Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З часоў Уга Чавэса таваразварот Беларусі з Вэнэсуэлай упаў у 700 разоў


Архіўнае фота. Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавес (справа) аглядае адзін з танкаў у Ваеннай акадэміі Беларусі ў Менску, 25 ліпеня 2006 году

Да візыту Нікаляса Мадуры Свабода высьветліла лёс супольных беларуска-вэнэсуэльскіх эканамічных праектаў.

Сёньня ў Палацы Незалежнасьці пройдуць перамовы кіраўнікоў Беларусі і Вэнэсуэлы — Аляксандра Лукашэнкі і Нікаляса Мадуры.

Спачатку яны сустрэнуцца ў фармаце «сам-насам», а затым у пашыраным складзе з удзелам дэлегацый. Бакі маюць разгледзець тэмы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, рэалізацыі двухбаковых праектаў, працу сумесных зборачных вытворчасьцяў, узаемадзеяньня ў аграрнай, будаўнічай, нафтагазавай і іншых галінах.

У гэты ж дзень Нікаляс Мадура возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцьця ў Менску помніка нацыянальнаму герою Паўднёвай Амэрыкі Сымону Балівару.

Перад гэтым ён сустракаўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Масква пагадзілася пайсьці насустрач, каб перагледзець умовы рэструктурызацыі амаль 3-мільярднага доўгу.

Афіцыйны візыт кіраўніка Вэнэсуэлы ў Менск адбываюцца на фоне палітычнага і эканамічнага крызісу, які фактычна спаралізаваў ягоную краіну.

Хоць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Мадуры заканчваюцца ў 2019 годзе, вэнэсуэльскі парлямэнт, які кантралюецца апазыцыяй, не спыняе спробы імпічмэнту празь «невыкананьне кіраўніком дзяржавы сваіх абавязкаў». Найперш яму ставіцца ў віну бязьдзейнасьць у барацьбе з эканамічным крызісам.

Таваразварот упаў з 1300 мільёнаў даляраў да 2 мільёнаў

Нягледзячы на ўнікальныя прыродныя рэсурсы, багатыя нетры і вялізныя нафтагазавыя радовішчы, апошнія гады гэтая лацінаамэрыканская краіна жыве ў стане жорсткіх эканамічных абмежаваньняў. Рэгулярна прыходзяць зьвесткі пра недахоп прадуктаў харчаваньня і тавараў першай неабходнасьці, ліміты на электрычнасьць і ваду, чорны рынак і крымінал. Суседнія дзяржавы ледзь спраўляюцца з вэнэсуэльцамі, якія штурмуюць прымежныя крамы і запраўкі.

Няпэўная палітычная будучыня Мадуры рызыкуе канчаткова паставіць крыж на беларускіх праектах у Вэнэсуэле — нягледзячы на тое, што афіцыйны Менск па інэрцыі называе Каракас адным з галоўных эканамічных і палітычных партнэраў.

Інтэнсіўныя беларуска-вэнэсуэльскія палітычныя і эканамічныя дачыненьні распачаліся ў сярэдзіне 2000-х.

Яны трымаліся на асабістых кантактах «братоў па крыві» — як патасна называлі сябе Аляксандар Лукашэнкі і Уга Чавэс. Падчас візытаў на найвышэйшым узроўні выстройвалася доўгатэрміновая стратэгія супрацоўніцтва. У сакавіку 2013-га Уга Чавэс памёр ад анкалягічнай хваробы, і гэтая актыўнасьць пачала затухаць.

Па выніках 2013 году таваразварот Беларусі і Вэнэсуэлы склаў усяго 14% ад узроўню папярэдняга, а за наступны год гэты паказьнік абваліўся адразу ў 25 разоў — ад 1 мільярду 300 мільёнаў даляраў да паўсотні мільёнаў.

Па выніках 2016 году быў устаноўлены новы рэкорд — меней за 2 мільёны даляраў. З часоў Уга Чавеса таваразварот Беларусі з Вэнэсуэлай упаў у 700 разоў. Прычым імпарт з Вэнэсуэлы ў статыстыцы не фігуруе ўвогуле, а Беларусь спыніла пастаўкі ў некалі стратэгічных пазыцыях — калійныя ўгнаеньні, рухавікі ўнутранага згараньня, пагрузчыкі, дарожная і будаўнічая тэхніка, запчасткі для аўтамабіляў і трактароў, будматэрыялы, лякі і фарбы, тэкстыль і г.д. У Вэнэсуэле папросту няма на гэта грошай.

За першыя паўгода 2017-га лічба таваразвароту склала 5 мільёнаў даляраў, амаль усё — беларускі экспарт.

Беларускае будаўніцтва ў Вэнэсуэле амаль спынілася

У канцы 2000-х Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка ва ўрачыстай атмасфэры далі старт амбітнай кампаніі — перасяліць вэнэсуэльцаў з фавэлаў у сучаснае жыльлё. Было заплянавана ўзьвесьці мільён сацыяльных кватэр, да рэалізацыі задумы падключылі праектантаў і будаўнікоў з арганізацыі «Белзамежбуд», НДІ горадабудаўніцтва, прадпрыемства «Менскпраект» ды іншых.

Уга Чавэс (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка, 2007 год
Уга Чавэс (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка, 2007 год

Дзеля справядлівасьці, па жыльлю праграму-мінімум бакам выканаць удалося — летась абазначаны паказьнік быў узяты. Аднак пасьля гэтага жыльлёвая праграма з удзелам беларусаў згарнулася: абвал нафтавых цэнаў на ўсясьветным рынку спыніў паступленьні ў вэнэсуэльскі бюджэт, сродкі на сацыяльныя праекты былі замарожаныя.

Намесьнік дырэктара БелНДІ горадабудаўніцтва Юры Віньнікаў пацьвярджае, што апошнія гады адмыслоўцы ведамства ў Вэнэсуэле не запатрабаваныя:

«Я ў Вэнэсуэле ня быў ад 2013 году. Нашы праекты пад Каракасам і ў Барынасе закрылі, ніякіх сувязяў больш не засталося. У нас быў абʼём па жыльлю, мы сваю частку выканалі, пасьля чаго супраца спынілася. Не магу сказаць, як праект закрываўся юрыдычна, аднак потым паездак не было — ні я, ні мае калегі туды больш не выяжджалі. Відаць, узьніклі праблемы зь фінансаваньнем. Нейкае будаўніцтва нібыта працягваецца, хоць ня ведаю, у якіх абʼёмах і дзе канкрэтна, бо ні з кім з былых партнэраў стасункаў не падтрымліваем. Але, зноў жа, калі зьніжаюцца абʼёмы фінансаваньня, натуральным чынам зьніжаюцца і абʼёмы будаўніцтва».

Ілюстрацыйнае фота. Аўтамабілі МАЗ
Ілюстрацыйнае фота. Аўтамабілі МАЗ

​Ад пачатку плянавалася, што ў Вэнэсуэле беларусы будуць працаваць на прадпрыемствах па зборцы трактароў «Беларус», аўтамабіляў МАЗ, пагрузчыкаў «Амкадор», узводзіць жыльлё, газыфікаваць паселішчы, здабываць нафту, абслугоўваць радовішчы.

Пэўны аб’ём сапраўды быў зроблены, але сёньня ў адміністрацыях пералічаных заводаў прызнаюць: пастаўкі камплектных частак за акіян спыненыя. Пры тым, што, згодна з задумай, адных толькі трактароў «Беларусь» меліся зьбіраць 5 тысяч штогод. Нейкі час завод у Барынасе яшчэ працаваў на старых запасах, бо з прычыны шматузроўневай бюракратыі машынакамплекты месяцамі чакалі сваёй чаргі.

Беларускіх спэцыялістаў у Вэнэсуэле амаль няма

Няма замоваў і на газыфікацыю жылых дамоў. Прадпрыемства «Белгазбуд» укамплектавала тэхнічным абсталяваньнем блізу 15 тысяч дамоў у Барынасе, але новы кантракт так і ня быў падпісаны. Цяпер беларускіх газавікоў у Вэнэсуэле няма.

Зайшлі ў тупік некалькі сумесных праектаў з прыцягненьнем адмыслоўцаў абʼяднаньня «Белпалівагаз». Цягам папярэдніх гадоў у Вэнэсуэлу пастаўлялася абсталяваньне для пераводу аўтамабіляў з бэнзіну на газ, беларусы на сталай аснове навучалі мясцовых спэцыялістаў. Апошнім часам выяжджалі толькі некалькі кансультантаў для падрыхтоўкі кадраў для будучага газаправоду.

Зрэшты, падобна, што і праект будоўлі 200-кілямэтровай ніткі Баркісімэта — Барынас на няпэўны час пакладзеныя пад сукно. Распачаць работы меркавалася яшчэ ў 2014 годзе, было створана прадпрыемства «Вэнэсуэлагазбуд С.А.», але фінансаваньня хапіла толькі на падрыхтоўку дакумэнтацыі.

Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг Вэнэсуэлы на газа- і нафтахімічным заводзе
Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг Вэнэсуэлы на газа- і нафтахімічным заводзе

Сёньня няма сыстэматызаваных зьвестак, колькі беларусаў працуе ў Вэнэсуэле. У лепшыя часы, калі вяліся будаўнічыя работы, у афіцыйных крыніцах фігуравала інфармацыя пра «некалькі тысяч» кантрактнікаў —будаўнікоў, інжынэраў, архітэктараў, спэцыялістаў газавай і нафтавай галіны. Цяпер зрэдку выпраўляюць кансультантаў, якія забясьпечваюць працу складанага абсталяваньня. Лік ідзе на адзінкі.

«Тыя, хто сёньня сустракаюцца, як мінімум дрэнна праінфармаваныя пра жывыя вынікі таго, што і чаму ў іх не атрымалася, — лічыць адзін з будаўнікоў, які некалькі гадоў працаваў у Вэнэсуле. — Таму ўсё і сьпісваецца на «палітычную нестабільнасьць» у Вэнэсуэле. Яна ў гэтай сытуацыі ёсьць найлепшай магчымасьцю захаваць аблічча, дзе канкрэтныя ўласныя хібы элегантна закрываюцца ў катэгорыю «дэструктыўнай дзейнасьці вонкавых і ўнутраных ворагаў».

Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс на нафтавым заводзе ў Вэнэсуэле, 2007 год
Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс на нафтавым заводзе ў Вэнэсуэле, 2007 год

Супольныя нафтагазавыя праекты пад пагрозай

Неакрэсьлена выглядае будучыня і ў галіне, якая на зары супрацоўніцтва падавалася ці ня самай пэрспэктыўнай, — нафтавай. У 2010-м на тле сыравіннага канфлікту з Масквой у сьвеце назіралі за лягістычным экспэрымэнтам Менску і Каракасу — 80 тысяч тон вэнэсуэльскай нафты больш за месяц спачатку плылі танкерам праз акіян, а потым 1,5 тысячы цыстэрнаў ехалі чыгункай да Мазыра, каб забясьпечыць некалькі дзён працы мясцоваму перапрацоўчаму заводу.

Пасьля некалькіх ходак было вырашана зьмяніць стратэгію і дапусьціць Беларусь да радовішчаў «чорнага золата» ў Вэнэсуэле. Але створанае сумеснае прадпрыемства «Пэтралера БелВэнэсаляна» замест заплянаваных 7 мільёнаў тон нафты штогод здолела выйсьці толькі на мільён — няшмат у параўнаньні з тым, што перапрацоўваюць беларускія НПЗ з расейскай сыравіны. Аналягічная гісторыя і з прыродным газам — менш за 1 мільярд кубамэтраў на год. Але сёньня няма і гэтых аб’ёмаў.

Нацыянальная эканоміка Вэнэсуэлы больш як на 90% залежыць ад продажу энэргарэсурсаў. Нягледзячы на адны з найбагацейшых усясьветных запасаў нафты, краіна засталася бяз вонкавага падсілкоўваньня — 50 даляраў за барэль (плюс-мінус ваганьні) для «цяжкога» гатунку вэнэсуэльскай нафты мала. Прэзыдэнт Мадура падкрэсьліваў, што справядлівы кошт — 100 даляраў, хоць насамрэч для забесьпячэньня бюджэтнага балянсу краіне патрэбна 130 даляраў.

Паводле ацэнак экспэртаў, пры зьніжэньні цэнаў на нафту ўсяго на 1 даляр бюджэт Вэнэсуэлы губляе 700 мільёнаў даляраў. Пустая казна ўжо справакавала самую высокую ў сьвеце інфляцыю, а за ёй — і ланцужок наступстваў: зьбядненьне насельніцтва, паніку на таварным рынку, перасьлед спэкулянтаў і тых, хто стараецца затаварыцца ў запас.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG