Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе Беларусь


Ангельская мова ў транспарце, замежныя футбольныя фанаты, мільёны даляраў прыбытку і іншыя рэчы.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію выданьню Financial Times расказаў, што бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 краін сьвету можа быць павялічаны з 5 сутак да 10 і, магчыма, нават да 30. «Але ісьці да гэтага мы будзем паступова, крок за крокам», — сказаў міністар. Ён дадаў, што рашэньне пра большы «бязьвізавы» тэрмін можа быць прынятае яшчэ да канца году. Свабода сабрала пяць прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым ужо зьмяніў Беларусь.

Мяжа з Расеяй пачынае нагадваць межы зь іншымі суседзямі

Бязьвіз у Беларусі пачаўся 12 лютага 2017 году. Але да зьменаў у беларуска-расейскіх адносінах ён прывёў яшчэ раней. Ужо 2 лютага ФСБ увяла на мяжы зь Беларусьсю памежную зону. Новаўвядзеньне нарабіла паабапал мяжы шмат шуму.

«Мы паважаем сувэрэнітэт Беларусі, але нас трошкі насьцярожвае гэты ўказ аб бязьвізавым уезьдзе ў Нацыянальны аэрапорт грамадзян 80 краін. Мы ня кажам, што гэта дрэнна ці добра. У Расею, напрыклад, бязь віз заяжджаюць грамадзяне больш як ста краін. Але не адразу ж», — пракамэнтаваў рашэньне аднавіць памежную зону амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

Увядзеньне памежнай зоны ня надта патурбавала беларусаў і расейцаў, для іх нічога не зьмянілася. Празь мяжу паміж Беларусьсю і Расеяй па-ранейшаму можна праехаць без дадатковых дакумэнтаў, хапае пашпарта, а кантроль застаецца выбарачным.

Але ад 15 траўня ў міжнародныя тэрміналы расейскіх аэрапортаў былі пераведзеныя ўсе рэйсы зь Менску, якія раней абслугоўваліся як унутраныя. А ў сярэдзіне кастрычніка стала вядома, што пункты пропуску на беларуска-расейскай мяжы могуць зьявіцца ўжо ў 2018 годзе, калі ў Расеі пройдзе чэмпіянат сьвету па футболе.

Фанаты "Кёльна" на Барысаў-Арэне
Фанаты "Кёльна" на Барысаў-Арэне

На стадыёнах стала больш замежных фанатаў

Заўзятары «Барсэлёны», «Рэала», «Ювэнтуса» і іншых эўрапейскіх футбольных грандаў прыяжджалі ў Беларусь і да ўвядзеньня 5-дзённага бязьвізавага рэжыму. Аднак у 2017 годзе іх стала заўважна больш. На матч групавога этапу Лігі Эўропы БАТЭ — «Кёльн» прыехала каля 1200 фанатаў нямецкага клюбу. Гульня БАТЭ — «Арсэнал» сабрала яшчэ больш прыхільнікаў гасьцей. У абодвух выпадках прыежджыя фанаты запаўнялі ня толькі гасьцявыя трыбуны (яны зьмяшчаюць каля 1000 чалавек), але і суседнія.

Гэты ажыятаж моцна адрозьніваецца ад таго, што было да лютага 2017 году. Увосень 2015-га, напрыклад, гасьцявы сэктар ня быў запоўнены нават падчас прыезду ў Барысаў «Барсэлёны». Тады 300 квіткоў гасьцявога сэктару прадалі заўзятарам БАТЭ.

Пры тым, што колькасьць замежных фанатаў вырасла ў разы, толькі адзін замежнік трапіў у непрыемную гісторыю. Фанат «Кёльна» справіў малую патрэбу на нулявы кілямэтар у цэнтры Менску. Небараку схапілі супрацоўнікі АМАПу і даставілі ў пастарунак. Празь некалькі дзён яго дэпартавалі ў Нямеччыну.

Ангельская мова зьявілася ў мэтро і на вуліцах

Пераважна расейскамоўны Менск пачаў падстройвацца да патэнцыйных бязьвізавых турыстаў за два дні да ўвядзеньня бязьвізу. Ужо 10 лютага ў сталічным мэтро зноў загучала ангельская мова. Раней абвесткі накшталт «Next station Kastryčnickaja» можна было пачуць падчас правядзеньня ў Менску Чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе. Цяпер гэта стала звыклай справай.

Акрамя гэтага, па-ангельску «загаварылі» аўтобусы на экскурсійных маршрутах па праспэктах Незалежнасьці і Пераможцаў. Замежную мову часьцей можна пачуць у барах і кавярнях, на вуліцах, у іншых публічных месцах.

Запоўніліся гатэлі, набудаваныя да чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе

Увядзеньне бязьвізавага рэжыму вельмі паспрыяла загрузцы гатэляў. Пра гэта Свабодзе кажа галоўны рэдактар выданьня «Туризм и отдых» Лілія Кобзік.

«У нас ня так шмат у краіне прыродных адметнасьцяў, каб проста людзі ехалі і ехалі. А нейкія гарадзкія туры, сіці-брэйкі, магчымасьць паглядзець для першага разу горад які беларускі, — гэта ўсё ж такі забясьпечваюць гатэлі».

Разам з тым гатэлі ўсё яшчэ загружаныя ня цалкам. На думку Ліліі Кобзік, дапамагчы зьмяніць сытуацыю можа падаўжэньне бязьвізавага рэжыму з 5 дзён на большы тэрмін. Таксама прыезду большай колькасьці турыстаў паспрыяе распаўсюджваньне бязьвізу на наземныя памежныя пераходы.

«Мы ўвялі бязьвіз, і гэта палепшыла працу нашых турфірмаў, якія працуюць на ўезд, бізнэс-атмасфэру, — кажа Кобзік. — Але ў нас бязьвіз выйшаў ня комплексны, як некалі ўкраінцы адчынялі краіну, а такі пакрокавы».

Чыноўнікі пачалі выказвацца за адмену візаў

«Сярэдні тэрмін знаходжаньня турыстаў склаў двое і болей сутак. У сярэднім у дзень турыст у Горадні і Гарадзенскім раёне пакідаў 100–120 эўра. Такім чынам, бязьвізавыя турысты выдаткавалі звыш 10 мільёнаў даляраў», — сказаў БелТА кіраўнік упраўленьня спорту і турызму Алег Андрэйчык.

Па яго словах, першы год бязьвізавага рэжыму станоўча адбіўся на разьвіцьці рэгіёну. Гарадзенскае кіраўніцтва таксама выступае за тое, каб дзеяньне правілаў аб бязьвізавым уезьдзе распаўсюдзілася на чыгуначны транспарт (цяпер у Горадню з Польшчы і Літвы можна праехаць толькі на аўтамабілі або аўтобусе).

Алег Андрэйчык сказаў, што за год Горадню і ваколіцы наведалі 43 тысячы турыстаў з 65 краін. За гэты час колькасьць турыстычных фірмаў, арыентаваных на ўнутраны турызм, вырасла з 9 да 73, экспарт турыстычных паслугаў у горадзе вырас на 40%. Толькі ў Горадні паказчыкі экспарту турыстычных паслугаў склалі каля 2 мільёнаў даляраў.

За далучэньне да бязьвізавай зоны выступае і кіраўніцтва Берасьця. Пакуль бязь візы на Берасьцейшчыне можна трапіць толькі на тэрыторыю Нацыянальнага парку «Белавеская пушча».

Што зь беларускім бязьвізам пакуль ня так?

Хоць пачатак бязьвізавага рэжыму экспэрты называлі «рэвалюцыйным», улады не да канца выкарыстоўваюць ягоны патэнцыял. Сваёй думкай падзялілася Лілія Кобзік.

Лілія Кобзік
Лілія Кобзік

1. Слабая рэкляма за мяжой.

«Мала хто ведае пра наш бязьвіз... Усе (прадстаўнікі турфірмаў. — РС) наракаюць, што калі бываюць на нейкіх выставах, там робяць вялікія вочы і кажуць, што ня ведаюць па-ранейшаму, што ў нас такое ёсьць».

2. Немагчымасьць перасякаць мяжу Беларусі бязь візы ў любым пункце пропуску.

«Шмат хто скардзіцца, што няма бязьвізавага ўезду на Берасьце. Каб маглі заяжджаць тыя, хто на аўтобусах з захаду езьдзіць. Таму што аэрапорт — гэта ўсё ж для багацейшай публікі, а яе ня так шмат. Гэта для публікі, якая прыяжджае па бізнэс-кантактах. А нам бы хацелася мець масавы паток турыстаў».

3. Фрагмэнтарнасьць.

«Спачатку Белавеская пушча, Аўгустоўскі канал з Горадняй, потым аэрапорт... Гэта заблытала агульную абстаноўку. Быццам бы ў нас бязьвізавы ўезд, але ён такі фрагмэнтарны. Там можна, там нельга. Па-першае, гэтая някомплекснасьць адыграла ня вельмі добрую ролю, а па-другое, мы і піяру добрага на гэтым так і не зрабілі».

Замежнікаў у Менску ўражваюць галерэя «Ў», прастора «Корпус» і вуліца Кастрычніцкая

Daniel Suchy, фота Ганны Рэдзько
Daniel Suchy, фота Ганны Рэдзько

Што думаюць пра бязьвізавы рэжым замежныя турысты? Сваімі ўражаньнямі са Свабодай падзяліўся Даніэл Сухы, журналіст са Славаччыны. Ён правёў у Беларусі 5 дзён напрыканцы жніўня.

«Я наведаў толькі Менск, плюс была аднадзённая паездка ў Нясьвіж і Мір, так што я не магу сапраўды сказаць, што бачыў краіну цалкам... Я цікаўлюся гарадзкім разьвіцьцём, цікава было пабачыць, як Менск адкрывае незалежныя культурніцкія месцы, альбо гастранамічныя. Было вельмі цікава пабачыць арт-праекты, створаныя ў супрацы з бразыльскімі артыстамі, гэта нешта асаблівае.

Таму я б рэкамэндаваў іншым замежнікам тры маршруты: прайсьці ўвесь праспэкт Незалежнасьці да Нацыянальнай бібліятэкі, „Зялёны маршрут“ — ад парку Горкага да музэю Вялікай Айчыннай вайны, і „Урбан“ — схадзіць у галерэю „Ў“, у прастору „Корпус“ і на Кастрычніцкую вуліцу. Таксама дзень на абодва замкі.

Беларусь патрабуе шмат маркетынгу, таму што ўсе пытаюцца: навошта наведваць вашу краіну? У Эўропе людзі звычайна разглядаюць Беларусь як закрытую краіну зь дзіўным прэзыдэнтам або „апошняй эўрапейскай дыктатурай“. Я думаю, пашырэньне бязьвізавага рэжыму да 10 або 15 дзён будзе спрыяць прыцягненьню наведнікаў, дазволіць выйсьці за межы Менску і ваколіц. Я бачыў фатаграфіі і чытаў, што ёсьць і іншыя прыгожыя гарады, а таксама прырода. Таксама патрэбныя іншыя варыянты пералётаў, і асабліва магчымасьць падарожнічаць бязь візы на цягніку ці аўтамабілі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG