Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакаралі кампаніі, якія зараблялі на гастарбайтэрах з КНДР. Сотні паўночных карэйцаў працавалі і ў Беларусі 


На будаўніцтве Палаца Незалежнасьці задзейнічалі паўночных карэйцаў

ЗША чарговым разам пашырылі санкцыі супраць Паўночнай Карэі. Пад абмежаваньні трапілі асобныя грамадзяне, амаль паўтара дзясятка кампаній і некалькі гандлёвых судоў.

Такім чынам перасьледуецца мэта ўскладніць фінансаваньне ядзернай праграмы КНДР, гаворыцца ў заяве Міністэрства фінансаў ЗША.

Адна з кампаній, якая трапіла пад абмежаваньні, займалася адпраўкай паўночнакарэйскіх рабочых у Расею, Польшчу, Кітай і Камбоджу. Прыбыткі ад іх працы накіроўваліся ўраду Паўночнай Карэі або кіроўнай партыі. Згодна з рэзалюцыяй Рады Бясьпекі ААН, ад сёлетняга верасьня грамадзянам КНДР нельга выдаваць дазволы на працу за мяжой.

У ліпені праваабаронцы зь міжнароднай арганізацыі Human Rights Watch расказалі, што паўночнакарэйскія грамадзяне працавалі на будаўніцтве стадыёну ў Санкт-Пецярбургу, а грошы адпраўлялі ўладам КНДР. Масква абвінавачваньні ў парушэньні правоў працоўных адмаўляе.

Як расказвала Свабода, у 2013 годзе некалькі сотняў паўночных карэйцаў былі задзейнічаныя на ўзьвядзеньні Палаца Незалежнасьці ў Менску. Да прыезду ў Беларусь будаўнікі з гэтай краіны працавалі якраз у Расеі. Пасьля сустрэчы кіраўніцтва прадпрыемства «Менскбуд» з амбасадарам КНДР у Маскве і кансультацый з Пхэньянам спачатку перакінулі пробную партыю, а пасьля таго, як экспэрымэнт прызналі ўдалым, у беларускую сталіцу адправілі яшчэ паўтысячы карэйцаў.

У 2008 годзе КНДР была выключана з амэрыканскага сьпісу краінаў, якія падтрымліваюць тэрарызм, у абмен на згоду дапусьціць міжнародных інспэктараў на свае ядзерныя аб’екты. Аднак неўзабаве гэтае абяцаньне было парушана. 20 лістапада 2017-га прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп унёс Паўночную Карэю ў сьпіс краін – спонсараў тэрарызму.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG