Прэм’ер-міністар прызнаў аварыю, якую адмаўляла кіраўніцтва Сьветлагорскага заводу

17 траўня кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас наведаў Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, паведамляе БелТА. Па словах прэм’ера, завод беленай цэлюлёзы, які цяпер будуецца, мусіць запрацаваць на поўную магутнасьць да канца году. Цяпер ён працуе ў тэставым рэжыме.

Румас сказаў, што «прадпрыемства працуе ў рэжыме доследна-прамысловай эксплюатацыі» і паскардзіўся, што не атрымоўваецца дамовіцца з кітайскім генэральным падрадчыкам, «каб ён адпаведна сваім кантрактным абавязкам уводзіў гэты завод у эксплюатацыю, і мы робім гэта сваімі сіламі», — адзначыў Сяргей Румас.

«З улікам адсутнасьці генпадрадчыка і здараюцца такія непрыемныя інцыдэнты, як выпадак з частковым абвальваньнем даху. Гэта непрыемны, але, на жаль, непазьбежны момант, калі аб’ект ўводзіцца не зусім у адпаведнасьці з інструкцыямі, якія прадугледжваюць увод менавіта генпадрадчыкам», — сказаў ён.

Раней, калі мясцовыя жыхары казалі, што нядаўна ў адным з памяшканьняў заводу абрынуўся кавалак даху, кіраўніцтва заводу гэта абвяргала, але сваім падначаленым забараніла рабіць здымкі на працы.​

У лістападзе 2017 году на заводзе пад Сьветлагорскам, побач зь вёскай Якімава Слабада, пачаліся пусканаладачныя працы. Мясцовыя жыхары тады скардзіліся на смурод ад выкідаў з заводу. 25 сьнежня тут адбыўся стыхійны мітынг супраць заводу. У ім удзельнічала каля 200 чалавек. Яшчэ раней, у 2012 годзе, сьветлагорцы сабралі звыш 10 тысяч подпісаў супраць узьвядзеньня ў горадзе новага хімічнага прадпрыемства.

​
XS
SM
MD
LG