Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў Сі Цзіньпіна зь перавыбраньнем. У іх абодвух цяпер «безьліміт на кіраваньне»


Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін у Пэкіне, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін у Пэкіне, архіўнае фота

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі апублікавала ад імя Лукашэнкі віншаваньне кіраўніку Кітайкай народнай рэспублікі Сі Цзіньпіну зь перавыбраньнем на пасаду 17 сакавіка.

«Пад Вашым мудрым кіраўніцтвам народ Кітаю ўпэўнена рэалізуе ў духу ідэі пра „сацыялізм з кітайскай спэцыфікай у новую эпоху“ грандыёзныя „мэты двух стагодзьдзяў“, накіраваныя на рост дабрабыту грамадзянаў і ажыцьцяўленьне мары аб вялікім адраджэньні нацыі», — сьцьвярджаецца ў звароце Аляксандра Лукашэнкі да Сі Цзіньпіна.

白罗斯, а не 白俄罗斯! Кірыл Руды заклікаў правільна называць Беларусь па-кітайску

Таксама Лукашэнка выказаў спадзеў на сустрэчу зь Сі Цзіньпінам на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Кітаі або паездку кіраўніка Кітаю ў Беларусь.

На мінулым тыдні Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў зацьвердзіў адмену тэрміну паўнамоцтваў старшыні КНР Сі Цзіньпіна, што дазваляе яму заставацца на сваёй пасадзе на нявызначаны тэрмін. Папраўка адмяняе сыстэму, уведзеную былым кітайскім лідэрам Дэн Сяопінам у 1982 годзе і закліканую прадухіліць вяртаньне да пажыцьцёвай дыктатуры, характэрнай для часоў Мао Цзэдуна. Каб папраўку не прынялі, Сі Цзіньпін мусіў бы пакінуць пасаду пасьля 2023 году.

Сі Цзіньпін усталёўвае стандарт для пачаткоўцаў аўтакратыі

Падобны «безьліміт» на прэзыдэнцкія тэрміны мае Лукашэнка. Абмежаваньне на толькі два тэрміны зьвялі па выніках рэфэрэндуму 2004 году — але той рэфэрэндум быў прызначаны з парушэньнем Канстытуцыі і заканадаўства, галасаваньне і падлік галасоў праводзіліся са шматлікімі парушэньнямі (тое самае было з двума папярэднімі рэфэрэндумамі). Як у прэзыдэнцкіх выбарах, так і ў выбарах дэпутатаў у Беларусі замежныя і мясцовыя незалежныя назіральнікі фіксуюць шматлікія парушэньні, называюць выбары недэмакратычнымі.

Кіраўніка Кітаю выбірае Ўсекітайскі сход народных прадстаўнікоў, але за мяжой сумняюцца ў самастойнасьці гэтага органа і незалежнасьці ад дзеючай улады, а значыць, і ў справядлівасьці такіх выбараў. На выбарах 17 сакавіка кандыдатуру Сі Цзіньпіна падтрымалі адзінагалосна 2970 дэлегатаў.

У шмат якіх краінах дзейнічае абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Такое ёсьць і ў Расеі, але ў ім знайшлі «дзіру»: там забараняецца быць прэзыдэнтам ня больш як два разы запар, але няма абмежаваньня на сумарную колькасьць тэрмінаў. Таму Ўладзімір Пуцін цяпер балятуецца ў прэзыдэнты ўжо ў чацьвёрты раз.

«Асаблівыя прыязныя стасункі»

Цягам 2017 году Аляксандар Лукашэнка адсылаў афіцыйныя прывітаньні кіраўніку Кітаю Сі Цьзіньпіну ня менш за чатыры разы — віншаваў з 25-годзьдзем дыпляматычных стасункаў (узаемна), днём народзінаў (ці віншаваў Сі Цьзіньпін Лукашэнкфу ў адказ, не паведамлялася), 90-годзьдзем стварэньня Народна-вызваленчай арміі Кітаю, днём абвяшчэньня Кітайскай Народнай Рэспублікі (Сі Цьзіньпін віншаваў Лукашэнку з Днём рэспублікі 4 ліпеня), таксама Лукашэнка выкаваў спачуваньні Сі Цьзіньпіну і родзічам ахвяраў апоўзню ў правінцыі Сычуань. Мікалай Лукашэнка віншаваў кітайцаў з Новым годам — сыграў на раялі, размаўляў па-кітайску.

Лукашэнка ў 2017 годзе сустракаўся з шэрагам кітайскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, у тым ліку ў траўні асабіста зь Сі Цьзіньпінам у Пэкіне пасьля форуму «Адзін пояс — адзін шлях», дзе абмяркоўваўся ў тым ліку новы Шаўковы шлях. Да таго Лукашэнка ладзіў у Менску сустрэчу з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ.

«Калі Расея захоча захапіць Беларусь — Кітай ня будзе яе абараняць»

У 2017 годзе кітайцы разам з грамадзянамі яшчэ васьмі дзясяткаў краінаў атрымалі магчымасьць езьдзіць у Беларусь бязь візы на 5 дзён (пры ўмове прылёту ў менскі аэрапорт), таксама Беларусь увяла бязьвізавы рэжым для кітайцаў, якія ўяжджаюць для афіцыйных паездак, да 30 дзён. Беларускі прэм’ер прапанаваў Кітаю абвясьціць 2018-ы Годам беларускага турызму, але ці пагадзіліся на гэта ў Кітаі, невядома.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі ў Пэкіне
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі ў Пэкіне

Беларусь актыўна гандлюе з Кітаем (больш, чым зь Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй і Польшчай, менш толькі за гандаль з Расеяй і Ўкраінай), але прадае мала і купляе шмат: таваразварот склаў у 2017 годзе 2,8 млрд даляраў, што на 22,4% больш за 2016 год, але беларускага экспарту ў гэтым таваразвароце толькі 319 млн даляраў (гэта на 21% меней за 2016 год), астатняе — імпарт. Лукашэнку гэта насьцярожвала.

«Менск-таўн» — кітайскі трамплін у Эўропу. Рэпартаж з будучага кітайскага гораду ў Беларусі

Цягам 2017 году Беларусь пазычыла 306,6 млн даляраў з кітайскіх банкаў, сплаціла Кітаю 245,8 млн па ранейшых пазыках. Пад Менскам будуецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк.

На пачатку 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне аб аздараўленьні ў Беларусі 330 кітайскіх дзяцей: у праграме адпачынак у лягеры «Зубраня» і лячэньне ў цэнтры «Ждановічы», а таксама экскурсіі. Такім чынам, паводле прэс-службы Лукашэнкі, дэманструюцца «асаблівыя прыязныя стасункі» Беларусі і Кітаю.

Што дае Беларусі супрацоўніцтва з Кітаем?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG