Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаны збор подпісаў за вызваленьне Ціханоўскага і іншых затрыманых


Сяргей Ціханоўскі ў Горадні
Сяргей Ціханоўскі ў Горадні

Кампанія назіраньня «Права выбару» выступіла з заявай з нагоды затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама іншых чальцоў ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

«Патрабуем неадкладнага вызваленьня Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых. Патрабуем пакараць усіх вінаватых у арганізацыі правакацыі, скіраванай супраць Сяргея і яго паплечнікаў 29 траўня ў Горадні. Патрабуем спыніць вал рэпрэсій і правакацый. Патрабуем забясьпечыць роўныя магчымасьці для правядзеньня выбарчай кампаніі ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта», — гаворыцца ў заяве, да якой прыкладзены падпісны блянк з патрабаваньнем вызваліць актывістаў.

29 траўня ў Горадні на пікеце для збору подпісаў у падтрымку прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі яе мужа, кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага. 30 і 31 траўня былі затрыманыя палітык Мікола Статкевіч і дзясяткі іншых чальцоў ініцыятыўных групаў.

«Гэтыя затрыманьні зьяўляюцца грубым парушэньнем канстытуцыйных правоў удзельнічаць у выбарчай кампаніі, ціскам на каманды незалежных прэтэндэнтаў. Мы асабліва падкрэсьліваем той факт, што праз папярэдні адміністрацыйны арышт Сяргей Ціханоўскі быў пазбаўлены магчымасьці рэалізацыі свайго законнага права зарэгістраваць ініцыятыўную групу для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты», — гаворыцца ў заяве.

Бесьперапынны ціск на сябраў ініцыятыўных групаў падчас збору подпісаў ёсьць найгрубейшым парушэньнем права на свабодныя справядлівыя выбары, кампрамэтуе краіну ў вачах міжнароднай супольнасьці і пазбаўляе народ Беларусі права выбіраць уладу, падсумоўваюць удзельнікі «Права выбару».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG