Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 лякарняў, 18 школ: Што можна збудаваць замест стадыёна за 180 млн даляраў. ІНФАГРАФІКА


Нацыянальны футбольны стадыён зьбіраюцца пабудаваць у Менску за 180 мільёнаў даляраў. Ён мае зьявіцца на вуліцы Ванеева. Узгодненага архітэктурнага праекту пакуль няма. Свабода падлічыла, што можна было б збудаваць за гэтыя грошы.

Што за стадыён

Нацыянальны стадыён у Менску — інвэстыцыйны праект, які ў Беларусі хоча рэалізаваць Кітай. Будаўніцтва гэтага стадыёну было заплянавана яшчэ ў 2014 годзе, тады Аляксандар Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ. У 2015 годзе стала вядома, што стадыён можа быць пабудаваны за кітайскія грошы.

Тады ж міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі назваў прыкладны кошт арэны — 180 мільёнаў даляраў. Аляксандар Лукашэнка анансаваў, што стадыён будзе ўмяшчаць удвая болей заўзятараў, чым «Дынама», які разьлічаны на 22 тысячы чалавек. Таксама кітайцы зьбіраюцца збудаваць басэйн каля мэтро «Маладзёжная» ў Менску. Кошт басэйна ўваходзіць у кошт нацыянальнага футбольнага стадыёну.

Будоўля на Кальварыйскай
Будоўля на Кальварыйскай

5 новых лякарняў

За 180 мільёнаў даляраў, якія пойдуць на нацыянальны футбольны стадыён, можна было б збудаваць 5 лякарняў. Новая сучасная лякарня ў Гомлі, якую адкрылі летась у ліпені, каштавала ня менш за 75 мільёнаў рублёў, або 34 мільёны даляраў. На яе скідваліся ўсёй грамадой. На лякарню выдзелілі грошы праз інвэстыцыйную праграму Гомельскай вобласьці, з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. На праект пайшла палова грошай з рэспубліканскага суботніку ў 2017 годзе, частку грошай даў бізнэс.

18 школ

Каля двух дзясяткаў новых школ можна было б збудаваць замест новага стадыёну. Напрыклад, у 2017 годзе ў менскім мікрараёне Дамброўка збудавалі сучасную школу з добрым абсталяваньнем, басэйнам і Wi-Fi — за 10 мільёнаў даляраў.

14 паліклінік

Грошай, якія пойдуць на новы стадыён, хапіла б на 14 паліклінік з сучасным абсталяваньнем. Чатыры гады таму такую паліклініку адкрылі ў менскім мікрараёне Брылевічы. Уся будоўля абышлася ў 13 мільёнаў даляраў.

1800 дзіцячых пляцовак

180 мільёнаў даляраў хапіла б, каб збудаваць у Менску 1800 дзіцячых пляцовак. Дзіцячы гарадок у менскім парку Дружбы народаў адкрылі ў верасьні 2017 году. Ён каштаваў каля 100 тысяч даляраў.

450 тысяч ноўтбукаў у школы

На сёньня ў школах 64,7 тысячы кампутараў — такія зьвесткі дае Белстат. За кошт нацыянальнага стадыёну можна было б набыць дадаткова яшчэ 450 тысяч (па 400 даляраў за кожны).

2571 кватэру

Каб займець сваё жыльлё, многія стаяць у чарзе па 10–20 гадоў. За грошы, якія пойдуць на стадыён, можна адразу набыць у Менску 2571 двухпакаёвую кватэру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG