Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары па-расейску і выбары па-беларуску: у чым розьніца


18 сакавіка ў Расеі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. На вышэйшую пасаду прэтэндуюць восем кандыдатаў, уключна зь дзейным кіраўніком дзяржавы Ўладзімірам Пуціным.

Канкурэнцыю яму спрабуюць скласьці Сяргей Бабурын («Российский общенародный союз»), Павел Грудзінін (КПРФ), Уладзімір Жырыноўскі (ЛДПР), Максім Сурайкін («Коммунисты России»), Барыс Цітоў («Партия роста»), Рыгор Яўлінскі («Яблоко») і адзіная жанчына Ксенія Сабчак («Гражданская инициатива»).

У Беларусі будуць працаваць 13 выбарчых участкаў, дзе грамадзяне Расеі, якія стала ці часова тут пражываюць, змогуць аддаць голас. Апроч Менску і абласных цэнтраў, гэта таксама Астравец, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Ворша, Клецак, Полацак.

Прэзыдэнты. У Беларусі адзін, у Расеі — тры

За ўсю гісторыю прэзыдэнцкіх кампаній у Расеі, пачынаючы ад 1991 году, на гэтай пасадзе пабылі тры палітыкі — Барыс Ельцын, Уладзімір Пуцін і Дзьмітры Мядзьведзеў. Ельцын адбыў два тэрміны і сышоў у апошні дзень 1999-га на ўласнае жаданьне. Ягонае месца заняў Пуцін, які таксама кіраваў два тэрміны запар, пасьля чаго пачалася «ратацыя» зь Мядзьведзевым.

У 2008 годзе Пуцін стаў прэм’ер-міністрам, саступіўшы прэзыдэнцкае крэсла колішняму кіраўніку ўраду Мядзьведзеву. Перад выбарамі-2012 Канстытуцыя Расеі была перагледжаная, прэзыдэнцкі тэрмін павялічылі з 4 да 6 гадоў. На сваіх трэціх выбарах Пуцін перамог з паказьнікам амаль 64%. Цяпер Пуцін, якому 65 год, рыхтуецца да новага 6-гадовага тэрміну.

Ілюстрацыйнае фота. Агітацыйны плякат да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі
Ілюстрацыйнае фота. Агітацыйны плякат да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі

У Беларусі інстытут прэзыдэнцтва ўведзены пазьней за іншыя постсавецкія рэспублікі — толькі ў 1994 годзе. Першапачаткова вызначалася, што прэзыдэнтам можна быць ня болей за два тэрміны па пяць гадоў кожны. Аднак Аляксандар Лукашэнка ўжо амаль 24 гады застаецца адзіным, хто нязьменна займае гэтую пасаду. У выніку неаднаразовага перапісваньня Канстытуцыі ён атрымаў права на пажыцьцёвае кіраваньне. Адпаведна, нічога не замінае яму балятавацца і на наступных выбарах 2020 году — ужо сёмых па ліку. Сёлета Лукашэнку споўніцца 64 гады.

Арышты кандыдатаў. У Беларусі —10, у Расеі — 1

Фармальна на прэзыдэнцкія выбары і ў Расеі, і ў Беларусі заяўляецца нямала іншых прэтэндэнтаў, аднак перамогі Пуціна і Лукашэнкі прагназуюцца загадзя. Апазыцыйныя кандыдаты ня маюць паўнавартаснага доступу да СМІ або атрымліваюць дазаваны эфір, яны абмежаваныя ў правядзеньні вулічных пікетаў і сустрэч у працоўных калектывах.

Практычна ўсе прэзыдэнцкія кампаніі ў Беларусі, за выключэньнем першай у 1994 годзе, заканчваліся затрыманьнямі і арыштамі галоўных апанэнтаў. У 2001-м зь ліку прэтэндэнтаў за кратамі апынуліся Міхаіл Чыгір, Міхаіл Марыніч, Леанід Калугін, а пазьней іх лёс падзяліў і Юры Данькоў. У 2006-м працяглы тэрмін зьняволеньня атрымаў Аляксандар Казулін, адбываў пакараньне Сяргей Скрабец. У 2010-м сем з 10 кандыдатаў былі затрыманыя, некаторых адпусьцілі неўзабаве, а Міколу Статкевіча, Уладзімера Някляева, Андрэя Саньнікава, Алеся Міхалевіча асудзілі за спробу «дзяржаўнага перавароту».

Толькі ў 2015-м выбары для канкурэнтаў Лукашэнкі прайшлі адносна спакойна.

Ілюстрацыйнае фота. Агітацыйны плякат да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі
Ілюстрацыйнае фота. Агітацыйны плякат да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі

У Расеі расправы з канкурэнтамі не такія радыкальныя, аднак апошнім часам праблемы на ўзроўні рэгістрацыі кандыдатам мае Аляксей Навальны, які ня змог балятавацца ў 2012-м, бо быў арыштаваны падчас рэгістрацыі кандыдатаў. Не дапусьцілі Навальнага і да выбараў у 2018-м — фармальна з прычыны судзімасьці. Кандыдатамі-апанэнтамі Пуціна гэтым разам сябе пазыцыянуюць Рыгор Яўлінскі і Ксенія Сабчак. Раней не змаглі прайсьці адміністрацыйнае сіта для ўдзелу ў выбарах Барыс Нямцоў, Ірына Хакамада, іншыя дэмакратычныя палітыкі. Барыса Нямцова забілі ў 2015 годзе.

Старшыні ЦВК. У Беларусі 2, у Расеі — 5

Падпарадкаванасьць цэнтравыбаркамаў выканаўчай уладзе і непразрыстасьць працэдуры падліку галасоў ставіць пад сумнеў вынікі і расейскіх, і беларускіх выбараў, на якіх кандыдаты ад улады набіраюць абсалютную большасьць галасоў.

У 1994 годзе, калі ў Беларусі прайшлі адносна свабодныя выбары прэзыдэнта, ЦВК кіраваў Аляксандар Абрамовіч.

Больш за 20 гадоў арганізацыяй выбарчага працэсу ў Беларусі займаецца Лідзія Ярмошына — на пасаду кіраўніцы ЦВК яна была прызначаная пры канцы 1996-га замест незаконна адхіленага ўказам Лукашэнкі Віктара Ганчара. Як адзначаюць беларускія праваабаронцы, менавіта пры ёй у краіне была створана непразрыстая сыстэма падліку галасоў.

Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына галасуе датэрмінова на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі. 7 верасьня 2016 году
Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына галасуе датэрмінова на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі. 7 верасьня 2016 году

Ва ўчастковыя камісіі ў Беларусі не дапускаюць прадстаўнікоў апазыцыйных партый і рухаў, падлік галасоў хаваюць за сьпінамі сябраў камісій, фіксуюцца факты ўкіду бюлетэняў. Ад сярэдзіны 1990-х апазыцыянэры трапляюць у саветы розных узроўняў толькі ў адзінкавых выпадках.

Абяцаньні дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства не былі рэалізаваныя.

У Расеі за чвэрць стагодзьдзя незалежнасьці зьмяніліся пяць кіраўнікоў Цэнтравыбаркаму — Мікалай Рабаў, Аляксандар Іванчанка, Аляксандар Вешнякоў, Уладзімер Чураў. Два гады таму пасаду старшыні заняла праўладная праваабаронца, палітык, дзяржаўная дзяячка Эла Памфілава. Аднак фактычная падначаленасьць Крамлю, усталяваная пры Пуціну, не пакідае ЦВК Расеі поля для самастойнага манэўру.

Датэрміновае галасаваньне і карусэлі

Ілюстрацыйнае фота. Студэнты масава галасавалі датэрмінова на мясцовых выбарах 2018 году ў Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Студэнты масава галасавалі датэрмінова на мясцовых выбарах 2018 году ў Беларусі

​Беларускае ноў-хаў, якое дазваляе атрымліваць патрэбныя лічбы, — датэрміновае галасаваньне. Яшчэ да асноўнага дня выбараў ЦВК рапартуе, што траціна выбарцаў наведалі ўчасткі датэрмінова. Праваабаронцы і апазыцыя лічаць датэрміновае галасаваньне асноўным мэханізмам выбарчых маніпуляцый і фальшаваньня вынікаў выбараў на карысьць праўладных кандыдатаў.

У Расеі прагаласаваць датэрмінова таксама можна, але гэта тычыцца толькі асобных катэгорый — супрацоўнікаў палярных станцый, маракоў, жыхароў цяжкадаступных рэгіёнаў. У кожным такім выпадку ладзяцца «выязныя місіі».

Затое ў расейцаў ёсьць магчымасьць прагаласаваць на іншым участку. Дзеля гэтага трэба напісаць заяву. Апошні тэрмін — за тыдзень да асноўнага дня галасаваньня. Трэба назваць прычыну, якая перашкаджае прагаласаваць па месцы сталага жыхарства. Калі высьветліцца, што ў выніку выбарнік прагаласаваў двойчы, ён атрымае штраф 30 тысяч расейскіх рублёў (прыкладна 500 даляраў).

Ілюстрацыйнае фота. Памятка для расейскіх выбарцаў
Ілюстрацыйнае фота. Памятка для расейскіх выбарцаў

Пры гэтым «карусэлі», калі выбарцаў аўтобусамі возяць з участка на ўчастак, расейскія праваабаронцы называюць вялікай праблемай кожнай кампаніі. Адэкватнай рэакцыі ад ЦВК Расеі гэтая зьява не атрымала. Распаўсюджаны і проста подкуп, калі каманды кандыдатаў плацяць выбарцам за «правільную галачку» ў бюлетэні. «Карусэлі» сталі набываць усё больш масавы характар падчас сёлетніх мясцовых выбараў у Беларусі.

Два ізгоі

Ніводных выбараў у Беларусі пры Лукашэнку і ў Расеі апошняга часу пры Пуціну міжнародная супольнасьць не прызнала справядлівымі і адкрытымі. За фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і перасьлед апанэнтаў Масква і Менск ня раз траплялі ў санкцыйныя сьпісы на Захадзе.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

На гэтым фоне зусім іншую тактыку дэманструюць «зручныя» назіральнікі ад СНД, ШАС, эўразійскіх структураў, якіх запрашаюць, каб «ураўнаважыць» заходнюю крытыку. Пры такім раскладзе агульная карціна ўжо не выглядае занадта змрочнай, бо «эсэндоўскія» экспэрты дружна канстатуюць, што выбарчыя кампаніі ў саюзных краінах адзначаюцца высокай ступеньню адкрытасьці і дэмакратычнасьці.

Стасункі Беларусі і Эўразьвязу ўскладніліся яшчэ ў 1996 годзе, неўзабаве пасьля рэфэрэндуму, які зьмяніў Канстытуцыю, падоўжыўшы тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта. Захад палічыў вынікі плебісцыту сфальсыфікаванымі і заявіў пра першыя крокі абмежавальнага характару ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. У наступныя гады чорныя сьпісы толькі папаўняліся — імёнамі чыноўнікаў, датычных да перасьледу апанэнтаў, а таксама спонсараў рэжыму.

Першыя гады кадэнцыі Пуціна выгадна адрозьнівалі яго ад аўтарытарнага суседа і пасялялі надзеі на працяг палітыкі ягонага папярэдніка Барыса Ельцына. Аднак «рэанімацыя» пасьля двух першых прэзыдэнцкіх тэрмінаў і агрэсіўная палітыка Крамля ў дачыненьні да Грузіі, а потым і Ўкраіны, паставілі пад пытаньне дамоваздольнасьць Пуціна, не пакідаючы ў той жа час сумневу ў абвастрэньні ягоных шавіністычных амбіцый. Цяпер нават Лукашэнка мусіць асьцерагацца занадта пільнай увагі з боку імпэрскага суседа.

Не разьменьвацца на дробязі

Агітацыйная прадукцыя да прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году ў Расеі
Агітацыйная прадукцыя да прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году ў Расеі

​На сваіх першых прэзыдэнцкіх выбарах у 2000 годзе Ўладзімір Пуцін ледзь перавысіў плянку ў 50% — за пратэжэ Ельцына тады прагаласавалі ўсяго 52% выбарцаў. Праз чатыры гады сытуацыя была ўжо прынцыпова іншая — звыш 71%. Пасьля тэхнічнай паўзы, калі адбывалася ракіроўка пасадамі зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым, лічбавыя паказьнікі крыху ўпалі — 64%. Згодна з папярэднімі зьвесткамі аналітыкаў, на хвалі «патрыятычнага ўгару» сёлета Пуцін можа пабіць усе ранейшыя рэкорды галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, зраўнаўшыся з савецкімі генсекамі.

У Аляксандра Лукашэнкі праблемы ўзьніклі толькі аднойчы — у 1994 годзе. Тады першага туру не хапіла, экс-дырэктар саўгасу набраў толькі 44% галасоў выбарцаў. На сваім апанэнце Вячаславу Кебічу ён адыграўся толькі ў другім туры.

Чаканых выбараў у 1999 годзе не адбылося, іх Лукашэнка пасьля канстытуцыйнай рэформы пасунуў на два гады. Апазыцыя на чале зь Віктарам Ганчаром правяла альтэрнатыўную выбарчую кампанію, неўзабаве пасьля якой палітык бясьсьледна зьнік.

У 2001-м Лукашэнка набраў больш за 75% галасоў, адзіны дэмакратычны кандыдат Уладзімер Ганчарык задаволіўся лічбай у пяць разоў меншай — амаль 16 працэнтаў. Пазьней нікому зь ліку апанэнтаў рэжыму большых лічбаў ужо не «давалі». Празь пяць гадоў «элегантная перамога» скарыла недасягальныя раней вышыні — за Лукашэнку прагаласавала 83% паводле афіцыйных зьвестак. У 2010 годзе некалькі сотых не хапіла да 80%, затое яшчэ празь пяць гадоў быў узяты абсалютны рэкорд — 83,5%. Чарговыя прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў Беларусі ў 2020 годзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG