Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорскі цэлюлёзны камбінат разрывае кантракт з кітайскім падрадчыкам


Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы

15 жніўня Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат правядзе пазачарговы сход акцыянэраў. Ключавое пытаньне — скасаваньне кантракту будаўнічага падраду з Кітайскай карпарацыяй інжынірынгу CAMCE. Інфармацыя пра гэта разьмешчана на сайце камбінату, паведамляе TUT.BY.

З 2010 году на базе Сьветлагорскага камбінату рэалізуецца інвэстыцыйны праект па будаўніцтве заводу беленай сульфатнай цэлюлёзы. Новае прадпрыемства разьлічвае на выпуск да 400 тысяч тон таварнай цэлюлёзы ў год.

Прамысловы гігант быў пабудаваны з нуля пры дапамозе крэдытаў кітайскіх банкаў, а генпадрадчыкам выступіла карпарацыя CAMCE. Агульны кошт будаўніцтва склаў каля 770 мільёнаў даляраў. Ужо пастаўлена і змантавана 99,2% прадугледжанага кантрактам абсталяваньня. Агульная будаўнічая гатоўнасьць складае каля 95%.

Увесь гэты час новы завод аказваецца ў эпіцэнтры скандалаў. То кітайцы ўсталююць забракаваную кабэльную прадукцыю, то мясцовыя жыхары абурацца смуродам. А нядаўна на камбінаце абвалілася частка даху аднаго з цэхаў.

Неўзабаве пасьля гэтага выпадку завод наведаў прэм’ер-міністар Сяргей Румас. Па выніках візыту стала зразумела, што дні кітайскага генпадрадчыка палічаныя, адзначае TUT.BY.

«Сёньня прадпрыемства працуе ў рэжыме досьледна-прамысловай эксплёатацыі. На жаль, у нас не атрымоўваецца апошнім часам дамовіцца з кітайскім генпадрадчыкам, каб ён у адпаведнасьці са сваімі кантрактнымі абавязацельствамі ўводзіў гэты завод у эксплёатацыю, і мы робім гэта сваімі сіламі, — адзначыў Сяргей Румас, якога цытуе прэс-служба ўраду. — З улікам адсутнасьці генпадрадчыка і здараюцца такія непрыемныя інцыдэнты, як выпадак з частковым абвальваньнем даху. Гэта непрыемны, але, на жаль, непазьбежны момант, калі абʼект уводзіцца не зусім у адпаведнасьці з інструкцыямі, якія прадугледжваюць увод менавіта генпадрадчыка».

Па словах Сяргея Румаса, прадпрыемства ўстойліва працуе на 60% ад вытворчай магутнасьці, калектыў ужо атрымаў неабходны вопыт. «Задача, якая пастаўленая кіраўніком дзяржавы аб уводзе ў эксплюатацыю гэтага завода ў IV квартале, безумоўна, будзе выкананая», — запэўніў кіраўнік ураду.

Ад камбінату паступіла просьба, каб у 2019 годзе пагашала доўг перад Эксімбанкам Кітая не прадпрыемства, а Міністэрства фінансаў. «З 2020 году грашовыя патокі дазваляюць прадпрыемству самому абслугоўваць крэдыт. Улічваючы, што тэрмін уводу заводу ў эксплёатацыю зацягнуўся, мы з разуменьнем ставімся да гэтага і будзе прынятае рашэньне аб прадстаўленьні адтэрміноўкі на адзін год. Для нас важна, каб гэта буйное прадпрыемства працавала», — рэзюмаваў Сяргей Румас.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG