Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы абвясьцілі Сяргея Ціханоўскага палітычным зьняволеным


Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Гомлі, 28 траўня 2028

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый выдалі заяву з патрабаваньнем да ўладаў Беларусі неадкладна вызваліць блогера Сяргея Ціханоўскага і спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да яго.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі​

Заяву, апублікаваную на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна», акрамя гэтага цэнтру, падпісалі тры іншыя праваабарончыя арганізацыі: Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Прававая ініцыятыва» і Офіс па правах людзей з інваліднасьцю.

Праваабаронцы заявілі, што крымінальны перасьлед Ціханоўскага зьяўляецца палітычнаматываваным, і абвясьцілі Ціханоўскага палітычным зняволеным.

Падпісанты заявы таксама патрабуюць вызваліць і спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да іншых затрыманых за ўдзел у пікеце 30 траўня 2020 году грамадзян, «калі яны непасрэдна не ўчынялі гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі».

Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы супрацоўнікамі спэцназу а 20-й гадзіне 29 траўня падчас перадвыбарчага пікету ягонай жонкі, Сьвятланы Ціханоўскай, у Горадні.

Затрыманьні ў Горадні працягваліся 30 траўня. Паводле зьвестак «Вясны», агулам у Горадні 29 і 30 траўня затрымалі ня менш за 12 чалавек.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG