Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Зікрацкі абяцаў бясплатна дапамагаць рэпрэсаваным падчас выбарчай кампаніі 


Адвакат Сяргей Зікрацкі
Адвакат Сяргей Зікрацкі

Вядомы адвакат Сяргей Зікрацкі гатовы бясплатна падтрымаць юрыдычна ў пэрыяд выбараў. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, адраэгаваўшы на Дэкларацыю за сумленныя выбары ўдзельніка выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі.

Сярод іншага, былы банкір Бабарыка паабяцаў юрыдычную і фінансавую падтрымку тым, каго звольняць ці на каго будуць ціснуць.

«Цалкам падтрымаю яго ў гэтым пачынаньні. Можна па-рознаму ставіцца да розных прэтэндэнтаў, можна па-рознаму ставіцца нават да пытаньня ўдзелу ці байкатаваньня выбараў. Але ў любым выпадку ставіць свой подпіс за аднаго прэтэндэнта, некалькіх або наогул ня ставіць подпісу, ісьці на выбары ці не, галасаваць за аднаго кандыдата або іншага — гэта толькі наш выбар. І ніхто ня мае права пазбавіць такога выбару», — адзначыў адвакат Зікрацкі.

У сувязі з гэтым Сяргей Зікрацкі гатовы аказваць юрыдычную дапамогу ў пытаньнях, зьвязаных з выбарчай кампаніяй.

  • Калі прымушаюць падпісвацца за аднаго з прэтэндэнтаў
  • Калі ціснуць, каб сталі чальцом выбарчай камісіі
  • Калі лічыце, што правы парушаныя за (не)удзел у выбарчым працэсе
  • Калі хочаце абскардзіць дзеяньні/бязьдзейнасьць падчас выбарчай кампаніі
  • Калі патрэбна кансультацыя ў выбарчым заканадаўстве.

Сёньня сумленныя і справядлівыя выбары залежаць ад кожнага з нас, падсумоўвае адвакат Зікрацкі.

Закон аб адвакатуры не адносіць падобнага роду кансультацыі да выпадкаў, калі юрыдычная дапамога аказваецца бясплатна. У сувязі з гэтым падрыхтоўка заявы, скаргі, прадстаўленьне ў судзе або дзяржаўных органах будзе каштаваць 1 беларускі рубель.

Тэрмін дзеяньня акцыі — ад 1 чэрвеня да 31 жніўня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG