Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады паказалі праект «кітайскага» футбольнага стадыёну. ФОТА


Праект Нацыянальнага футбольнага стадыёна ў Менску.

Менгарвыканкам апублікаваў на сваім Telegram-канале выявы праекту Нацыянальнага футбольнага стадыёну, які маюць узводзіць кітайскія будаўнікі за кітайскія грошы. Будаўніцтва плянуюць завершыць у 2023 годзе.

Стадыён на 33 тысячы гледачоў зьбіраюцца збудаваць на вуліцы Ванеева, недалёка ад стадыёна «Трактар» (той зьмяшчае 17 600 чалавек). Цяпер функцыі галоўнага футбольнага стадыёну краіны выконваюць «Дынама» ў Менску (22 246 гледачоў) і «Барысаў-Арэна» (13 126 гледачоў).

Вышыня будынка запраектаваная ў 38,6 м, агульная плошча — 48 тысяч м² (6,7 тысячы м² — падземная частка).

Цяперашні праект расфарбоўкі адрозьніваецца ад ранейшага «чырвона-зялёнага». Засталіся толькі чырвоны і белы колеры.

«У архітэктурнай канцэпцыі стадыёна гэтак жа, як і ля будынка басэйна міжнароднага стандарту, прасочваецца тэма сяброўства Беларусі і Кітаю, — піша Менскі гарвыканкам. — Чырвона-белы колер і зялёная тэрыторыя адлюстроўваюць нацыянальны стыль і прыродныя асаблівасьці Беларусі. А плаўныя лініі фасада злучаюць дзьве сяброўскія дзяржавы і сымбалізуюць ініцыятыву „Адзін пояс, адзін шлях“».

Трыбуны зьбіраюцца зрабіць двухузроўневымі, зь VIP-зонамі між узроўнямі і навесам ад ападкаў. На стадыёне плянуюць паставіць вялікі сьвятлодыёдны дысплэй, звонку — два вулічныя экраны. Пад стадыёнам запраектавалі падземны паркінг, побач зь ім — аўтамабільную стаянку.

Футбольнае поле мае быць з натуральным пакрыцьцём, аўтаматычнай сыстэмай паліву і падагрэву, павінна адпавядаць патрабаваньням FIFA: 105х68 м (з дапаможнай зонай — 125х85). Яно можа накрывацца адмысловым шчытом, каб на полі можна было ладзіць канцэрты і выставы, не пашкодзіўшы газон.

Таксама запраектаваныя разьдзявальні, пакоі для разьмінкі, пункт здачы аналізаў і допінг-кантролю, зоны для прэсы і заля для прэс-канфэрэнцыяў, дзіцячы цэнтар, фітнэс-клюб, кавярня, гандлёвая зона, цэнтар валянтэраў і музэй футболу.

Нацыянальны стадыён у Менску — інвэстыцыйны праект, які ў Беларусі хоча рэалізаваць Кітай. Будаўніцтва гэтага стадыёна было заплянавана яшчэ ў 2014 годзе, тады Аляксандар Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ. У 2015 годзе стала вядома, што стадыён можа быць пабудаваны за кітайскія грошы.

Тады ж міністар эканомікі назваў прыкладны кошт арэны — 180 мільёнаў даляраў. Аляксандар Лукашэнка анансаваў, што стадыён будзе ўмяшчаць удвая болей заўзятараў, чым «Дынама», які разьлічаны на 22 тысячы чалавек (цяпер плянуюць толькі ў паўтара раза больш).

Таксама кітайцы зьбіраюцца збудаваць басэйн каля мэтро «Маладзёжная» ў Менску. Кошт басэйна ўваходзіць у кошт нацыянальнага футбольнага стадыёна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG