Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуюць кітайскія падарункі Беларусі


Будаўніцтва беларуска-кітайскага заводу «БелДжы», архіўнае фо

Кітайская экспансія стварае ўсё больш праблемаў для Беларусі.

Сьцісла:

  • Калі пачаліся канфлікты з Расеяй, Лукашэнка меў спадзеў атрымаць грошы з Кітаю.
  • Аднак у адносінах з Кітаем не ўдалося рэалізаваць мадэль дачыненьняў з Расеяй (датацыі ўзамен на пацалункі). Ад самага пачатку з кітайскімі інвэстыцыямі не заладзілася.
  • Кітай робіць стаўку на зьвязаныя крэдыты.
  • Кітайскія праекты ўсё часьцей заканчваюцца скандаламі.
  • Гісторыя са Сьветлагорскім ЦКК выявіла чыста каляніяльны падыход Кітаю да Беларусі.

Чым абарочваюцца кітайскія падарункі?

6 жніўня на сустрэчы ў Лукашэнкі абмяркоўвалася падрыхтоўка да будаўніцтва ў Мінску нацыянальнага футбольнага стадыёну і басэйна. Гэтыя аб’екты плянуецца ўзьвесьці за кошт бязвыплатнай тэхніка-эканамічнай дапамогі з Кітаю коштам 235 млн даляраў. Кіраўнік Беларусі вельмі моцна дзякаваў кітайцам за такую дапамогу. Вонкава ўсё нібыта выдатна, беларуска-кітайскае сяброўства квітнее.

Аднак усяго чатыры дні таму, 2 жніўня, на вялікай нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалі вялікі скандал з кітайскай фірмай, якая будавала Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат (ЦКК).

«Бойцеся данайцаў, якія дары прыносяць», — пісаў Вэргілій, апавядаючы гісторыю пра траянскага каня. Калі слова «данайцы» замяніць на «кітайцы», то гэта якраз наш выпадак.

Афіцыйны Менск зрабіў стаўку на адносіны з Кітаем

У свой час, калі пачаліся канфлікты з Расеяй, Лукашэнка зрабіў стаўку на адносіны з Кітаем. Весткі пра тое, што там нямерана грошай, што ўвесь сьвет імкнецца атрымаць кітайскія інвэстыцыі, закружылі галаву. Каб залагодзіць Пэкін, сам Лукашэнка рабіў надзвычайныя захады. Было падпісана некалькі дамоваў, у якіх дэкляравалася «стратэгічнае партнэрства», «усепагодная дружба» і іншыя, па-ўсходняму салодкія хваласьпевы.

Але адразу ўсё пайшло неяк не зусім так, як разьлічвалася. Мала таго, што ў адносінах з Кітаем не ўдалося рэалізаваць мадэль дачыненьняў з Расеяй (датацыі ўзамен на пацалункі). Ад самага пачатку нешта не заладзілася з кітайскімі інвэстыцыямі. Іх аб’ём у 2018 годзе склаў 109 млн даляраў. Улічваючы маштаб эканомікі Кітаю, гэта зусім няшмат.

А вось кітайскімі крэдытамі — хоць заліся. Шмат гадоў беларускія чыноўнікі казалі пра кітайскую крэдытную лінію ў памеры 15 млрд даляраў, якую так і не асвоілі, бо не было адпаведных праектаў. Прычым крэдыты ўсе зьвязаныя. Кітайцы выстаўлялі ўмовы, каб беларусы куплялі кітайскае абсталяваньне, а праекты рэалізоўвалі з удзелам кітайскіх работнікаў.

Пакуль гаворка ішла пра супрацоўніцтва ў сфэры ВПК ці нейкія інфраструктурныя праекты (дарогі і інш.), не арыентаваныя на эканамічны эфэкт, усё ішло больш-менш нармальна. Але як толькі кітайцы пачалі будаваць прамысловыя прадпрыемствы, якія павінны былі даваць прыбыткі, адразу пачаліся праблемы. Напрыклад, цэмэнтныя заводы дасюль працуюць са стратамі.

Сэрыя скандалаў з рэалізацыяй кітайскіх праектаў

Потым пачаліся скандалы. Здарылася непрыемная гісторыя з Добрускай папяровай фабрыкай. Яе будавала кампанія «Сюань Юань», пуск быў заплянаваны на 2015 год. У траўні 2018 году тагачасны прэм’ер Андрэй Кабякоў заявіў, што дамова зь фірмай «Сюань Юань» скасаваная.

Перад вачыма — незавершаны скандал з акумулятарным заводам пад Берасьцем, дзе падрадчык будаўніцтва — кітайская «Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя».

І скандал вакол Сьветлагорскага ЦКК — гэта проста клясыка жанру. А як усё добра пачыналася!

Кантракт на будаўніцтва заводу па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы быў заключаны ў кастрычніку 2010 году паміж кітайскай кампаніяй САМСЕ і ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат», што ў падпарадкаваньні канцэрну «Беллеспаперапрам». Агульны кошт праекту склаў больш за 850 млн даляраў. Эксімбанк КНР і Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю далі беларускаму боку крэдыт у памеры 85% ад кошту кантракту. Новы завод плянавалі запусьціць яшчэ ў канцы 2015 году.

Аднак калі справа, здавалася, рухалася да шчасьлівага фіналу, выявілася, што электракабэль, які паклалі кітайцы, не адпавядаў стандартам бясьпекі, пры эксплюатацыі гэта магло скончыцца пажарам, выкідам хімічных рэчываў, экалягічнай катастрофай. Два гады цягнуліся перамовы, нарэшце кітайцаў уламалі, кабэль быў заменены.

Лукашэнка паставіў задачу «кроў з носу» запусьціць завод да 7 лістапада 2017 году, да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пуск адбыўся, аднак вакол заводу пачало сьмярдзець. На пачатку 2018 году Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя прыпыніла працу заводу. Вясной 2019 году ў адным з цэхаў камбінату абваліўся дах, работнікі прадпрыемства атрымалі траўмы.

Каляніяльны падыход кітайцаў да беларусаў

Аднак дамовіцца з кітайскай кампаніяй, каб тая давяла камбінат да нармальнага стану, не ўдалося. Кітайцы выставілі такія абразьлівыя ўмовы дадатковага пагадненьня, што нават кітаяфільскае кіраўніцтва краіны пастанавіла скасаваць кантракт.

І вось 5 траўня на сайце Office Life зьявіўся ліст канцэрну «Беллеспаперапрам» на адрас ураду, паводле якога кітайцы ўсталявалі на камбінаце адмысловую прыладу, якую можна выкарыстаць для дыстанцыйнага пашкоджаньня абсталяваньня. (Кіраўніцтва ЦКК абвяргае гэты факт.)

Раўнапраўнага супрацоўніцтва тут на відаць нават на гарызонце. Гэта такі чыста каляніяльны падыход да абарыгенаў. Кітайская экспансія на Беларусь стварае ўсё больш праблемаў для краіны.

А цяпер давайце лічыць. Гуманітарная дапамога ў выглядзе будаўніцтва стадыёну і басэйна каштавала 235 млн даляраў. А доўг толькі за Сьветлагорскі ЦКК склаў 800 млн даляраў, і яго вымушаны плаціць урад, бо камбінат ня могуць запусьціць, ён ня ў стане даваць прыбытак.

Мусіць, не выпадкова ў кулюарах форуму, які праходзіў у індустрыяльным парку «Вялікі камень» у ліпені, міністар фінансаў Максім Ермаловіч паведаміў, што новыя дзяржаўныя гарантыі (ні ад ураду, ні ад мясцовых органаў улады) пад выдачу крэдытаў на рэалізацыю камэрцыйных праектаў больш не даюцца.

Той выпадак, калі лепш позна, чым ніколі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG