Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Бараўлянаў выступаюць з ініцыятывай адкліканьня дэпутатаў, якія ігнаруюць іх праблемы


Архіўнае фота. Пратэст жыхароў Бараўлянаў супраць высяканьня лесу ў красавіку 2016 году
Архіўнае фота. Пратэст жыхароў Бараўлянаў супраць высяканьня лесу ў красавіку 2016 году

Жыхары Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну, якія пратэстуюць супраць высяканьня векавога лесу каля іхных дамоў і намераў будаваць на вызваленым месцы аб’екты сацкультбыту, накіравалі лісты ў Генпракуратуру, Менскі райвыканкам, Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі.

Жыхары патрабуюць разабрацца і даць прававую ацэнку распачатаму ў адукацыйных і мэдыцынскіх установах Бараўлянаў і Ляснога збору подпісаў на блянках адзінага ўзору за тое, каб неадкладна збудаваць дзіцячы садок і сярэднюю школу ў раёне вуліца Жамчужная — на тэрыторыі, за якую якраз і змагаюцца мясцовыя жыхары.

Сытуацыю Свабодзе пракамэнтаваў адзін з актывістаў бараўлянскага супраціву Іван Вайтовіч:

«Гэта ініцыятыва ўладаў, якія ў загадным парадку націснулі на адукацыю і мэдустановы, каб распачаць збор подпісаў. Але сытуацыя амаль анэкдатычная. Любы жыхар Бараўлянаў, Ляснога, Досьледнага, Лескаўкі — за будаўніцтва садкоў і школаў. Гэта надзвычайная сытуацыя, бо людзі возяць дзяцей у Менск: у чарзе на садок 4,5 тысячы, а школы працуюць зь перагрузкай у 2,5 раза.

Аднак пры гэтым ніхто не тлумачыць, што гаворка пра высяканьне лесу, пра наступ на прыроду. У нашым пратэсьце мы выступаем за тое, каб будоўля вялася, але на полі, свабодным ад забудовы. Ніхто ж не ўдакладняе, што на самой справе туды плянуецца ўплішчыць шматкватэрныя дамы, ускладніць і без таго напружаную сытуацыю. Наша пазыцыя — прыпыніць любую шматпавярховую забудову ў Бараўлянах, пакуль ня будзе наведзены парадак у сацыяльнай інфраструктуры».

Паводле Івана Вайтовіча, цяпер паўстае ініцыятыва арганізацыі мясцовага сходу для адкліканьня дэпутатаў, якія балятаваліся з населеных пунктаў Бараўлянскага сельсавету — уключна са старшынём Савету дэпутатаў Менскага раёну Сяргеем Шаблыкам. Жыхары перакананыя, што абраныя асобы ня толькі нічога ня робяць дзеля вырашэньня праблемных пытаньняў, а непасрэдна датычныя да ўвядзеньня грамадзкасьці ў зман:

«Таксама рыхтуецца ініцыятыва праз Генпракуратуру і парлямэнт адклікаць Івана Ліпніцкага, старшыню Савету дэпутатаў Менскай вобласьці. Усе гэтыя асобы ведаюць складанасьць нашай сытуацыю, але ня толькі змоўчваюць, а яшчэ маніпулююць грамадзкай думкай (мабыць, маюць нейкі асабісты інтарэс), арганізаваўшы збор нелягічных подпісаў зь ціскам на пэдагогаў і мэдыцынскіх работнікаў.

Усе абураныя, хоць зразумела, што сёньня складана некаму штосьці сказаць, бо актыўнасьць можа скончыцца звальненьнем, непадаўжэньнем кантракту і г.д. Тым ня меней жыхары ў масе сваёй выказваюць недавер мясцовай уладзе на ўсіх ўзроўнях. Мы працягваем супраціў, бо мусіць перамагчы розум, лёгіка, гаспадарчы падыход — і ў разьвіцьці паселішчаў, і ў распараджэньні народнымі рэсурсамі».

Каб зьвярнуць увагу на свае праблемы, жыхары Бараўлянаў паставілі на ўчастку лесу, заплянаваным пад зьнішчэньне, імправізаваны намётавы лягер. Аднак празь нейкі час міліцыянты згарнулі палаткі і як рэчавыя доказы несанкцыянаванай акцыі адвезьлі ў аддзяленьне. Таксама былі канфіскаваныя расьцяжкі і ўлёткі, якія заклікалі берагчы лес.

Неўзабаве, як кажа Іван Вайтовіч, на лясным пятаку намёты зьявіліся зноў — гэтым разам дзіцячыя:

«Намёты пакуль стаяць. Адзінае, вакол былі разьвешаныя расьцяжкі і на дрэвах прымацавалі плякацікі фармату А4 у абарону дрэваў, прыроды. Ніякіх палітычных заклікаў, лёзунгаў, толькі прыродаахоўнага зьместу. Людзі проста хочуць захаваць лес — унікальны, векавы, якога вакол Менску засталося зусім мала. Асабліва на фоне гісторыі з караедам, калі пад гэтую марку гатовыя сьпілаваць усё.

Дык вось намёты не чапаюць, бо туды прыходзяць дзеці, гуляюць, а вось расьцяжкі, аркушы, якія людзі намагаліся павесіць на дрэвы як мага вышэй, на 10 мэтраў і больш, паздымалі. Дарэчы, аднаму нашаму актывісту ўжо тэлефанаваў участковы, высьвятляў усе абставіны. Гэта значыць, спрабуюць знайсьці падставы для адміністрацыйнай справы. Але народ настроены рашуча, нікога гэта не спыняе».

Жыхары Бараўлянаў пратэстуюць супраць высяканьня лесу, будаўніцтва сьцёкавага калектару і пракладкі новай шашы побач з дамамі. Іх падтрымалі насельнікі пасёлкаў Лескаўка, Лясны і Досьледны.

Гаворка вядзецца пра высечку масіву на 5 гектарах — улады хочуць высекчы лес, правесьці туды камунікацыі, пабудаваць школу і дзіцячы садок. Пасьля чаго ўзьвесьці жылыя дамы на суседнім зь лесам полі. Жыхары лічаць, што мэтазгодна весьці будоўлю на свабодным месцы — на полі. А спачатку трэба забясьпечыць інфраструктурай тых, хто ўжо жыве ў Бараўлянах і ваколіцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG