Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская напісала адкрыты ліст пра затрыманьне мужа і сюжэты БТ


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Ад імя патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, жонкі палітычнага зьняволенага Сяргея Ціханоўскага, Telegram-канал «Страна для жизни» апублікаваў 1 чэрвеня адкрыты ліст.

У лісьце згадваецца, што 29 траўня ў Горадні на пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую быў затрыманы кіраўнік ейнай ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі ды іншыя грамадзяне Беларусі, у тым ліку чальцы ініцыятыўнай групы.

«Гэтую правакацыю і наступнае незаконнае затрыманьне і пачатак крымінальнай справы ў дачыненьні да кіраўніка маёй ініцыятыўнай групы я расцэньваю як грубую спробу зацікаўленых асобаў перашкаджаць ажыцьцяўленьню мной выбарчых правоў», — гаворыцца ў лісьце Ціханоўскай.

Таксама там згадваецца сюжэт дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» пад назвай «Драка на площади в Гродно» — ён, як сьцьвярджаецца ў лісьце, зьмяшчае «хлусьню і скажэньне фактаў праз наўмысна прэтэнцыёзную падачу інфармацыі і нарэзку сэгмэнтаў відэа». Адзначаецца рэакцыя карыстальнікаў: на Youtube арыгінал сюжэту набраў 144 пазытыўныя ацэнкі і 11 000 нэгатыўных.

Даецца і спасылка на поўнае відэа інцыдэнту на пікеце і затрыманьня Ціханоўскага.

Ціханоўская разьлічвае на тое, што ў адказ на заявы, паведамленьні і прэтэнзіі, якія яна накіравала ў адпаведныя органы, будуць прынятыя «законныя і разумныя дзеяньні»:

  • Міністэрства ўнутраных справаў забясьпечыць абарону чальцоў ініцыятыўных групаў і бясьпеку на пікетах;
  • разгледзіць відэадоказы і спыніць перасьлед Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых;
  • вызначыць асобу жанчыны, якая ўчыніла правакацыю, і прыцягне яе да адказнасьці;
  • тэлеканал «Беларусь-1» абвергне інфармацыю са згаданага сюжэту.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG