Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэла запазычылася Беларусі 113 мільёнаў даляраў, але беларускія будаўнікі «ўсё разумеюць»


Нікаляс Мадура і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Нікаляс Мадура і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Беларускія прадпрыемствы працягваюць будаваць аб’екты ў Вэнэсуэле, хоць не атрымліваюць належных грошай, распавёў у перадачы «Контуры» дзяржаўнага тэлеканалу АНТ міністар архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Чорны.

У Каракасе беларусы ўжо збудавалі прадпрыемствы па зьбіраньні машынаў МАЗ, трактароў «Беларус» і дарожна-будаўнічай тэхнікі «Амкадор», а таксама аграгарадок зь дзьвюма сотнямі дамоў; будуюцца найбуйнейшы ў Лацінскай Амэрыцы цагляны завод і два жылыя дамы; плянуюцца яшчэ 4 аграгарадкі, калі вэнэсуэльцы знойдуць фінансаваньне. Таксама заключаныя кантракты на пастаўку тэхнікі, але беларускі бок пакуль чакае сустрэчнага руху з Вэнэсуэлы: паставак жалеза, якія пойдуць у залік запазычанасьці і ў аплату за дэталі для тэхнікі.

«Запазычанасьць значная, — казаў Анатоль Чорны. — 108 мільёнаў даляраў запазычанасьць перад кампаніяй „Белзамежбуд“, і вось два дамы, што будуюцца, даюць яшчэ пяць мільёнаў даляраў. Таму фінансавае становішча складанае. Тым ня менш, разумеючы сытуацыю, разумеючы адносіны паміж нашымі краінамі, мы працягваем будаўніцтва».

З часоў Уга Чавэса таваразварот Беларусі з Вэнэсуэлай упаў у 700 разоў

У Вэнэсуэле пасьля сьмерці папярэдняга кіраўніка краіны Уга Чавэса і ад пачатку кіраваньня Нікаляса Мадуры цягнецца эканамічны крызіс, які прывёў, сярод іншага, да прадуктовага дэфіцыту і голаду. У выніку крызісу 75% жыхароў Вэнэсуэлы страцілі ў сярэднім амаль па дзевяць кіляграмаў вагі, краіна перажывае рэкордны ўзровень дзіцячага недаяданьня. У адказ на крызіс Мадура прапанаваў плян разьвядзеньня трусоў (у рэпартажы АНТ хатняя гаспадыня кажа, што гадуе трусікаў, але ня хоча іх есьці). Праз эканамічны крызіс і спробу Мадуры пашырыць уладу ў Вэнэсуэле адбываюцца масавыя пратэсты. ЗША ўвялі санкцыі супраць прэзыдэнта Вэнэсуэлы, а прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп казаў, што не выключае варыянту ваеннага вырашэньня крызісу ў Вэнэсуэле. Мадура на гэта адказаў абвяшчэньнем вайсковых вучэньняў.

Лукашэнка лічыць праблемы Вэнэсуэлы перабольшанымі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG