Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уга, Муамар, Рэджэп і Валодзя. Лукашэнка і ягоныя «палітычныя браты»


Сьпіс палітычных «братоў» і сяброў Аляксандра Лукашэнкі, адзін зь якіх «найвялікшы».

Цягам амаль 25 гадоў на прэзыдэнцкай пасадзе Аляксандар Лукашэнка ня раз прызнаваўся ў сымпатыях да таго ці іншага замежнага палітычнага лідэра. Найвышэйшым паказьнікам прыязных адносінаў быў зварот «брат».

Брат Рэджэп

Аляксандар Лукашэнка 16 красавіка знаходзіцца з афіцыйным візытам у Турэччыне. Напярэдадні паездкі ён даў інтэрвію турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву Anadolu і, сярод іншага, расказаў пра свае ўзаемаадносіны з прэзыдэнтам краіны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

Аляксандар Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган падчас сустрэчы ў Турэччыне 16 красавіка 2019
Аляксандар Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган падчас сустрэчы ў Турэччыне 16 красавіка 2019

«Мы называем адзін аднаго братамі, гэта была ініцыятыва Рэджэпа Эрдагана, — падкрэсьліў Лукашэнка. — Я называю яго сваім сябрам, братам, па-рознаму. Але заўсёды як блізкія, можна сказаць, родныя людзі. Казаў яму: малю Бога і Алаха, каб нішто не перашкодзіла нам выбудоўваць добрыя адносіны».

Брат Уга

Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка ў Менску, 24 ліпеня 2006
Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка ў Менску, 24 ліпеня 2006

Першы палітычны «брат» зьявіўся ў Лукашэнкі ў сярэдзіне 2000-х. Гэта быў прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. Падчас першай сустрэчы ў Менску ў 2006 годзе яны адразу перайшлі на «ты» і вырашылі называць сябе «братамі». Праўда, неўзабаве Чавэс памёр ад цяжкай хваробы, і беларуска-вэнэсуэльскія кантакты, па сутнасьці, спыніліся.

«Адышоў з жыцьця блізкі, надзейны сябра, наш брат, прэзыдэнт Баліварыянскай Рэспублікі Вэнэсуэла Уга Чавэс Фрыяс... Спачывай зь мірам, сябра і брат Уга. Твая справа будзе жыць у вяках», — казаў Лукашэнка на пахаваньні Чавэса ў Каракасе ў сакавіку 2013 году.

Брат Муамар

Муамар Кадафі і Аляксандар Лукашэнка, 2008 год
Муамар Кадафі і Аляксандар Лукашэнка, 2008 год

Яшчэ адным «братам» быў дыктатар Лібіі Муамар Кадафі. Лукашэнка і Кадафі пасьпелі пабываць адзін у аднаго ў гасьцях, а ў 2011-м падчас «арабскай вясны» лібійскі кіраўнік быў забіты.

«Я размаўляў зь ім падчас грамадзянскай вайны, хоць не афішаваў гэтага. Кажу, што ў цябе там адбываецца, брат Муамар? Людзі ўцякаюць, дыпляматы. „Вы ня тое тэлебачаньне гледзіце, спадар прэзыдэнт“, — чую ў адказ... Расьпялі прэзыдэнта, зьнішчылі дзяржаву. Стала лепш? Не!», — абураўся Лукашэнка пасьля рэвалюцыі ў Лібіі.

Брат Валодзя

Аляксандар Лукашэнка казаў пра «братэрства» і ў адносінах да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Аднак гэтае палітычнае братэрства не перашкодзіла двухбаковым канфліктам паміж Менскам і Масквою.

«Мы родныя браты, нам дзяліць няма чаго. Нам непатрэбныя пасярэднікі, якія колькі я прэзыдэнтам, столькі і ходзяць — то міратворцы, то пасярэднікі. Я неяк публічна сказаў: можа, яшчэ настане час, калі давядзецца сьпіна да сьпіны стаць і адстрэльвацца, як вайсковыя людзі кажуць», — казаў Лукашэнка падчас чарговай энэргетычнай спрэчкі ў 2016 годзе.

Найвялікшы сябар

Акрамя братоў, калі паслухаць Лукашэнку, ён мае вялікую колькасьць сяброў-палітыкаў. Зь яго боку такія прызнаньні былі на адрас дзейных і былых лідэраў.

Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, 2016 год
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, 2016 год

Статус «найвялікшага сябра» Лукашэнкі заслужыў кітайскі лідэр Сі Цзіньпін.

Сяброўскі інтэрнацыянал

Іншых Лукашэнка называў проста «сябрамі»:

  • Эва Маралес (Балівія),
  • Рафаэль Карэа (Эквадор),
  • Нікаляс Мадура (Вэнэсуэла),
  • Абдэль Фатах ас-Сісі (Эгіпет),
  • Наваз Шарыф (Пакістан),
  • Ільхам Аліеў (Азэрбайджан),
  • Гіёргі Маргвэлашвілі (Грузія),
  • Эмамалі Рахмон (Таджыкістан),
  • Шаўкат Мірзіёеў (Узбэкістан),
  • Гурбангулы Бэрдымухамэдаў (Туркмэністан),
  • Нурсултан Назарбаеў (Казахстан),
  • Ігар Дадон (Малдова),
  • Віктар Януковіч (Украіна).

Таксама былі сябрамі Аляксандра Лукашэнкі ўжо нябожчыкі Слабадан Мілошавіч (Югаславія), Садам Хусэйн (Ірак), Фідэль Кастра (Куба).

Ці не адзіны, каго «сяброўствам» Лукашэнка здолеў «укалоць», аказаўся экс-прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў. Яго беларускі кіраўнік назваў «закаранелым сябрам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG