Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабякоў прапанаваў Кітаю абвясьціць 2018-ы Годам беларускага турызму


Андрэй Кабякоў, архіўнае фота

Прадстаўнік Кітаю заявіў, што «ўсе ініцыятывы Беларусі ўважліва разглядаюцца» яго краінай. Ці прыняў Кітай беларускую прапанову, наўпрост не гаворыцца, але сайт беларускага ўраду ўпэўнена піша: год будзе абвешчаны такім.

Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў прапанаваў прэм’еру Дзяржаўнай рады Кітаю Лі Кэцяну абвясьціць 2018 год Годам турызму ў Беларусі на сустрэчы ў Расейскім Сочы, дзе адбываецца паседжаньне Савету кіраўнікоў урадаў Шанхайскай арганізацыі супрацы. Як перадае сайт беларускага ўраду, прадстаўнік Кітаю пагадзіўся.

«Сёньня Беларусь распрацоўвае комплексную канцэпцыю разьвіцьця турызму ня проста як галіны, а як аднаго з рухавікоў нацыянальнай эканомікі, – сьцьвярджаецца на сайце ўраду. – Галоўным каталізатарам сусьветнага турызму бачыцца Кітай, і Беларусі ёсьць што прапанаваць кітайскім турыстам».

Мінспорту і турызму: Колькасьць расейскіх турыстаў у Беларусь скарацілася на 15%

Кітайцы могуць прыяжджаць у Беларусь бязь візы на тэрмін да 5 дзён, таксама візы не патрэбныя для турыстычных групаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі (PDF), Беларусь у 2016 годзе наведалі 217,4 тысячы арганізаваных замежных турыстаў. Кітайцаў зь іх было менш за адзін адсотак – 1579 (Кітай у 2016 годзе наведалі 962 беларусы). Але гэта значны рост у параўнаньні зь мінулымі гадамі: за пяць год да таго Беларусь наведвалі толькі тры сотні кітайцаў. Асноўную колькасьць замежных турыстаў Беларусі дае Расея: больш за 78% у 2016 годзе.

На сустрэчы Кабякова і Кэцяна абмяркоўвалася таксама фінансава-крэдытная супраца ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку: Кабякоў заявіў, што цяпер працягваецца «стварэньне інфраструктуры» пад парк, прадстаўнік Кітаю жа заявіў, што яго краіна «нацэленая на рэалізацыю канкрэтных узаемавыгадных праектаў».

Замежныя інвэстыцыі і помнікі Леніну

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG