Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінспорту і турызму: Колькасьць расейскіх турыстаў у Беларусь скарацілася на 15%

  • БелаПАН

За апошнія два гады колькасьць расейскіх турыстаў у Беларусь скарацілася на 15%, паведаміў БелаПАН намесьнік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной 6 ліпеня падчас канфэрэнцыі па брэндынгу дэстынацый у Менску.

Па словах Партнога, у 2015 годзе Мінспорту пачало дывэрсыфікацыю турыстычнага рынку, і за гэты час колькасьць турыстаў-расейцаў скарацілася з 80 да 65%. Затое вырасьлі патокі зь іншых краін. Перш за ўсё гэта дзяржавы, дзе ёсьць буйныя беларускія дыяспары, і краіны-суседзі.

«Вельмі актыўна да нас паехалі палякі, прыбалты, гішпанцы, немцы, грамадзяне ЗША і Канады», — сказаў Партной.

Ён адзначыў, што працу з дыяспарамі Мінспорту наладжвае праз пасольства Беларусі за мяжой, актыўна зь імі працуе МЗС. «Макей (міністар замежных справаў Уладзімір Макей. — БелаПАН.) ужо двойчы зьбіраў прадстаўнікоў дыяспары у Менску. Гэта наш добры рэзэрв, які мы ўжо пачалі выкарыстоўваць, але пакуль недастаткова эфэктыўна», — адзначыў чыноўнік.

Паводле яго, сёньня беларускай турысцкай сфэры не хапае магутнай інфармацыйнай кампаніі за мяжой. Для гэтага неабходна ўкласьці грошы. Напрыклад, прапанаваў намесьнік міністра, у рэклямныя ролікі на каналах «Эўраньюс», «Эўраспорт» і іншых. «Вельмі магутную інфармацыйную працу вядзе Грузія, — сказаў Партной. — Яны рэклямуюць сябе ўсюды. Толькі на працу ў сацсетках выдаткоўваюць 13 млн. эўра».

Намесьнік міністра адзначыў, што ўведзены ў лютым 2017 года бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 краін «ня будзе працаваць хутка, на гэта патрэбны час». «Разам з тым загружанасьць нацыянальнага аэрапорта ў адносінах да мінулага году вырасла на траціну. У сьвеце лічыцца нармальным, калі рост ідзе ўжо на 7-10%», — сказаў Партной.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG