Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пытаньне ня ў візах, а ў тым, што сьвет мала ведае пра Беларусь»


Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Алег Грузьдзіловіч, Юры Дракахруст

Дракахруст: Як вядома, беларускія ўлады прынялі рашэньне, што праз месяц замежнікі з 80 краінаў, якія прылятаюць у Беларусь — менавіта прылятаюць, на тэрмін да 5 дзён могуць знаходзіцца ў краіне, не плацячы за візы.

Гэтае рашэньне безумоўна ў параўнаньні з папярэдняй сытуацыяй можна назваць рэвалюцыйным. Прычым гэта тое рэдкае рашэньне беларускага ўраду, якое не выклікае пярэчаньняў, супярэчнасьцяў — яго ў прынцыпе ўхваляюць і прыхільнікі ўлады, і яе гарачыя апанэнты, і прыхільнікі эўраінтэграцыі Беларусі, і тыя, хто за Расею. Чаму б і не? Беларусы не чужыя Эўропе людзі, і Эўропа ім не чужая. Да таго ж, вельмі просты разьлік — прыедзе больш людзей, больш турыстаў, будуць траціць грошы. Беларусь будзе багацець і г.д.

Аднак учора была апублікаваная падборка меркаваньняў турапэратараў, і ў іх рэакцыя даволі кіслая. Кажуць — ну так, гэта станоўчы крок. Чым менш абмежаваньняў, тым больш будзе кліентаў. Але нейкага велізарнага патоку турыстаў яны не чакаюць.

першая рэакцыя турапэратараў ня надта энтузіястычная

Збольшага з прычыны тых самых абмежаваньняў. На 5 дзён — вельмі мала. Яны кажуць, што звычайна кароткатэрміновыя прыезды — гэта 6-7 дзён. Людзі на тыдзень езьдзяць.

Другі момант — гэта толькі самалёт і толькі Менск-2. Шмат турыстаў едзе чыгункай, на машынах. Потым, як ні дзіўна, яны выказваюць перасьцярогі, што ў гэтым рашэньні ёсьць пэўныя абмежаваньні для Расеі. Гэта хутчэй за ўсё зьвязана з саюзнымі дамовамі — тое, што гэтае рашэньне не распаўсюджваецца на тых, хто праз беларускі аэрапорт едзе ў Расею і наадварот, хто прылятае з Масквы ў Беларусь.

Турапэратары кажуць, што шмат замежнікаў могуць прыехаць на пару дзён у Маскву, адтуль ім было цікава заляцець у Менск на пару дзён. Бясплатна гэта не атрымаецца.

Так што першая рэакцыя турапэратараў ня надта энтузіястычная. Яны кажуць, што ў прынцыпе пытаньне не ў візах. Пытаньне хутчэй у тым, што сьвет, Захад мала ведае пра Беларусь. Зразумела, у дадзеным выпадку гэта і іх віна, прынамсі, часткова.

Але тут ёсьць і іншы бок праблемы. Я думаю, што беларускія ўлады пра гэта ў прынцыпе ведаюць. То бок эканамічныя выгады і нявыгады гэтага рашэньня былі больш-менш вядомыя, але так выглядае, што справа не ў іх ці ня толькі ў іх. Бо для беларускіх уладаў гэтае рашэньне — гэта жэст. Гэта дэманстрацыя Эўропе, пасланьне ёй, што мы збліжаемся з вамі і надалей хочам.

І рашэньне зробленае вельмі асьцярожнае. Яго можна параўнаць з рашэньнем, якое 1,5 гады таму прынялі ўлады Казахстану. Казахстан — краіна не эўрапейская, у ЭЗ не імкнецца. Але там замежнік можа быць у краіне з бясплатнай візай не 5 дзён, а 15. І няма абмежаваньня на від транспарту, на якім ён прыбыў у Казахстан. Прычым, краіна — таксама бліжэйшы саюзьнік Расеі.

Мне здаецца, беларускае рашэньне — гэта праява асьцярожнасьці. Не тое, каб нехта разумеў, якія канкрэтныя страты, якія яго можа прынесьці, ня тое, што нехта вельмі баіцца рэакцыі Расеі. Хоць якая розьніца Расеі?

Гэта такая беларуская асьцярожнасьць — як бы чаго не выйшла. Бо сэнс рашэньня — жэст, а пакажам Захаду, якія мы добрыя. Але надта добрымі мы пры гэтым не будзем.

Але гэта крок у правільным накірунку. Маленечкі, але ў правільным.

Грузьдзіловіч: За такім сцэнаром прыняцьця гэтага рашэньня, які вы, Юры, апісалі выразна бачны чалавек — Аляксандар Лукашэнка. Бо менавіта такі падыход якраз яму даволі ўласьцівы, апошнім часам асабліва.

найперш гэта было не палітычнае рашэньне, а эканамічнае

Я згодны, што гэта палітычны жэст, асьцярожны і нечаканы для беларускай публікі, нават рэвалюцыйны. Учора, калі мы ў нашым журналісцкім асяродзьдзі пра гэта даведаліся, то проста авацыямі сустракалі, казалі, як выдатна. І што магчыма ў адказ Эўропа зьнізіць кошты візаў для беларусаў ці пойдзе на нейкія іншыя крокі.

Усё ж такі пры гэтым я думаю, што найперш гэта было не палітычнае рашэньне, а эканамічнае. Напрыканцы 2016 году было паведамлена, што яно рыхтуецца і вось-вось будзе прынятае. І сказаў гэта намесьнік міністра спорту і турызму. У нас у Менску гатэлі, якіх набудавалі да чэмпіянату сьвету па хакеі, стаяць не проста на палову, на трэць загружаныя, не больш.

Я рэгулярна праяжджаю каля гатэлю «Эўропа» — два вакна сьвецяцца, больш няма там наведнікаў. Нават у «Прэзыдэнт-гатэлі» максымум адзін паверх, калі скласьці ўсе асьветленыя вокны, заселены. Дайшло да таго, што гэты гатэль, такі шыкоўны, знакавы, ужо прымае ледзь не распаўсюднікаў нейкіх траваў, шампуняў на іх мерапрыемствы, бо проста заклапочаныя тым, каб прыцягнуць хоць кагосьці.

І ў гэтых умовах Лукашэнку безумоўна трэба свайму лобі сказаць: ну добра, вы скардзіцеся, што людзі не едуць, бо я стварыў такую сыстэму, вось вам 5 дзён, хай прыяжджаюць, паглядзім, што будзе. Такая мая вэрсія такога рашэньня і зараз будуць прыглядацца.

Але пры гэтым, гэта ўсё ж такі вельмі добрае рашэньне, крок у правільным накірунку, і пасьля гэтага рашэньня магчыма будзе прыняты досьвед Казахстану, пра які вы вельмі слушна ўзгадалі, і гэты тэрмін пяцідзённы будзе крыху павялічаны.

На каго гэта разьлічана? Я думаю, што найперш гэта разьлічана пакуль на такіх несыстэмных турыстаў, якім 5 дзён дастаткова, каб пабываць недзе, але ў асноўным — на ўдзельнікаў розных міжнародных сэмінараў, курсаў. Ім зараз вельмі зручна, за 5 дзён яны якраз укладаюцца ў тэрміны прыезду-ад’езду і тры дні сэмінару. Дзякуючы такім мерам можна будзе напоўніць нашыя гатэлі.

Карбалевіч: Беларусь паступова адкрываецца сьвету. Мінулым годам быў уведзены бязьвізавы рэжым для палякаў, якія наведвалі цягам пяці дзён Белавескую пушчу і Аўгустоўскі канал за наведваньнем Горадні.

І вось новы крок. Гэта важнае палітычнае рашэньне. Бо дасюль беларускія афіцыйныя асобы цьвёрда заяўлялі, што мы кіруемся прынцыпам узаемнасьці. То бок, гатовыя ісьці на візавыя паслабленьні роўна ў той меры, у якой гатовыя ісьці іншыя краіны адносна Беларусі. Гэтая пазыцыя была ўведзеная нават у прынцып. Маўляў, гэта пытаньне сувэрэнітэту і нават нацыянальнай годнасьці, чаму мы павінны ісьці на аднабаковыя саступкі і льготы? І вось цяпер ад такога прынцыпу адмовіліся.

Цяжкая сытуацыя ў эканоміцы штурхае ўрад да прыняцьця рашэньняў, якія стымулююць турызм.

Што стаіць за такім рашэньнем? Эканамічныя ці палітычныя чыньнікі? Думаю, і тое, і другое. Цяжкая сытуацыя ў эканоміцы штурхае ўрад да прыняцьця рашэньняў, якія стымулююць турызм.

Ну і палітычны чыньнік тут прысутнічае. Бо льготы тычацца краін ЭЗ, ЗША, зь якімі адбываецца працэс нармалізацыі адносін.

Што тычыцца практычнага эканамічнага эфэкту ад гэтага рашэньня — візавая ільгота абмежаваная толькі аэрапортам. Вось статыстыка за мінулы год: Беларусь наведала каля 7 млн замежных грамадзянаў. Дык вось самалётам праз аэрапорт у Беларусь уехала толькі 612 тыс., 5,4 млн скарысталіся аўтамабільным транспартам, 760 тыс — цягніком. Так што варта было б рабіць наступны крок — даваць такую ільготу усім замежнікам, якія перасякаюць межы Беларусі, а ня толькі ў аэрапорце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG