Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За выходныя ў Беларусі затрымалі ня менш за 50 актывістаў, — праваабаронцы


Збор подпісаў за Сьявятлану Ціханоўскую ў Горадні

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць пра дзясяткі затрыманьняў актывістаў па усёй Беларусі. Затрымлівалі найперш падчас пікетаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай і актывістаў «Народнай Грамады».

Агулам за выходныя ў пастарункі трапілі ня менш за паўсотню чалавек.

31 траўня затрымалі трох чальцоў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай: Уладзімер Мароз з Кобрыні, Валер Рамановіч зь Пінску, Аляксандар Мілюк з Мастоў. У рамках якой справы сяброў ініцыятыўнай групы ў якасьці сьведак даставілі ў міліцыю і Сьледчы камітэт, не паведамляецца. Магчыма, гэта зьвязана са здарэньнем 29 траўня ў Горадні, калі быў затрыманы блогер Сяргей Ціханоўскі і некалькі ягоных паплечнікаў.

У Менску людзі ў цывільным на мікрааўтобусе заблякавалі машыну Марыны Адамовіч і затрымалі палітыка Міколу Статкевіча. Таксама затрыманыя актывісты «Народнай Грамады» Валянцін Троцкі, Вераніка Мішчанка і яшчэ некалькі чалавек з апаратурай для пікету.

У Горадні затрымалі Валера Епіфанава, а на выезьдзе з Баранавічаў — актывістку Тамару Патоцкую. У Вілейскі РАУС даставілі актывіста Аляксея Сюдака, а ў Маладэчне затрымалі Алеся Абрамовіча.

У Віцебску затрыманы Алег Баразна, невядомае месца знаходжаньня Саламаненкі і Ільянца. У Гомлі затрымалі блогера Івана Рамязоўскага, які вядзе Yotube-канал «RealBelarus» і нядаўна ўжо адбыў 15 сутак за акцыю салідарнасьці зь Сяргеем Ціханоўскім.

У Менску затрыманы лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Зьнікла сувязь з актывісткай Ірынай Цап. У Гомлі затрымалі Сьвятлану Нарыскіну. За некалькі дзён да таго яе і яе мужа Леаніда Кудзінава выклікалі ў міліцыю для складаньня пратаколу, але яны не пайшлі.

У Берасьці затрыманы Анатоль Данількевіч за бел-чырвона-белы сьцяг. На яго склалі пратакол паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. У Менску затрымаді Яўгена Гормаша, які крычаў «Ганьба» на супрацоўніка ДАІ, які афармляў пратакол на кіроўцу.

Актывіст «Маладога фронту» Віталь Трыгубаў псьпеў выкласьці ў Facebook відэа свайго затрыманьня, а таксама актывістаў Андрэя Войніча і Максіма Вінярскага. Затрыманы таксама кіроўца таксі, у якім ехалі актывісты і везьлі гукаўзмацняльную апаратуру і плякаты. Таксама міліцыянты затрымлівалі Ігара Краўчанку.

У Гомлі затрымлівалі непаўналетняга Ягора Мікалаенку, адпусьцілі толькі праз 5 гадзін.

У Бярозе быў затрыманы сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Максім Кавалевіч.

Канкрэтная колькасьць затрыманых цягам выходных яшчэ ўдакладняецца, але агулам гэта больш за паўсотні чалавек.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG