Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сказаў, што ня мае сяброў-прэзыдэнтаў. Каго ён «адфрэндзіў»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін — першы называў другога «родным братам», другі казаў, што «быць можа, гэта любоў»
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін — першы называў другога «родным братам», другі казаў, што «быць можа, гэта любоў»

Раней Лукашэнка называў многіх палітыкаў сваімі сябрамі і братамі.

У час размовы з горадзенскімі студэнтамі Аляксандар Лукашэнка адказаў на пытаньне аб тым, ці ёсьць у палітыцы месца сяброўству.

«Не, я ўсё ж такі лічу, што гэта немагчыма, – перадае дзяржаўны тэлеканал СТВ адказ Лукашэнкі пра сяброўства ў палітыцы. – Гэта ня тое, што чалавек адказвае за нейкі дом, за сям'ю сваю, і другі чалавек, які ні за што не адказвае. Мы вольныя, мы сябруем, на нас мала ўзьдзейнічаюць — няма мільёнаў за сьпінай людзей, ад якіх ты таксама залежыш, і яны ад цябе. Гэта іншая справа.

А калі... Прэзыдэнт усё-ткі збольшага дзейнічае па вашай волі. А раптам у вас воля іншая? Я абавязаны яе выконваць, а яна не сыходзіцца з маім сябрам — якая тут дружба? Таму, напэўна, гэтае азначэньне, гэты тэрмін не падыходзіць да працы прэзыдэнтаў».

Пры тым Лукашэнка называў сябрамі шэраг кіраўнікоў дзяржаваў: напрыклад, у чэрвені бягучага году — прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева, сёлета ў красавіку — прэзыдэнта Малдовы Ігара Дадона, у сакавіку летась — прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдава і прэзыдэнта Грузіі Гіёргі Маргвэлашвілі, у студзені мінулага году — прэзыдэнта Эгіпту Абдэля Фатаха ас-Сісі, у кастрычніку пазамінулага — прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева, сем гадоў таму казаў «ты мой вялікі сябра» асабіста прэзыдэнту Таджыкістану Эмамалі Рахмону...

Прэзыдэнта Кітаю Сі Цзіньпіна Лукашэнка называў ня толькі сваім сябрам, а і сябрам усёй Беларусі: у траўні летась ён казаў, што «напэўна, ужо няма ў Беларусі таго чалавека, які ня ведае пра нашыя стасункі, пра нашыя пэрспэктывы…»

Бывае, што «сяброўства» не абвяшчаецца ўзаемным, але па факце можа быць такім. Напрыклад, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка называў Лукашэнку сябрам, а Лукашэнка Парашэнку — прынамсі публічна — не (у адрозьненьне ад папярэдняга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча).

Падобна, найчасьцей Лукашэнка называў сябрам Уга Чавэса
Падобна, найчасьцей Лукашэнка называў сябрам Уга Чавэса

Магчыма, найвялікшага сябра-прэзыдэнта Лукашэнка ўжо страціў: ён неаднаразова называў так Уга Чавэса, былога прэзыдэнта Вэнэсуэлы. На пахаваньні Чавэса Лукашэнка плакаў, па сьмерці Чавэса ў Беларусі была абвешчаная трохдзённая агульнанацыянальная жалоба — найдаўжэйшая ў гісторыі дзяржавы, нават больш працяглая, чым была па трагедыі на Нямізе.

Сябрамі Лукашэнкі лічыліся і іншыя памерлыя і забітыя дыктатары, у тым ліку Слабадан Мілошавіч зь Югаславіі, Садам Хусэйн з Іраку, Фідэль Кастра з Кубы, Муамар Кадафі зь Лібіі.

Таго ж Муамара Кадафі Лукашэнка называў ня проста сябрам, а братам. Таксама ён называў Уладзіміра Пуціна: маўляў, «мы родныя браты, нам няма чаго дзяліць».

Праўда, Лукашэнка пастаянна крытыкуе «роднага брата». У сьнежні 2009-га ў Пуціна спыталі, чаму так. Пуцін адказаў пытаньнем: «Можа, гэта любоў?»

Але слова «сябар» з вуснаў Лукашэнкі не заўсёды ўжываецца ў пазытыўным значэньні. Цяперашняга расейскага прэм’ера, экс-прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева Лукашэнка называў «закаранелым сябрам», калі казаў, што той яго пужае падвышэньнем цэнаў на газ.

Часам Лукашэнка ўдакладняе, як у 2012 годзе: «…мой сябра Нурсултан Назарбаеў, я гэта ў добрым сэнсе кажу…».

А зрынутага экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева Лукашэнка прыняў у Беларусі, хоць, казаў ён, той «ня быў маім сябрам, як тыя прэзыдэнты, якія яго кінулі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG