Цяпер завод беленай цэлюлёзы працуе «ў рэжыме досьледна-прамысловай эксплюатацыі», паведаміў кіраўнік ураду Беларусі Сяргей Румас.
17 траўня кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас наведаў Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, паведамляе БелТА. Па словах прэм’ера, завод беленай цэлюлёзы мусіць запрацаваць на поўную магутнасьць да канца году. Цяпер ён працуе ў тэставым рэжыме.
«Вытворчасьць сульфатнай беленай цэлюлёзы — адзін з найбуйнейшых праектаў, якія рэалізуюцца ў Беларусі. Сёньня прадпрыемства працуе ў рэжыме доследна-прамысловай эксплюатацыі. На жаль, нам не атрымоўваецца ў апошні час дамовіцца з кітайскім генпадрадчыкам, каб ён у адпаведнасьці са сваімі кантрактнымі абавязкамі ўводзіў гэты завод у эксплюатацыю, і мы робім гэта сваімі сіламі», — адзначыў Сяргей Румас.
У лістападзе 2017 году на заводзе пад Сьветлагорскам, побач зь вёскай Якімава Слабада, пачаліся пусканаладачныя працы. Мясцовыя жыхары тады скардзіліся на смурод ад выкідаў з заводу. 25 сьнежня тут адбыўся стыхійны мітынг супраць заводу. У ім удзельнічала каля 200 чалавек. Яшчэ раней, у 2012 годзе, сьветлагорцы сабралі звыш 10 тысяч подпісаў супраць узьвядзеньня ў горадзе новага хімічнага прадпрыемства.
Па інфармацыі мясцовых жыхароў нядаўна ў адным з памяшканьняў заводу абрынуўся кавалак даху. Кіраўніцтва заводу гэта абвяргае, але сваім падначаленым забараніла рабіць здымкі на працы.