Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Напрошваюцца зьмены ў прававой плоскасьці і інфраструктуры». Якой бачыць Беларусь нямецкі дыплямат 


Пэтэр Дэтмар падчас асьвячэньня помніка жыхарам вёскі Калодзезнае

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар ацаніў узровень інвэстыцыйнай прывабнасьці краіны знаходжаньня і пэрспэктывы візавай палёгкі для беларусаў.

У Дзень адзінства Нямеччыны, які адзначаецца 3 кастрычніка, нямецкі дыплямат адказаў на пытаньні агенцтва «Інтэрфакс».

Адмена візаў ня стане наступным крокам пасьля спрашчэньня візавага рэжыму

Гаворачы пра пэрспэктывы міждзяржаўных кансультацыяў, якія тычацца спрашчэньня візавага рэжыму з Эўразьвязам, ён, у прыватнасьці, адзначыў:

«На працягу ўжо доўгага часу ідуць перамовы паміж Беларусьсю і Эўразьвязам аб заключэньні пагадненьня пра спрашчэньне візавага рэжыму і рэадмісіі. Большая частка спрэчных пытаньняў ўзгодненая, невялікая колькасьць яшчэ засталася. Калі атрымаецца дамагчыся поўнай згоды — складанае пытаньне.

Але відавочна, што не адразу пасьля заключэньня гэтага пагадненьня наступным крокам стане поўная адмена візаў. Спачатку трэба будзе набрацца досьведу яго ўжываньня. Неабходна таксама ўлічваць палітычнае разьвіцьцё адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам».

У Беларусі ад пачатку году дзейнічае 5-дзённы бязьвізавы рэжым для замежнікаў. Ці сталі грамадзяне Нямеччыны актыўней наведваць краіну з турыстычнымі мэтамі? Дыплямат ацэньвае дынаміку як станоўчую:

«Паводле атрыманых дадзеных, бязьвізавым рэжымам скарысталіся больш за 7,5 тысяч нямецкіх грамадзянаў — столькі зафіксавана ўездаў за гэты пэрыяд. Дарэчы, самы вялікі паказьнік сярод усіх краін і, вядома, мяне гэта радуе. Грамадзяне Нямеччыны ўжо бачаць сэнс у тым, каб прыехаць сюды.

Вядома ж, узьнікае пытаньне турыстычнай інфраструктуры. Праца над гэтым ідзе — за апошнія гады пабудавана шмат гатэляў, прычым як у Менску, так і ў іншых месцах. Але патэнцыялу ў гэтай галіне больш, чым існуючы стан рэчаў. Усё залежыць ад маркетынгавай стратэгіі. Каб такія буйныя бюро падарожжаў як Thomas Cook або TUI прапаноўвалі краіну для падарожжаў, яна павінна быць уключаная ў іх каталёгі. Толькі тады можна патрапіць у поле зроку масавых турыстаў».

Інвэстыцыйная прывабнасьць настане пасьля вырашэньня прынцыповых пытаньняў

А як ацэньваюць інвэстыцыйны клімат у Беларусі нямецкія інвэстары? Што б яны прапанавалі палепшыць ці зьмяніць для больш пасьпяховага вядзеньня бізнэсу?

«У мяне склалася ўражаньне, што нямецкая эканоміка дастаткова станоўча ацэньвае інвэстыцыйны клімат у Беларусі. Вялікая колькасьць прадпрымальнікаў прыяжджае сюды, каб на свае вочы пераканацца ў гэтым.

Зразумела, што ёсьць некаторыя пытаньні ў прававой плоскасьці, якія павінны быць вырашаныя. Яны тычацца, у прыватнасьці, адказнасьці або трансфэру прыбыткаў, шэрагу мытных аспэктаў. Ёсьць праблемы, зьвязаныя з сацыяльнымі адлічэньнямі за работнікаў-замежнікаў. Магчымасьць больш падрабязна пагаварыць на гэтую тэму будзе 15 лістапада ў Бэрліне падчас пасяджэньня двухбаковай працоўнай групы па гандлі і інвэстыцыях».

Дзень нямецкага адзінства 3 кастрычніка зьяўляецца непрацоўным днём і адзначаецца як нацыянальнае сьвята, пачынаючы ад 1990 году. Падстава — Дамова аб аб’яднаньні заходняй і ўсходняй частак Нямеччыны.

XS
SM
MD
LG