Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пікетах у Горадні зоркай стаў лябрадор, а подпісы для Аляксандра Рыгоравіча зьбіраў Памідораў


Чарга ў Горадні да пікетаў
Чарга ў Горадні да пікетаў

У Горадні на Савецкую плошчу ў нядзелю, 31 траўня, прыйшло значна больш людзей, чым два дні таму, калі затрымалі «народнага блогера» Сяргея Ціханоўскага з паплечнікамі.

Паводле розных ацэнак, адначасная колькасьць гарадзенцаў на плошчы складала ад 500 да 1000 чалавек. Працавалі пікеты для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую, Алеся Таболіча, Вольгу Кавалькову, пазьней зьявіліся невялікія пікеты за Валера Цапкалу і Віктара Бабарыку. Ініцыятыўная група Ганны Канапацкай не прыехала, хоць яе чакалі.

Маладзён са сьцягам на пікеце
Маладзён са сьцягам на пікеце
На пікет заходзіў горадзенскі гатэльны бізнэсовец Станіслаў Сямашка
На пікет заходзіў горадзенскі гатэльны бізнэсовец Станіслаў Сямашка

«Нямеччына, якая прайграла вайну, і тое тады лепш жыла», — чуваць размовы мужчын на падыходзе.

Ахвочыя аддаць подпіс за Ціханоўскую ўтварылі гіганцкую літару «П», стаўшы па пэрымэтры плошчы. Агульная даўжыня чаргі склала каля 400 мэтраў. Па некалькі дзясяткаў чалавек стаялі ў чэргах да Таболіча і Кавальковай.

Стэнд Сьвятланы Ціханоўскай на пікеце
Стэнд Сьвятланы Ціханоўскай на пікеце
Зборшчыкаў подпісаў за Ціханоўскую на Горадзеншчыне засталося трое, астатнія затрыманыя
Зборшчыкаў подпісаў за Ціханоўскую на Горадзеншчыне засталося трое, астатнія затрыманыя
Маладзёны з тэпцямі
Маладзёны з тэпцямі

Людзі ў розных чэргах на пытаньне «Чаму яны тут?» аднагалосна адказвалі: «Хочам зьменаў». Амаль усе паўтараюць, што стаміліся за 26 гадоў і першае, чаго хочуць, — свабоды выбараў. Многія прыйшлі дзеля сваіх дзяцей і ўнукаў, іншыя — каб выправіць ранейшы выбар сваіх бацькоў. Ніхто з апытаных не баяўся выказвацца, не хаваў твар.

Гандляры сьцяжкамі на пікеце
Гандляры сьцяжкамі на пікеце

Час ад часу нехта выкрыкваў «Жыве Беларусь!» або «Сва-бо-ду!», і вокліч падхоплівала плошча. У тэлеграм-чатах «Страна для жизни» зьявіліся папярэджаньні, што на пікетах нельга скандаваць лёзунгі, і заклік ня весьціся на правакацыі. З падобным зваротам выступіла Сьвятлана Ціханоўская.

Паміж чэргамі хадзілі людзі, якія ўмешваліся ў чужыя размовы з пытаньнямі «Ці вы хочаце, каб было як ва Ўкраіне?», «Які сэнс сюды прыходзіць?» Аўтамабілі і нават таксоўкі сыгналілі пікетоўцам.

Сапраўднай зоркай на плошчы стала 8-гадовая лябрадор Этна. Сабака прыйшла са сваімі гаспадарамі Ігарам і ягонай жонкай. На шыі ў яе вісела пара тэпцяў з надпісамі «Я хачу прагаласаваць, але не магу. Магу толькі зьесьці».

Лябрадор Этна
Лябрадор Этна

Гаспадары Этны бачылі затрыманьне Ціханоўскага на свае вочы. Мяркуюць, што гэта несправядліва і непрыгожа, таму выйшлі на плошчу наноў. Яны зьдзіўляюцца, чаму міліцыянт, які апынуўся на зямлі, не трымаўся ад болю за жывот, а ляжаў выпрастаны, чаму яму дапамагалі падняцца не калегі, а простыя гарадзенцы.

Гарадзенка ўзгадвае, як у 2006 годзе падчас выбараў ляжала ў радзільным доме. Лекарка прыйшла са словамі: «Паважаныя жанчыны, хочаце нарадзіць нармальна, вы ведаеце, за каго галасаваць». Яна мяркуе, што трэба паменшыць заробкі чыноўнікам.

Гаспадары лябрадора Ігар з жонкай
Гаспадары лябрадора Ігар з жонкай

«Бяздарная ўлада мусіць сысьці. Павінна быць свабода для чалавека, каб ён мог вырашаць, куды ён хоча, як і чаго. Чарга мяне не пужае. Колькі патрэбна будзе, столькі і буду стаяць», — кажа Ніна Канстанцінаўна, якая стаіць у самым канцы чаргі да пікету Ціханоўскай.

Ніна Канстанцінаўна
Ніна Канстанцінаўна

«Надакучыла. Нашыя бацькі зрабілі выбар у 1994 годзе. Ад гэтага выбару ня можам адхрысьціцца. Канстытуцыя цяпер не адрозьніваецца ад ніякай іншай паперкі», — кажуць маладзёны Анатоль і Аляксей.

Анатоль і Аляксей
Анатоль і Аляксей

Адзіны патэнцыйны кандыдат, які прысутнічаў у Горадні 31 траўня падчас збору подпісаў, — Алесь Таболіч. Подпісы за яго зьбіраў музыка Аляксандар Памідораў. Таболіч чакае, што сёлета зьменіцца стаўленьне ўладаў да народу.

Пікет Таболіча
Пікет Таболіча

«Хочацца свайго. У нас і так хапае ўсяго расейскага. Шмат Лепса, Пугачовых, Славянскіх базараў. Надакучыла, што няма нацыянальных прыярытэтаў, культурных людзей, якія могуць прапагандаваць Беларусь у гэтай краіне», — разважае Таболіч.

Алесь Таболіч
Алесь Таболіч
Музыка Аляксандар Памідораў зьбірае подпісы за Таболіча
Музыка Аляксандар Памідораў зьбірае подпісы за Таболіча

Наконт затрыманьня Ціханоўскага Таболіч сказаў, што агулам супраць правакацый і гвалту, аднак пакуль толькі назірае за тым, што адбываецца, і не ацэньвае. Сам ён не баіцца гвалту ў дачыненьні да яго самога.

«Хочам зрабіць свой выбар, бо мы яго ніколі не рабілі. Хачу, каб мае дзеці жылі і вучыліся ў такой краіне, куды хацелася б ехаць, а не наадварот. Каб вывучылі мову», — кажуць Тацяна і Міхаіл, якія стаяць у чарзе да Таболіча. Хлопец любіць слухаць ягоныя песьні.

Тацяна і Міхал
Тацяна і Міхал

«Калі ўжо ў маім горадзе пачынаюць руліць шлёндры, хлопцы, нам трэба быць тут», — коратка кажа яшчэ адзін падпісант за Таболіча.

Падпісант за Таболіча
Падпісант за Таболіча
Сьцягі над пікетам Вольгі Кавальковай
Сьцягі над пікетам Вольгі Кавальковай

«Галоўнае, што ня толькі за Аляксандра Рыгоравіча зьбіраюцца подпісы, што ёсьць нейкі супраціў. Застаецца пад пытаньнем, ці пайду я на выбары, але падпісацца трэба. Мне самой цікава, што атрымаецца», — кажа Ірына, якая стаіць у чарзе да пікету Кавальковай.

Ірына
Ірына

«Глыбока перакананая, калі ты беларус, калі ты, даруйце за слова, ня быдла, ты павінен сюды выйсьці, а не сядзець стагнаць», — мяркуе гарадзенка Аксана.

Аксана
Аксана

«Нам усё абяцаюць, а нам усё мала. Гэта нас дастала. Дастала татальная хлусьня. Дастала, што ўлада ў руках адной асобы... Наша краіна — гэта адна суцэльная праблема. Гэтая візытоўка — чысьціня, парадак — за якую мы, падаткаплатнікі, шмат плацім, існуе. Мне хочацца бачыць за гэтай шыльдай не добраахвотнае нявольніцтва», — кажа гарадзенец Аляксандар.

фота 1

На пікеце Ціханоўскай
На пікеце Ціханоўскай

Ён разважае пра выплаты ў фонд сацыяльнай абароны, пэнсіі, падаткі, кантрактную сыстэму, «закон аб дармаедах». Пакуль не пакінуў свайго подпісу. Хацеў бы за Сяргея Ціханоўскага, але яго няма сярод патэнцыйных кандыдатаў.

«Каб нашыя дзеці жылі ў свабоднай краіне. Калі я буду старэнькі і мне мой сын скажа: «Тата, чаму ты нічога не рабіў, чаму вы тады ня выйшлі на плошчу?» Я хачу, каб кожны грамадзянін ня думаў: «Я сёньня не пайду на плошчу, бо мне трэба парабіць на лецішчы, або мне трэба пасмажыць шашлык», — дадае ён.

Сябры Аляксандар і Алег
Сябры Аляксандар і Алег

«Каб не было сорамна за прэзыдэнта, што ў мяне не капыты, а рукі, што я не жару, а спаталяю голад. Не люблю хамаў. Хочацца культурнага і выхаванага чалавека», — кажа пара інжынэраў-мэханікаў Вольга і Сяргей.

Вольга і Сяргей
Вольга і Сяргей

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG