Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Майданаў у Беларусі ня будзе». Лукашэнка сказаў кіраўніку КДБ, што «ведае, адкуль на нас дзьмуць вятры»

абноўлена

Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык
Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык

Аляксандар Лукашэнка 1 чэрвеня прыняў з дакладам старшыню Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерыя Вакульчыка і загадаў захоўваць пільнасьць у гэты няпросты час, паведамляе БелТА.

«Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю, — выказаўся Аляксандар Лукашэнка. — На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б. Але мы гатовыя да любых вятроў. Тым больш вывучаючы ў свой час гісторыю нашай дзяржавы, савецкую гісторыю.

Адметнай асаблівасьцю сёньняшняга этапу зьяўляецца тое, што ўсё ж мы навучыліся змагацца з гэтымі вятрамі і ўраганамі. Тады мы змагацца ня ўмелі. Таму і ня мелі сувэрэннай і незалежнай дзяржавы».

«Заўсёды нас дзялілі на часткі, далучалі кавалкамі то да адной зямлі, то да другой. Вы ведаеце, што да мінулай вайны мы практычна былі падзеленыя. Таму сёньня гэтага дапусьціць нельга», — дадаў Лукашэнка.

На мінулых выходных прайшлі масавыя сходы ў многіх гарадах, людзі зьбіраліся ў чэргі, каб падпісацца за апанэнтаў Лукашэнкі, патрабавалі пераменаў.

«Мэты нам зразумелыя: зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў або ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў»

«Дзяржаўная бяспека — аснова асноваў, — казаў Лукашэнка Вакульчыку. — І Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў гэтым пляне належыць разам з прэзыдэнтам вядучая роля ў абароне незалежнасьці і сувэрэнітэту нашай дзяржавы.

Мы абсалютна ведаем мэты, якія перасьледуюць тут асобныя ветрагоны. Гэтыя мэты нам зразумелыя: зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў або ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Так яны плянавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых „майданутых“ хачу папярэдзіць, што майданаў у Беларусі ня будзе».

«У нас няма Пашыньянаў і Зяленскіх»

«Ня трэба нас параўноўваць, як нядаўна газэта суседняй краіны папісвала, што тут у нас зьявіліся новыя Пашыньяны, новыя Зяленскія, і ў нас ледзь не сытуацыя ці то як у Армэніі, ці то як ва Ўкраіне, — заклікаў Лукашэнка. — Павінен сказаць, што сытуацыя па-рознаму можа складацца. Толькі ў нас няма Пашыньянаў і Зяленскіх.

Як бы там ні адбываліся ў Армэніі і Ўкраіне падзеі, усё ж такі гэта людзі таленавітыя — і Зяленскі, і Пашыньян. Я ўжо зь імі блізка пазнаёміўся. Гэта людзі таленавітыя, безумоўна, і галоўнае — патрыёты сваёй краіны. Яны адданыя сваёй краіне».

На думку Лукашэнкі, хтосьці хоча «за капейку прадаць усё тое, што тут было створана ня толькі прэзыдэнтам, ня толькі ўладай — народам было створана».

Выказваць пазыцыю — на кухню ці шэсьць «бангалораў»

«Мы нікому ня будзем закрываць рот, — паабяцаў Лукашэнка. — Калі ласка: вызначаны месцы ў Менску і ва ўсіх гарадах пункты, дзе можна весьці дыскусію. Па-мойму, у Менску гэта шэсьць пунктаў. Нашая справа — кантроль, каб вы ня выйшлі за рамкі. Шэсьць пунктаў у Менску — ідзі дэбатуй. Але Камітэт дзяржбясьпекі разам зь міліцыяй ні ў якім разе не павінны дапусьціць парушэньня закону».

«Людзі павінны пайсьці самі і дыскутаваць. Хочуць на кухні — калі ласка, — дазволіў Лукашэнка. — Але каб не перашкаджалі іншым людзям.

Мы павінны выканаць парадак. У краіне павінен быць парадак. Мы не павінны дапусьціць, каб рознага кшталту шайкі і банды крымінальнікаў блукалі па краіне з закасанымі рукавамі: людзі, ня дай Бог, падумаюць, што гестапа вярнулася, вайна пачалася. Вось гэтага мы дапусьціць не павінны. І я гэтага не дапушчу.

Я ўжо вайскоўцам казаў: адзін буду супраць іх змагацца, калі трэба. Хоць у нас хапае людзей у пагонах, здольных абараніць сваю краіну. Яны разумеюць, што ў гэтай краіне жыць іхным дзецям. Нашым дзецям, вашым, ня толькі нам самім яшчэ. Мы ж паміраць не зьбіраемся».

І з эканомікай таксама пандэмія

Лукашэнка сказаў Вакульчыку, што хацеў бы пачуць ад яго пра «стан справаў у Беларусі з пункту гледжаньня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі» — ня толькі пра «гэтых, якія нам майдан спрабуюць зладзіць», але і пра эканоміку, харчы, войска і іншыя кірункі. Ён адзначыў, што ў краіне ідзе «адразу некалькі пандэміяў», і толькі адна зь іх у галіне аховы здароўя:

«Дзякуй Богу, што мы паволі пераадольваем яе, — казаў Лукашэнка Вакульчыку пра пандэмію каранавірусу. — Тут ужо ня скажаш, што мы хлусім. Ідзіце ў лякарню, глядзіце і гэтак далей».

Але на яе, казаў Лукашэнка, наклаліся «палітычная пандэмія» ў сувязі зь беларускімі прэзыдэнцкімі выбарамі, «эканамічная пандэмія» праз «крызіс ва ўсім сьвеце», які «ня нашая віна, бяда нашая», і «шэраг іншых пандэміяў, якія блукаюць вакол нашых межаў, але пакуль баяцца сунуць нос сюды», у тым ліку «інфадэмія» з інтэрнэту — «гэтай сьметніцы», зь якой «нам у тым ліку родныя браты праблемаў падкідваюць у СМІ».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG