Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Кітаю ў Эўропу па сушы. Як «Новы шаўковы шлях» паўплывае на сусьветны гандаль


У пустыні на казахстанска-кітайскай мяжы пабудавалі велізарны сухі порт для экспарту кітайскіх тавараў у Эўропу, Расею і Цэнтральную Азію. Лічыцца, што праект «Новы шаўковы шлях» паскорыць дастаўку грузаў у некалькі разоў. Скептыкі адзначаюць, што праект авантурны і можа не акупіцца.

Гэты памежны шлях — асаблівая эканамічная зона на постсавецкай прасторы. Кітай ужо пабудаваў горад на сваёй частцы яе тэрыторыі. Казахстанскі праект прабуксоўвае з прычыны карупцыйных скандалаў і парушэньня тэрмінаў здачы аб’ектаў.

«Хоргас» — найбуйнейшы сухі порт у Цэнтральнай Азіі. Ён пабудаваны ў Казахстане непадалёк ад кітайскай мяжы, у сотнях кілямэтраў ад бліжэйшага гораду.

Адны кажуць, што ён цалкам зьменіць сытуацыю ў сусьветным гандлі. Іншыя лічаць, што гэта гіганцкая авантура.

Мэта праекту — стварыць новы гандлёвы шлях з усходу на захад: тавары накшталт найноўшых кампутараў хутчэй патрапяць з Кітая ў Эўропу па сушы.

«Тут была пустыня, а сёньня, гэта як аазіс у пустыні», — распавядае Жаслан Хамзін, дырэктар «Сухога Порта Хоргас».

Скарачэньне шляху

У сухапутным порце вузкакалейная чыгунка з Кітая сустракаецца з шырокакалейнай. Па ёй грузы перасякаюць былыя тэрыторыі савецкага саюзу. Краны пераносяць кантэйнэры з кітайскага цягніка на казахстанскі.

«Перагружаем у суткі 5-6 кантэйнэрных цягнікоў. У плянах у нас перагружаць больш за 10 у суткі. Морам грузы дастаўлялі 50-60 дзён, сёньня грузы транзытам дастаўляюцца праз Казахстан за 14 дзён», — працягвае Хамзін.

«Хоргас» — вядучы праект афіцыйнай кітайскай ініцыятывы «Эканамічны пояс Шаўковага шляху».

Зараз вялікая частка кітайскага экспарту дастаўляецца па моры. А новы маршрут дазволіць скараціць шлях да Эўропы і Расеі, а таксама стане больш танным шляхам да рынкаў у Цэнтральнай Азіі.

Ці хопіць грузу

Аднак некаторыя экспэрты сумняюцца, што новы маршрут эканамічна апраўданы.

«Вялікія аптовыя грузы значна таньней перавозіць морам. Няцяжкія можна дастаўляць па паветры. Аднак ёсьць нейкі камэрцыйны сэнс перавозіць па чыгунцы ня самыя прэміяльныя, але і ня танныя буйныя грузы. Пытаньне толькі ў тым, ці хопіць іх для таго, каб акупілася будаўніцтва новай чыгункі і ўсе гэтыя новыя склады», — кажа Том Мілер, аўтар кнігі" Азіяцкая мара Кітая».

У 2016 годзе, праз порт прайшло больш за 25 тысяч кантэйнэраў; у 2017 — амаль удвая больш.

Цяпер рост шмат у чым забясьпечваецца шчодрымі субсыдыямі з Кітаю. Аднак у будучыні яны, верагодна, скароцяцца, і чыгуначнаму транзыту давядзецца няпроста ў канкурэнтнай барацьбе. Пытаньне ў тым, ці надзейныя гэтыя інвэстыцыі. Многія эканамісты кажуць, што ня надта — усё гэта даволі рызыкоўна. Цалкам магчыма, што ў выглядзе прыбытку атрымаецца вярнуць толькі малую частку ўкладзеных грошай.

У прэзэнтацыях гэты рэгіён Казахстану называюць новым Дубаем. Пакуль гэта хутчэй мара, але чым больш актыўна будуецца «Новы шаўковы шлях», тым больш мяняецца гэты рэгіён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG