Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка накарміў дранікамі і пельменямі кітайскага віцэ-прэзыдэнта ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі


Аляксандар Лукашэнка прымае віцэ-прэзыдэнта Кітаю Ван Цішаня ў неназванай рэзыдэнцыі ў Беларусі
Аляксандар Лукашэнка прымае віцэ-прэзыдэнта Кітаю Ван Цішаня ў неназванай рэзыдэнцыі ў Беларусі

Аляксандар Лукашэнка 28 траўня правёў сустрэчу з намесьнікам старшыні (віцэ-прэзыдэнтам) Кітайскай Народнай Рэспублікі Ван Цішанем.

Паводле тэксту прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, сустрэча прайшла не ў «стандартным» афіцыйным фармаце, а ў выглядзе «рабочай вячэры» ў неназванай прыватнай рэзыдэнцыі.

Паездка ў Беларусь стала першым замежным візытам Ван Цішаня на пасадзе намесьніка старшыні КНР, на якую быў выбраны 17 сакавіка – хоць раней праз узрост (яму 69 год) пакінуў пасады ў кітайскай кампартыі, у тым ліку пасаду кіраўніка Цэнтральнай камісіі праверкі дысцыпліны.

«Той факт, што ў якасьці месца сустрэчы выбралі загарадную рэзыдэнцыю кіраўніка дзяржавы, таксама падкрэсьлівае асаблівы сяброўскі і стратэгічны характар беларуска-кітайскіх стасункаў, бо ў такім фармаце Аляксандр Лукашэнка прымае толькі самых паважаных і блізкіх гасьцей», — сьцьвярджае прэс-служба Лукашэнкі.

Ня пішуць, пра што гутарылі, а пішуць, што елі

Што абмяркоўвалася на сустрэчы, дзяржаўныя СМІ амаль не паведамляюць: Лукашэнка «адзначыў, што ёсьць шэраг пытаньняў», якія трэба абмеркаваць, а госьць «падзяліўся ўражаньнямі» ад візыту ў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк і «высока ацаніў» ранейшыя перамовы з урадам Беларусі.

На відэа прэс-службы Лукашэнкі пра сустрэчу з Ван Цішанем 36% хранамэтражу (38 сэкундаў з 1 хвіліны 46 сэкундаў) аддадзеная на паказ кветак і прыроды ў рэзыдэнцыі, яшчэ 7,5% (8 сэкундаў) — на ягады на стале і герб Менска на сьцяне ў доміку ў рэзыдэнцыі. Словы госьця перадаюць толькі ўрыўкамі: «Адразу па прыбыцьці ў Беларусь я…» і «Кожны вечар, калі ў нас…».

Затое падрабязна апісваецца, як прымалі госьця ў неназванай рэзыдэнцыі. Лукашэнка пакатаў Ван Цішаня на невялікім электрамабілі, напаіў госьця вадой зь «мясцовай крыніцы» (наліваў Мікалай Лукашэнка), затым у «чайным доміку» напаіў кітайскай гарбатай зь беларускім сочывам.

Выбар страваў на «вячэру ў беларускім стылі», як яе называе прэс-служба Лукашэнкі, «быў зроблены паводле кітайскай традыцыі, але зь беларускім каларытам»: госьцю прапанавалі дранікі, беларускія пельмені (замест рысавай мукі, як прынята ў Кітаі, яны былі згатаваныя зь беларускай пшанічнай), качку (не па-пэкінску, а з трыбухамі), тварожныя батончыкі з марозівам і клубніцамі.

«Асаблівыя прыязныя стасункі»

Цягам 2017 году Аляксандар Лукашэнка адсылаў афіцыйныя прывітаньні кіраўніку Кітаю Сі Цьзіньпіну ня менш за чатыры разы. Мікалай Лукашэнка віншаваў кітайцаў з Новым годам — сыграў на раялі, размаўляў па-кітайску. У сакавіку Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Сі Цзіньпіна зь перавыбраньнем — у іх абодвух цяпер «безьліміт на кіраваньне». Лукашэнка таксама дзякаваў Кітаю за ўзмацненьне беларускага войска.

Лукашэнка ў 2017 годзе сустракаўся з шэрагам кітайскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, у тым ліку ў траўні асабіста зь Сі Цьзіньпінам у Пэкіне пасьля форуму «Адзін пояс — адзін шлях», дзе абмяркоўваўся ў тым ліку новы Шаўковы шлях. Да таго Лукашэнка ладзіў у Менску сустрэчу з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ. Беларускі прэм’ер прапанаваў Кітаю абвясьціць 2018-ы Годам беларускага турызму, але ці пагадзіліся на гэта ў Кітаі, невядома.

Амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды заклікаў правільна называць Беларусь па-кітайску: 白罗斯, а не 白俄罗斯.​

«Калі Расея захоча захапіць Беларусь — Кітай ня будзе яе абараняць»

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі ў Пэкіне
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі ў Пэкіне

Беларусь актыўна гандлюе з Кітаем (больш, чым зь Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй і Польшчай, менш толькі за гандаль з Расеяй і Ўкраінай), але прадае мала і купляе шмат: таваразварот склаў у 2017 годзе 2,8 млрд даляраў, што на 22,4% больш за 2016 год, але беларускага экспарту ў гэтым таваразвароце толькі 319 млн даляраў (гэта на 21% меней за 2016 год), астатняе — імпарт. Лукашэнку гэта насьцярожвала.

«Менск-таўн» — кітайскі трамплін у Эўропу. Рэпартаж з будучага кітайскага гораду ў Беларусі

Цягам 2017 году Беларусь пазычыла 306,6 млн даляраў з кітайскіх банкаў, сплаціла Кітаю 245,8 млн па ранейшых пазыках. Пад Менскам будуецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк.

На пачатку 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне аб аздараўленьні ў Беларусі 330 кітайскіх дзяцей: у праграме адпачынак у лягеры «Зубраня» і лячэньне ў цэнтры «Ждановічы», а таксама экскурсіі. Такім чынам, паводле прэс-службы Лукашэнкі, дэманструюцца «асаблівыя прыязныя стасункі» Беларусі і Кітаю.

Што дае Беларусі супрацоўніцтва з Кітаем?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG