Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-10 экскурсяў на беларускія прадпрыемствы


Як правільна дэгуставаць піва? Чым адметнае нёманскае шкло? Хто тчэ слуцкія паясы? Як на заводзе пякуць хлеб? Запрашаем у вандроўку на беларускія прадпрыемствы.

1. Пазнавальны вобраз нёманскага шкла

У даўнія часы цэнтрамі шклянога рамяства былі Полацак, Горадня, Тураў, Наваградак. У XIV-XVI стагодзьдзях попытам карыстаецца аздобленае эмальлю, золатам і фарбамі вэнэцыянскае, польскае, багемскае шкло. XVII стагодзьдзе дае штуршок у разьвіцьці рамяства — адкрываюцца дробныя гуты і буйныя мануфактуры, дзе вырабляюць бутлі, збаны, шкляніцы, куфлі, чаркі, кубкі, келіхі, побытавы і аптэкарскі посуд зь неасьветленага шкла, які меў адценьні жоўтага, зялёнага і карычневага колераў. Значны сьлед у шкляной справе пакінулі майстры Дубіцкія, Рымашэўскія, Залескія, Санцэвічы, Адамовічы, Галубовічы, што працавалі з рознымі відамі шкла ў тэхніках граненьня, накладкі, гравэраваньня. Неўзабаве адбываецца пераход да фабрычнай вытворчасьці з найбуйнейшым заводам у Бярозаўцы, цяпер вядомым пад назвай «Нёман».

Першыя гуты ў ваколіцах сёньняшняй Бярозаўкі зьявіліся напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. У 1883 годзе абшарнік Зянон Ленскі ў лесе ля Старой Гуты будуе шкляную гуту, што вырабляе пераважна піўныя бутэлькі. Празь некалькі гадоў прадпрыемства пашыраюць інжынэр Вільгельм Краеўскі і кіраўнік мастацкіх майстэрняў Юліюс Столе. Запрошаныя з Польшчы майстры займаюцца на заводзе вырабам лямпавага шкла, аптэкарскага і побытавага посуду, крышталю. Зьяўленьне новых печаў значна пашырае прадпрыемства, асартымэнт якога складаўся амаль зь дзьвюх тысячаў розных відаў вырабаў.

У цяжкія пасьляваенныя часы завод пачынае супрацу са спэцыялістамі з Польшчы, Чэхіі, Бэльгіі, Нямеччыны. А цяпер нёманскае шкло бярэ ўдзел у міжнародных выставах і кірмашах у Франкфурце-на-Майне, Мадрыдзе, Брусэлі, Парыжы. Завод выпускае разнастайны дэкараваны фарбамі, пудрамі, золатам посуд для хатняга і дзелавога сэрваваньня з празрыстага, чырвонага, рубінавага, агатападобнага, жоўтага, сіняга, чорнага шкла і крышталю. Над пазнавальным цяпер вобразам нёманскага шкла калісьці працавалі Ўладзімер Мурахвер, Людміла Мягкова, Сільвія Раўдвээ, Клара Вакс і іншыя. Усе імёны майстроў, якія ўдзельнічалі ў жыцьці заводу, занесены ў экспазыцыю музэю прадпрыемства. Іхныя працы разам з вырабамі сучасных мастакоў і шкловыдзімальнікаў сталі музэйнымі экспанатамі. Сярод іх — фірмовае малочна-дымкавае шкло зь «нёманскай ніткай» і высакародны крышталь. Атрымаўшы тэарэтычныя веды, экскурсанты накіроўваюцца на завод, дзе можна ўбачыць увесь цыкль вырабу шкла, паназіраць за працай шкловыдзімальнікаў, убачыць, як з полымя дастаюць шкляныя фігуры рознай формы і колеру, даведацца, у якіх тэхніках аздабляюць шкло і як дэкаруюць крышталь.

Патрапіць у музэй і ў сэрца шкляной вытворчасьці можа кожны ахвочы — асабіста альбо скарыстаўшыся з паслугаў турагенцтваў. Апошнія прапануюць спалучыць паездку на завод «Нёман» з экскурсіямі па Лідзе, Наваградку і Горадні.

2. Акадэмія піва

Гісторыяй і трэндамі сучаснага піваварэньня з ахвочымі дзеляцца буйныя вытворцы беларускага піва. Разнастайныя экскурсіі прапануе сталічны бровар «Аліварыя». Ад пазнавальнага маршруту па гістарычнай частцы прадпрыемства, што стаіць звыш 150 гадоў, да праекту-заняткаў «Акадэмія піва», падчас якіх распавядаюць пра сам працэс піваварства, пра піўныя стылі і водары, што могуць утварыцца падчас вырабу піва. Больш за тое, прадугледжваецца дэгустацыя, у тым ліку і сьляпая, ад 2 да 8 гатункаў смачнага піва.

Папярэдзіўшы хаця б за тры дні, з экскурсіяй можна патрапіць і на бровар «Крыніца», што вядзе гісторыю з 1973 году. За паўтары-дзьве гадзіны госьці наведаюць варачны і брадзільны цэхі, цэх разьліву. Увесь працэс — ад прыгатаваньня вады да разьліву гатовага піва ў бутэлькі — максымальна аўтаматызаваны і паводле сучасным тэхналёгіяў. Экскурсія завяршаецца дэгустацыяй найлепшых гатункаў свайго піва.

Аматарам піва варта наведаць Ліду, дзе першыя бровары зьявіліся яшчэ ў XVI стагодзьдзі. На бровары «Лідзкае піва» пенны напой вараць 140 гадоў, удала спалучаючы традыцыі і сучаснасьць. Экскурсанты ўбачаць працэс вырабу мясцовага піва і пазнаёмяцца з правіламі яго дэгустацыі. А таксама даведаюцца, як тут варылі піва ў другой палове ХІХ стагодзьдзя. Экскурсіі магчымыя як індывідуальныя, так і для групаў з 10-15 чалавек. Каб больш даведацца пра арганізацыйныя моманты экскурсіі, варта наведаць афіцыйную беларускамоўную старонку заводу, насычаную цікавымі замалёўкамі з гісторыі піваварства. Дарэчы, «Лідзкае піва» падтрымлівае броварскі статус Ліды ня толькі сваім існаваньнем, але і арганізацыяй шматлікіх падзеяў, зьвязаных з вырабам піва. Да прыкладу, маштабнага фэстывалю хмелю, соладу і вады Lidbeer альбо конкурсу для прафэсійных бармэнаў LidskaeBeerMaster, які сёлета заплянаваны на люты.

3. Рыкота і Кірыла Тураўскі

Тураў вядомы турыстам перадусім як адзін з найстаражытнейшых беларускіх гарадоў, культурны і рэлігійны цэнтар, дзе ў свой час пасьпяхова разьвіваліся пісьменства і летапісаньне. Праславіў свой горад Кірыла Тураўскі. Аднак кагадзе Туравам зацікавіліся і прыхільнікі прамысловага турызму. З 2009 году ў горадзе пасьпяхова працуе камбінат, што за содні можа перапрацоўваць 250 тонаў малака найвышэйшай якасьці і вырабляць мяккія і паўцьвёрдыя сыры паводле распрацаваных сумесна з італьянскімі экспэртамі тэхналёгіяў. Гасьцям дазваляюць наведаць цэхі, дзе вырабляюць сыры вядомых эўрапейскіх гатункаў — мацарэлу, скаморца, маскарпонэ, рыкоту, крэмчыз. Прадугледжаная дэгустацыя сырных вырабаў. На тэрыторыі камбінату працуе фірмовая крама са знаёмымі беларускаму спажыўцу брэндамі ў стылёвым упакаваньні — Bonfesto, Villmonte, CooKing. Дарэчы, на афіцыйнай старонцы прадпрыемства гурманы адшукаюць каталёг з рэцэптамі страваў, у якіх фігуруюць знакамітыя сыры.

4. Сьмілавіцкія валёнкі і Хаім Суцін

На турыстычнай мапе краіны Сьмілавічы пазначаныя як месца, дзе пачынаў жыцьцёвы шлях Хаім Суцін. З 2008 году у мястэчку адкрылі музэй з экспазыцыяй, прысьвечанай мастаку, чые творы захоўваюцца ў прэстыжных прыватных калекцыях і зьяўляюцца на аўкцыёнах не інакш як пад шматмільённым цэньнікам. Зь цікавых аб’ектаў — татарскі мячэт, адзін з васьмі ў Беларусі, і палац Манюшкаў-Ваньковічаў у атачэньні старога парку з двухсотгадовымі дрэвамі. Шукальнікам аб’ектаў прамысловага турызму таксама варта выправіцца ў Сьмілавічы, дзе працуе адзінае ў краіне лямцава-валяльнае прадпрыемства. Сьмілавіцкія валёнкі цёплыя, практычныя і недарагія, аздобленыя вышыўкай і аплікацыяй.

Упершыню валяць зімовы абутак у Сьмілавічах пачала невялікая арцель з шасьці рамесьнікаў у 1928 годзе. Паступова ўтварылася фабрыка, якую абслугоўвала больш як сотня чалавек. Цяпер прадпрыемства пастаўляе валёнкі ў Расею, краіны Скандынавіі, Балтыі. Сувэнірамі сьмілавіцкія валёнкі разыходзяцца па ўсім сьвеце. Убачыць вытворчы працэс валяньня можна на ўласныя вочы — фабрыка ахвотна супрацоўнічае з турфірмамі, якія ўключаюць яе наведваньне ў туры па Меншчыне. «Валяльная» экскурсія заўсёды цікавая. Зьяўленьню простага валёнка папярэднічаюць 36 вытворчых апэрацыяў, большасьць уручную. Экскурсанты даведаюцца, як апрацоўваецца воўна, якія станкі і абсталяваньне ўдзельнічаюць у працэсе, а таксама пазнаёмяцца з майстрамі — носьбітамі валяльнага майстэрства.

5. Цукеркі і какава-боб

У галоўным і шакалядным цэху фабрыкі «Камунарка» вырабляюць шакаляд з прывезеных з Ганы какава-бабоў. Адтуль шакаляд накіроўваецца ў пранумараваныя цукеркавыя цэхі, дзе зь яго робяць якасныя шакалядкі і разнастайныя цукеркі. На адным з найбуйнейшых кандытарскіх прадпрыемстваў краіны вырабляюць некалькі гатункаў шакаляду — малочны, белы, дэсэртны, порысты, горкі з розным утрыманьнем какава-прадуктаў. Даведацца, як гатуюць шакаляд, разаграюць яго і астуджаюць, пераўтвараюць у цукеркі з разнастайнымі надзяваньнямі і дадаткамі, аказваецца, можна ў кожны будзённы дзень а 10 ці 12 гадзіне. Экскурсія па вытворчых цэхах з пачастункамі і падарункамі разьлічаная на дзяцей — вучняў 3-11 клясаў, у групах на 30-40 асобаў.

6. Краіна цукровага печыва

Штодзень на сталічнай фабрыцы «Слодыч» пякуць сотні кіляграмаў цукровага, здобнага, зацяжнога, глязураванага і дыябэтычнага печыва, а таксама хрумсткіх крэкераў. Дзеля смаку ў цеста дадаюць арэхі, разынкі, курагу, шакаляд, кунжут, напаўняльнікі зь ягадаў і садавіны. Кожны аўторак, сераду і чацьвер адначасова зь пекарамі на прадпрыемства могуць патрапіць і тыя, каго цікавіць тэхналягічны працэс вырабу печыва. Экскурсія па вытворчых цэхах фабрыкі пачынаецца ў 9.30 альбо а 15-й. За паўтары гадзіны экскурсанты пасьпяваюць убачыць, як рашчыняюць цеста, як печыву надаюць звыклую форму, як працуе транспартэрная стужка, у якіх печах, колькі часу і пры якой тэмпэратуры яно выпякаецца, калі і як трапляе ва ўпакаваньне. Экскурсія суправаджаецца цікавым аповедам аб гатунках печыва і асаблівасьцях іх прыгатаваньня. Больш за тое, наведнікаў частуюць фірмовымі вырабамі, а на разьвітаньне робяць салодкія падарункі. Адначасова на экскурсіі можа знаходзіцца ад 20 да 50 чалавек. Але аб сваім наведваньні трэ паведаміць не пазьней як за пяць дзён.

7. Слуцкія паясы

Першая майстэрня тканых залатых паясоў працавала ў нясьвіскай Альбе ў першай палове XVIII стагодзьдзя. У гэты час у Нясьвіжы гаспадарыць Міхал Казімер Радзівіл Рыбанька. Ягоныя майстры праходзілі навуку ў выдатнага ткача і знаўцы тканін польскіх, турэцкіх і кітайскіх Гаванэса Маджар’янца, які неўзабаве асабіста ўзначаліць радзівілаўскую майстэрню і стане называць сябе Янам Маджарскім. Дарэчы, ткацтва каштоўных паясоў было справай мужчынскай, бо праца за грувасткім станком вымагала фізычнай спраўнасьці. Калі да паясоў дакраналася жанчына, срэбныя ніткі быццам бы цямнелі. У 1756 годзе будаўніцтва буйной ткацкай мануфактуры распачынае ўладальнік Слуцку Геранім Флярыян Радзівіл. Амаль чатыры гады ставілі вытворчыя і жылыя будынкі, аднак сьмерць не дазволіла магнату скончыць буйны праект. Праз брак спадкаемцаў слуцкія землі перайшлі да Міхала Казімера Радзівіла, які пажадаў працягнуць справу свайго брата. Найлепшыя нясьвіскія майстры на чале зь Янам Маджарскім пераяжджаюць у Слуцак і распачынаюць працу ў пэрсіярні, дзе ткаліся паясы на ўзор пэрсідзкіх. Росквіту пэрсіярня дасягнула, калі вытворчы працэс пасьля бацькі ўзначаліў Лявон Маджарскі. Двухбаковыя, дзьвюх- або чатырохпалосавыя слуцкія паясы ад 2 да 4,5 мэтраў ткалі ўручную з тонкіх ядвабных, срэбных і залатых нітак. Канцы пояса аздаблялі складаным арнамэнтам і абшывалі махрамі. Вытканы ў куце з абодвух бакоў надпіс сьведчыў, што пояс зроблены ў Слуцку.

Цяпер у Слуцку дзейнічае прадпрыемства «Слуцкія паясы», дзе шыюць бялізну і нацыянальнае адзеньне, разнастайна ткуць, у тым ліку і ўручную на 9 драўляных ткацкіх станках, вырабляюць сувэніры, сярод якіх — копіі слуцкіх паясоў 3,5 мэтра ў даўжыню і 33 сантымэтры ўшыркі з натуральных нітак зь ядвабу і з утрыманьнем золата і срэбра. Музэй гісторыі слуцкіх паясоў мае арыгінал і копію легендарнага пояса, сьведчыць, як працавала мануфактура ў XVIII-XIX стагодзьдзях, што насілі шляхта і звычайныя сяляне. Гонар музэю — ткацкі станок нямецкай фірмы Mageba, што ня мае аналягаў у сьвеце. Музэй працуе штодня, акрамя панядзелку, з 9.00 да 17.30. Калі наведаць музэй у працоўны дзень, экскурсантам дазваляюць паназіраць за працай слуцкіх ткачыхаў.

8. Сэлфі з гігантам

Адна з самых запатрабаваных на турыстычным рынку — экскурсія да буйнога вытворцы кар’ернай тэхнікі БелАЗ. Завод з экскурсіяй ужо наведалі звыш 17 тысяч чалавек. Наведнікі ўбачаць асобныя этапы зборкі спэцыяльных машынаў, а таксама пазнаёмяцца з прадукцыяй заводу, які вырабляе ладавальнікі і бульдозэры, машыны абслугоўваць горна-транспартныя працы, для падземных працаў, для мэталюргічных прадпрыемстваў, спэцыяльнага прызначэньня ды іншыя. Самыя вядомыя, аднак, кар’ерныя самаскіды і самаскіды павышанай праходнасьці. БелАЗаўскі самаскід мадэлі 75710 двойчы трапляў у Кнігу рэкордаў Гінэса — як найвялікшы самаскід у сьвеце паводле грузападымальнасьці. Каб яго перавезьці разабраным, трэ ня менш як 10 вагонаў. Экскурсанты ахвотна фатаграфуюцца на фоне гіганта. Нават ня маючы адмысловай катэгорыі правоў, падчас экскурсіі можна праехацца за стырном гіганцкай машыны. Вядома, з экспэдытарам і на адмысловым палігоне з імітацыяй кар’еру.

Напярэдадні дня Сьвятого Валянціна кіраўніцтва заводу запрашае ахвочых зрабіць рамантычнае прызнаньне на палубе кар’ернага самаскіду і праехаць у кабіне БелАЗу грузападымальнасьцю 130 тонаў, каб пачуцьці надоўга засталіся моцнымі і трывалымі, як белазаўская тэхніка. Прапанова дзейнічае з 11 па 19 лютага.

Экскурсія магчымая і на Менскі трактарны завод, спэцыяльныя машыны якога сустрэнеш на палях звыш 120 краінаў сьвету. Арганізаваныя групы змогуць прасачыць увесь тэхналягічны працэс — ад мэханічнага цэху, дзе вырабляюць шасьцярэнькі і валы, да галоўнага канвэеру, дзе зьбіраюць трактары. Турыстаў запрашаюць наведаць выставу трактароў і ацаніць найноўшую лінейку тэхнікі Belarus. На МТЗ цяпер адкрыты музэй мініятураў мадэляў, якія ў другой палове мінулага стагодзьдзя прынесьлі МТЗ усясьветную вядомасьць. Сярод экспанатаў — альбомы цэхаў заводу, кнігі гонару, мэдалі і ўзнагароды, ордэн Леніна. Завод працуе з 1946 году, за 70 гадоў дасягнуў прызнаньня, якое дазваляе кіраўніцтву прадпрыемства сьцьвярджаць, што кожны дзясяты трактар у сьвеце зь Беларусі. Свой юбілейны год МТЗ завяршыў незвычайным танцавальным шоў, дзе галоўную партыю выконвалі трактары.

9. Ганчарнае кола на двух чалавек

У Радашкавічах з 1940 году працуе прадпрыемства «Беларуская мастацкая кераміка», якое сумяшчае традыцыі і сучаснасьць. Мясцовая гліна з радовішча Гайдукоўкі, якое называюць найбуйнейшым у краіне, з дапамогай майстроў і сучаснай тэхнікі пераўтвараецца ў бытавыя і мастацкія вырабы. Ганчарны завод славіцца керамічным посудам і сувэнірамі, тэхналягічны працэс адкрыты для наведнікаў. Экскурсія магчымая для групаў ад 10 чалавек і болей. Варта загадзя паведаміць.

Перш чым атрымаць гатовы выраб, гліну замешваюць. Патрэбную форму вырабу надаюць на ганчарным коле, на паўаўтаматычных і фармавальных станках альбо адліваюць у гіпсавых формах. Кераміку глязуруюць, фарбуюць, абпальваюць у электрычных печах, расьпісваюць і аздабляюць. Экскурсанты знаёмяцца з асартымэнтам, а таксама ўдзельнічаюць у майстар-клясе вырабу ўласных сувэніраў. Дарэчы, завод запрашае маладых і сямейныя пары папрацаваць за ганчарным колам і пад наглядам майстра зрабіць уласны памятны сувэнір. Прапанова можа падацца асабліва цікавай напярэдадні дня Сьвятога Валянціна.

10. Хлебная экскурсія

Выраб хлеба заўсёды выклікаў цікавасьць у дарослых і дзяцей. Шматлікія пісьменьнікі пакінулі ўспаміны аб выпяканьні хлеба дома, у старой мураванай печы. «Штопятніцу ў кухні пяклі хлеб, — піша ва ўспамінах Ян Булгак, — цёмны жытні, з карычнева-зарумяненай скарынкай. Ён прыемна пахнуў аерам, на які клалі боханы ў печ і шабельныя лісты якога пасьля выпечкі прыляпляліся да споду боханаў, як зялёная інкрустацыя».

Наведваньне хлебнага прадпрыемства можа быць ня менш цікавым і водарным і зь цягам часу стаць адным з найбольш яскравых успамінаў дзяцінства. Перадусім на дзяцей разьлічаная экскурсія на сталічны хлебазавод № 6. Яна суправаджаецца гульнямі, віктарынамі, дэгустацыяй хлеба і падарункамі. Хлебазавод № 6 пачаў працу ў 1981 годзе. Штодзень на прадпрыемстве пякуць 35-45 тонаў хлеба і здобы, а таксама звыш 10 тонаў кандытарскіх вырабаў. Аднак візытоўкай заводу называюць чорны хлеб «Спадчына» і розныя гатункі аўсянага печыва.

Бальшыня беларускіх прадпрыемстваў у значнай ступені гатовая прадэманстраваць турыстам асаблівасьці вытворчага працэсу. Пры жаданьні экскурсію можна наладзіць і на абутковую фабрыку Marko, і да краўцоў прадпрыемства Elema, і да вытворцаў беларускай касмэтыкі. Асобныя прадпрыемствы сталі рабіць першыя крокі ў прамысловы турызм, пачынаючы з экскурсіяў для блогераў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG