрыяльным для пражываньня, працы, адпачынку, аднаўленьня і ўмацаваньня здароўя.

З чым у аўтараў звароту супадаюць пазыцыі зь мясцовымі ўладамі, дык гэта з неабходнасьцю карэктаваньня генэральнага пляну Бараўлянаў. Адзінае, у адказе НДІ горадабудаўніцтва зьмяшчаецца занадта шмат памылак. У тым ліку тых, якія датычацца невыкананьня нормаў крокавай даступнасьці сацыяльных аб’ектаў, ужываньня нормаў для гарадзкіх паселішчаў замест сельскіх, пагаршэньня ўмоваў пражываньня насельніцтва праз пракладку магістральных дарог па сядзібнай забудове замест нарматыўнага іх праходжаньня па-за такой тэрыторыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG