Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску рыхтуюць пляцоўкі пад будоўлю стадыёну і басэйна коштам 180 млн даляраў. ФОТА


Будоўля Нацыянальнага футбольнага стадыёну

У Менску пачаліся падрыхтоўчыя працы, каб збудаваць Нацыянальны футбольны стадыён і басэйн міжнароднага стандарту. Аднак узгодненых архітэктурных праектаў яшчэ няма.

Раней кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка казаў, што новы стадыён будзе ўмяшчаць удвая больш заўзятараў, чым цяперашні менскі стадыён «Дынама», які разьлічаны на 22 тысячы чалавек.

Указ пра падрыхтоўку тэрыторый пад «праекты тэхніка-эканамічнай дапамогі» кіраўнік краіны падпісаў 7 чэрвеня 2018 году.

У ім гаворыцца, што

  • у 2018–2019 гадах будуць зьнесеныя аб’екты нерухомай маёмасьці;
  • прадугледжваецца ўзьвядзеньне, рэканструкцыя, капітальны рамонт, знос інжынэрных сетак і збудаваньняў у раёне вуліц Ванеева і Кальварыйскай.

Падрыхтоўка вядзецца за кошт сродкаў бюджэту Менску.

Рыхтуюць пляцоўку пад стадыён на вуліцы Ванеева ў Менску
Рыхтуюць пляцоўку пад стадыён на вуліцы Ванеева ў Менску

«Будаўнікі-кітайцы хочуць гарантый»

Кітайцы гатовыя пабудаваць у Менску Нацыянальны футбольны стадыён, але хочуць гарантый у выглядзе заканадаўчага акту.

У Палату прадстаўнікоў з ураду ўжо паступіў законапраект «Аб ратыфікацыі Дамовы паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб рэалізацыі праекту тэхнічна-эканамічнай дапамогі „Нацыянальны футбольны стадыён“». Яго плянуецца разгледзець на веснавой сэсіі.

Прынцыповая згода на будоўлю Нацыянальнага футбольнага стадыёну была дасягнутая 10 чэрвеня 2018 году, калі кіраўнікі Беларусі і Кітаю сустрэліся ў горадзе Ціндао. Праз чатыры месяцы ўрады падпісалі адмысловае пагадненьне.

На месцы, дзе мае паўстаць стадыён, каля цяперашняга стадыёну «Трактар», абгарадзілі вялізную пляцоўку, пачалі перасадждваць і зразаць дрэвы. Заказчыкам выступае ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Заводзкага раёну Менску.

«Мы капаем акуратна»

Галоўны інжынэр прадпрыемства Дзьмітры Кавальчук сказаў карэспандэнту Свабоды, што цяпер будуюцца новая водаправодная сетка і сетка для дажджавой каналізацыі, «бо тая, што ідзе праз парк, старая».

Паводле Дзьмітрыя Кавальчука, часткова гэта падрыхтоўка пляцоўкі пад узьвядзеньне стадыёну.

«Як кажуць, удала супала. Сеткі мяняць трэба. Тыя дрэвы, што змаглі, машынай перасадзілі. А часткова высеклі толькі па трасе праходжаньня новай сеткі водаправоду, дыямэтар якой 700 мм. Гэта сурʼёзны вадавод. Гэтая сетка немалога дыямэтру і забясьпечвае цэлыя кварталы. Трэба пракладаць новы, з нармальнага новага матэрыялу па нармальнай трасе. Вось пакуль мы выконваем гэтую функцыю».

Паводле галоўнага інжынэра ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Заводзкага раёну Менску, падчас гэтых працаў выразалі каля 30 дрэваў, а перасадзілі больш за сто. Ён не выключае, што частку дрэваў давядзецца выразаць, бо траса пойдзе далей.

«Мы капаем акуратна, уздоўж дрэваў, стараемся не закранаць карнявую сыстэму. Але тут усё роўна трэба будаваць новы водаправод. Ён мог пайсьці іншым шляхам, але вырашылі правесьці менавіта гэтым шляхам, каб было па мінімуме выдаткаў», — сказаў Дзьмітры Кавальчук.

Стадыён «Трактар»
Стадыён «Трактар»

Паводле Дзьмітрыя Кавальчука, стадыён «Трактар» застанецца і «няма інфармацыі, што зь ім будзе».

«У рамках нашай працы па вынасе сетак, па будаўніцтве новых інжынэрных сетак яго няма. Стадыён пакуль дзейнічае».

«Гэта адзін з прыкладаў, калі ў гараджанаў не пытаюцца»

У гарадзкіх актывістаў быў спадзеў, што новы стадыён пабудуюць на месцы старога стадыёну «Трактар», а ня побач зь ім, але гэтыя надзеі ня спраўдзіліся. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў каардынатар ініцыятывы «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў.

Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў

«Калі ўлічваць, што гэта інвэстыцыйны праект, што грошы ідуць з Кітаю і пытаньне будзе вырашацца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, то гэта пазбаўляе гараджанаў магчымасьці на нешта паўплываць. Гэта адзін з тых прыкладаў у Менску, калі ў гараджанаў не пытаюцца».

Паводле Кобрусева, грамадзкіх абмеркаваньняў праекту дэталёвай пляніроўкі не было.

«У грамадзкасьці была магчымасьць уплываць на генэральны плян толькі ў 2015 годзе. Больш ніякіх дэталёвых плянаў забудовы і магчымасьці выказацца супраць яго ў гараджанаў не было. І нават калі б гараджане выказваліся супраць, то мясцовыя ўлады на гэта не зьвярталі б увагі, бо само рашэньне прымаецца на значна вышэйшым узроўні».

Будоўлю Нацыянальнага футбольнага стадыёну рыхтуюць каля цяперашняга стадыёну «Трактар»
Будоўлю Нацыянальнага футбольнага стадыёну рыхтуюць каля цяперашняга стадыёну «Трактар»

​Дзяніс Кобрусеў лічыць, што было б лягічна пабудаваць новы стадыён на месцы старога, не чапаючы зялёнай зоны.

«Тым больш што гэта зялёная зона знаходзіцца на Партызанскім праспэкце і важная з экалягічнага пункту гледжаньня. Калі б будавалі на месцы старога стадыёну, то не было б наогул ніякіх праблемаў і пагаршэньня экалягічнай сытуацыі ў гэтым раёне».

«Вырашаюцца пытаньні па рэалізацыі маёмасных правоў грамадзян»

Басэйн міжнароднага стандарту кітайцы зьбіраюцца ўзводзіць непадалёк ад станцыі мэтро «Маладзёжная». Праект ратыфікацыі дамовы аб басэйне таксама знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў. Паводле папярэдніх разьлікаў, на будоўлю стадыёну і басэйна неабходна каля 180 мільёнаў даляраў.

Будоўля басэйна міжнароднага стандарту
Будоўля басэйна міжнароднага стандарту

А ў раёне вуліцы Кальварыйскай рыхтуюцца будаваць басэйн. Тут зносяць будынкі, сярод якіх друкарня.

Заказчык — упраўленьне капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму.

«Па басэйне ідзе падрыхтоўка тэрыторыі да зносу абʼектаў. Частку абʼектаў ужо зьнесьлі. Вырашаюцца пытаньні па рэалізацыі маёмасных правоў грамадзян», — сказала карэспандэнту Свабоды першая намесьніца кіраўніка камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Алена Сухадолава.

На пляцоўцы пад басэйн
На пляцоўцы пад басэйн

«Адміністрацыя пакажа тую прыгажосьць»

Аднак праектныя працы па саміх будынках яшчэ не гатовыя і ня ўзгодненыя з усімі бакамі.

«У складзе горадабудаўнічай дакумэнтацыі разьмяшчэньне дадзенага абʼекта было прадугледжана. І людзі былі ўжо інфармаваныя. У рамках рашэньня дэталёвага пляну там закладзеныя парамэтры, функцыянал аб'екта, таму людзей мы як бы інфармуем, — сказала Алена Сухадолава. — Думаю, калі будзе архітэктурнае рашэньне, адміністрацыя раёну таксама разьмесьціць яго на сайце, пакажа прыгажосьць, якая там будзе».

Адзін з праектаў Нацыянальнага футбольнага стадыёну
Адзін з праектаў Нацыянальнага футбольнага стадыёну

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG