Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў едзе ў Таджыкістан. Чым ён падобны да Эмамалі Рахмона і чым адрозьніваецца


Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі, Эмамалі Рахмон у таджыцкіх нацыянальных таджыцкіх касьцюмах, 16 траўня

Аляксандар Лукашэнка 27 верасьня другі раз за год — чацьвёрты раз за ўвесь час — выправіцца ў Таджыкістан. Там пройдзе сустрэча кіраўнікоў краінаў СНД, мае прысутнічаць у тым ліку Ўладзімір Пуцін. Пасьля двухдзённага саміту абяцаюць абвясьціць вынікі беларуска-расейскіх перамоваў. Апрача Пуціна, Лукашэнка правядзе перамовы з Эмамалі Рахмонам.

Да таго Лукашэнка быў у Таджыкістане ў траўні 2018 году, а таксама ў 2000 і 2011 гадах. Таджыцкі лідэр Рахмон наведваў Беларусь таксама двойчы — у 2001 і 2014 гадах.

Таджыкістан — адна з самых бедных краінаў у Эўразіі. У 1990-я гады краіна перажыла маштабную грамадзянскую вайну. Таджыкістан не ўваходзіць у Эўразійскі эканамічны саюз, аднак зьяўляецца чальцом вайсковага саюзу АДКБ, у краіне дысьлякаваная расейская вайсковая база — 201-я мотастралковая дывізія.

Гэты матэрыял быў выдадзены 15 траўня 2018 году, напярэдадні мінулага візыту Лукашэнкі ў Таджыкістан.

З дырэктараў саўгасу ў вялікую палітыку

Эмамалі Рахмон нарадзіўся ў 1952 годзе ў пасёлку Дангара Кулябскай вобласьці Таджыкістану.

Вайсковую службу праходзіў на Ціхаакіянскім флёце СССР. Скончыў эканамічны факультэт Таджыцкага дзяржунівэрсытэту.

У 1988 годзе стаў дырэктарам саўгасу імя Леніна Дангарынскага раёну. З гэтай пасады ў 1990 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету.

Уладзімір Пуцін і Эмамалі Рахмон, Бішкек, красавік 2017
Уладзімір Пуцін і Эмамалі Рахмон, Бішкек, красавік 2017

Шлях на вяршыню

На пачатку 1990-х гадоў аб’яднаная апазыцыя дэмакратаў і ісламістаў адхіліла ад улады кіраўніка дзяржавы Рахмона Набіева. Улада перайшла да апазыцыі. Ёй супрацьстаяў пракамуністычны Народны фронт Таджыкістану, які падтрымлівалі Расея і Ўзбэкістан.

У краіне пачалася грамадзянская вайна.

У 1992 годзе Рахмон стаў старшынём Кулябскага аблвыканкаму. У тым жа годзе пазьней «прымірэнчая» сэсія парлямэнту, якая прайшла ў правінцыйным горадзе Худжанде, выбрала яго сваім старшынём. Сілы Народнага фронту ўзялі Душанбэ і выбілі адтуль атрады дэмакратаў і ісламістаў.

Прэзыдэнт з 1994 году

У лістападзе 1994 году ў Таджыкістане прайшлі рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі і прэзыдэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў Эмамалі Рахмон, які набраў 58,7% галасоў. Апазыцыя выбары і рэфэрэндум праігнаравала.

Перамір'е

На фоне ўзмацненьня ўлады талібаў у Аўганістане 27 чэрвеня 1997 году было заключанае перамірʼе паміж урадам Рахмона і Абʼяднанай таджыцкай апазыцыяй. Ісламісты ўліліся ў дзяржаўныя структуры, уключаючы парлямэнт і войска, што стала канцом грамадзянскай вайны. Падчас грамадзянскай вайны ў Таджыкістане, паводле розных ацэнак, загінулі ад 60 тысяч да 150 тысяч чалавек.

Рахмон і Лукашэнка, 2009 год
Рахмон і Лукашэнка, 2009 год

Канстытуцыйныя рэфэрэндумы і «элегантныя» перамогі

У 1999 годзе у краіне прайшоў рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю, у прыватнасьці аб павялічэньні тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў з 4 да 7 гадоў. У тым жа годзе адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх Рахмон, паводле афіцыйных дадзеных, атрымаў 96,9 % галасоў.

У чэрвені 2003 году адбыўся чарговы рэфэрэндум пра ўнясеньне паправак у Канстытуцыю. У ліку паправак быў дазвол прэзыдэнту кіраваць не адзін, а два сямігадовыя тэрміны запар. У адной з паправак адзначалася, што «выбары прэзыдэнта на два тэрміны запар пачынаюцца пасьля спыненьня паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта». Такім чынам, Рахмон мог ісьці на чарговыя выбары як на першыя. Гэтыя выбары адбыліся ў 2006 годзе, на іх Рахмон атрымаў перамогу, набраўшы 79,3% галасоў.

Наступныя прэзыдэнцкія выбары адбыліся ў 2013 годзе, Рахмон перамог на іх, атрымаўшы 83,92%.

А чарговы канстытуцыйны рэфэрэндум прайшоў у 2016 годзе. Сярод ухваленых зьменаў быў дазвол дзейнаму прэзыдэнту Эмамалі Рахмону балятавацца неабмежаваную колькасьць разоў, а таксама зьніжэньне мінімальнага ўзросту для кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта з 35 да 30 гадоў.

Наступныя прэзыдэнцкія выбары: бацька ці сын?

Чарговыя выбары прэзыдэнта Таджыкістану адбудуцца ў 2020 годзе (як і ў Беларусі па Канстытуцыі). У выбарах па выніках рэфэрэндуму 2016 году зможа прымаць удзел як Эмамалі Рахмон, гэтак і яго старэйшы сын Рустамі, якому летась споўнілася 30 гадоў. Рустамі Рахмон зараз зьяўляецца мэрам Душанбэ.

Эмамалі Рахмон з сынам Рустамі
Эмамалі Рахмон з сынам Рустамі

Тэрытарыяльныя саступкі Кітаю

Падчас візыту Рахмона ў Пэкін у 2003 годзе ён пагадзіўся саступіць КНР 1,1 тыс. км² у раёне Ўсходняга Паміру, хоць першапачаткова Кітай прэтэндаваў на тэрыторыю памерам 28,5 тыс. км² (амаль 20% тэрыторыі Таджыкістану). У 2011 годзе парлямэнт Таджыкістану ратыфікаваў пратакол дэмаркацыі кітайска-таджыцкай мяжы, паводле якога Кітаю адышлі 1,1 тыс. км² спрэчных тэрыторыяў.

Эмамал Рахмон, Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, Астана, 2010
Эмамал Рахмон, Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, Астана, 2010

Правы чалавека і ісламская апазыцыя

На думку міжнародных праваабарончых арганізацыяў, правы чалавека ў Таджыкістане сыстэматычна парушаюцца, адсутнічае незалежнасьць суду, дзейнічаюць жорсткія абмежаваньні свабоды выказваньня.

Адна з найбольш уплывовых і рашучых палітычных сілаў краіны — партыя «Хізб-ут-Тахрыр-аль-ісламія» (Партыя ісламскага вызваленьня). Гэтая арганізацыя забароненая, сотні людзей праз падазрэньні ў прыналежнасьці да яе арыштоўваліся, дзясяткі функцыянэраў партыі, у тым ліку і яе лідэры, асуджаныя на розныя тэрміны зьняволеньня.

Паводле рэйтынгу Freedom House «Свабода ў сьвеце» сярод 211 краінаў і тэрыторыяў Беларусь мела ацэнку 21 бал (1 — цалкам несвабодная, 100 — цалкам свабодная), Таджыкістан — 11.

Дбае пра ўсё: зубы, прозьвішчы і сьвяты

У 2006 годзе, наведваючы вясковую школу, Рахмон заўважыў у настаўніцы ўстаўныя залатыя зубы. Убачыўшы гэта, ён сказаў: «Як жа мы зможам пераканаць міжнародныя арганізацыі ў тым, што мы бедныя, калі ў нас вясковыя настаўнікі ходзяць з залатымі зубамі?» Пасьля гэтага ўсім грамадзянам Таджыкістану было загадана выдаліць залатыя зубныя пратэзы.

У 2007 годзе кіраўнік Таджыкістану вырашыў зьмяніць сваё імя і называцца не Эмамалі Рахмонавым, як раней ад нараджэньня, а Эмамалі Рахмонам. Ён таксама забараніў ЗАГСам рэгістраваць дзяцей, прозьвішчы якіх маюць славянскія канчаткі «-еў» і «-аў», дазволіўшы выкарыстоўваць толькі пэрсыдзкія варыянты іх напісаньня.

У 2007 годзе Рахмон ініцыяваў прыняцьцё закону «Аб парадку правядзеньня абрадаў», які забараняе праводзіць пышныя вясельлі і пахаваньні; закон вызначае, што вясельныя выдаткі павінны пароўну дзяліцца паміж жаніхом і нявестай.

Сага аб прэзыдэнце

У Таджыкістане ў сьвет выйшлі шэсьць кніг: «Эмамалі Рахмон — выратавальнік нацыі» (ахоплівае пэрыяд з 1992 па 1995 год), «Эмамалі Рахмон — заснавальнік міру і нацыянальнага адзінства» (1996-1999), «Эмамалі Рахмон — пачатак этапу стварэньня» (2000-2003), «Эмамалі Рахмон — год, роўны стагодзьдзям» (2004), «Эмамалі Рахмон: год культуры сьвету» (2005) і «Эмамалі Рахмон: год арыйскай цывілізацыі» (2006).

Эмамілі Рахмон і Аляксандар Лукашэнка, Менск, травень 2014
Эмамілі Рахмон і Аляксандар Лукашэнка, Менск, травень 2014

Дзяржаўная мова — адна

У 2009 годзе парлямэнт з ініцыятывы прэзыдэнта прыняў новы закон аб дзяржаўнай мове. Закон вызначыў таджыцкую мову як адзіную для зносінаў з органамі дзяржаўнай улады і кіраваньня. Паводле Канстытуцыі, расейская мова зьяўляецца мовай міжнацыянальных зносінаў.

У 2010 годзе верхняя палата парлямэнту Таджыкістану прыняла папраўкі ў закон, паводле якіх усе законы і нарматыўна-прававыя акты ў краіне ў афіцыйнай прэсе павінны друкавацца толькі на таджыцкай мове, у выніку чаго расейская была цалкам выключаная са справаводзтва.

Зьмена тапанімікі

Пры Рахмоне адбылося шмат перайменаванняў населеных пунктаў, якія мелі як савецкія і расейскія, так і цюркскія назвы. Горад Ура-Тюбе стаў Істараўшанам, Чкалаўск — Бустонам. Ленінабадзкая вобласьць стала Сагдыйскай, Гармскі раён — Рашцкім. Таксама перайменавалі шэраг кішлакоў і горныя вяршыні. Новыя назвы атрымалі вуліцы, якія раней мелі імёны расейскіх і савецкіх дзеячаў (Пушкіна, Гогаля, Гагарына і іншых)

Сямейны клан

У Рахмона дзевяць дзяцей — сем дачок і два сыны.

Старэйшы сын Рустамі быў начальнікам мытнай службы і дзяржкамітэту барацьбы з карупцыяй, з 2017 году — мэр Душанбэ. Другая дачка — Азада — з 2016 году кіруе адміністрацыяй прэзыдэнта, да таго была намесьніцай міністра замежных спраў.

Эмамалі Рахмон узнагароджвае сваю дачку Озаду мэдалём "Пашаны"
Эмамалі Рахмон узнагароджвае сваю дачку Озаду мэдалём "Пашаны"

Культ правадыра

У Таджыкістане ёсьць афіцыйнае сьвята — Дзень прэзыдэнта. Ён адзначаецца 16 лістапада, у гэты дзень у 1992 годзе Рахмон быў абраны старшынём парлямэнту. Яшчэ адно нацыянальнае сьвята — Дзень мовы — адзначаецца 5 кастрычніка, у дзень, які супадае зь днём нараджэньня прэзыдэнта.

У 2016 годзе быў прыняты закон, паводле якога кіраўнік дзяржавы атрымаў афіцыйны тытул «лідэр нацыі — заснавальнік міру і нацыянальнай згоды». Цяпер ва ўсіх афіцыйных дакумэнтах яго называюць менавіта так.

У гонар Рахмона названы новы пасёлак Рахмонабод у Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьці.

Палітычная карыкатура пра нэпатызм у таджыцкім урадзе
Палітычная карыкатура пра нэпатызм у таджыцкім урадзе

Цікавыя факты пра Таджыкістан і двухбаковыя адносіны

  • Таджыкістан, як і Беларусь, ня мае выхаду да мора
  • 93% тэрыторыі краіны займаюць горы
  • Насельніцтва — 7 мільёнаў 200 тысячаў чалавек
  • Суседнія краіны — Аўганістан, Кіргізстан, Кітай і Узбэкістан
  • У Беларусі доля тытульнага этнасу складае больш за 81%. У Таджыкістане сярод насельніцтва 69% таджыкаў, 25% узбэкаў, 3% расейцаў, 1% кіргізаў.
  • Эканоміка Таджыкістану апынулася ў вялізнай залежнасьці ад сродкаў, якія зарабляюць таджыкі, што працуюць за мяжой. Па выніках 2011 году, паводле Сусьветнага банку, у працэнтных адносінах да ВУП Таджыкістан стаў лідэрам па паступленьнях грошай ад мігрантаў. Гэтыя грашовыя пераводы склалі 47% ад ВУП краіны.
  • Таваразварот Беларусі і Таджыкістану нязначны, у 2017 годзе ён склаў 43 мільёны даляраў, зь іх 39 мільёнаў — беларускі экспарт у Таджыкістан.
  • У Таджыкістане працуюць тавараправодныя сеткі больш за 15 беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ «БелАЗ», ААТ «МАЗ», ААТ «МТЗ», ААТ «Амкадор», ААТ «Гомсельмаш», ААТ «Бабруйскаграмаш».
  • У 2008, 2009, 2010, 2015 і 2018 гадах Беларусь аказвала Таджыкістану гуманітарную дапамогу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG