Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падзякаваў Кітаю за ўзмацненьне беларускага войска


Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка 6 красавіка сустрэўся зь міністрам абароны Кітаю Вэем Фэнхэ, піша БелТА. Паездка ў Беларусь стала другім (пасьля Расеі) замежным візытам міністра, прызначанага 19 сакавіка.

Ад 2013 да 2017 году кіраўніцтва беларускага Міністэрства абароны наведвала Кітай сем разоў, дэлегацыі кіраўніцтва кітайскага вайсковага ведамства прыяжджалі ў Беларусь 11 разоў. Супольныя вучэньні кітайскіх і беларускіх вайскоўцаў двойчы праводзіліся ў Беларусі і адзін раз у Кітаі. Ад 2000 году ў беларускай Вайсковай акадэміі 277 кітайцаў атрымалі дыплёмы, у Кітаі адвучыліся 77 беларускіх вайскоўцаў.

Беларускі бок чакае ад Кітаю бязвыплатнай вайсковай дапамогі і паставак вайсковай маёмасьці. У мінулым кастрычніку ад Кітаю прыйшло такой дапамогі на 4,5 млн даляраў. Таксама чакаецца працяг навучальнага абмену і супольных вучэньняў.

Міністар абароны Кітаю Вэй Фэнхэ, архіўнае фота
Міністар абароны Кітаю Вэй Фэнхэ, архіўнае фота

«У наш час вы выканалі вырашальную ролю ва ўзмацненьні абараназдольнасьці Беларусі, — казаў Аляксандар Лукашэнка кітайскаму міністру абароны. — Вы дапамаглі нам стварыць самае сучаснае касьмічнае падразьдзяленьне, адправіць на арбіту самы сучасны спадарожнік. Мы з вамі стварылі ў Беларусі самы сучасны цэнтар кіраваньня палётамі. Вы дапамаглі нам стварыць самае сучаснае ракетнае ўзбраеньне для беларускага войска».

Пра тое, як праводзіцца супольная беларуска-кітайская падрыхтоўка вайскоўцаў, вядома ня так шмат, як пра беларуска-расейскую. Так, пра беларуска-кітайскія вучэньні «Адзіны шчыт-2017» паведамлялася значна меней падрабязнасьцяў, чым пра беларуска-расейскія «Захад-2017».

«Асаблівыя прыязныя стасункі»

Цягам 2017 году Аляксандар Лукашэнка адсылаў афіцыйныя прывітаньні кіраўніку Кітаю Сі Цьзіньпіну ня менш за чатыры разы — віншаваў з 25-годзьдзем дыпляматычных дачыненьняў (узаемна), днём народзінаў (ці віншаваў Сі Цьзіньпін Лукашэнку ў адказ, не паведамлялася), 90-годзьдзем стварэньня Народна-вызваленчай арміі Кітаю, днём абвяшчэньня Кітайскай Народнай Рэспублікі (Сі Цьзіньпін віншаваў Лукашэнку з Днём Рэспублікі 3 ліпеня), таксама Лукашэнка выкаваў спачуваньні Сі Цьзіньпіну і родзічам ахвяраў апоўзню ў правінцыі Сычуань. Мікалай Лукашэнка віншаваў кітайцаў з Новым годам — сыграў на раялі, размаўляў па-кітайску. У сакавіку Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Сі Цзіньпіна зь перавыбраньнем — у іх абодвух цяпер «безьліміт на кіраваньне».

Амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды заклікаў правільна называць Беларусь па-кітайску: 白罗斯, а не 白俄罗斯.

Лукашэнка ў 2017 годзе сустракаўся з шэрагам кітайскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, у тым ліку ў траўні асабіста зь Сі Цьзіньпінам у Пэкіне пасьля форуму «Адзін пояс — адзін шлях», дзе абмяркоўваўся ў тым ліку новы Шаўковы шлях. Да таго Лукашэнка ладзіў у Менску сустрэчу з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ.

«Калі Расея захоча захапіць Беларусь — Кітай ня будзе яе абараняць»

У 2017 годзе кітайцы разам з грамадзянамі яшчэ васьмі дзясяткаў краінаў атрымалі магчымасьць езьдзіць у Беларусь бязь візы на 5 дзён (пры ўмове прылёту ў менскі аэрапорт), таксама Беларусь увяла бязьвізавы рэжым для кітайцаў, якія ўяжджаюць для афіцыйных паездак, да 30 дзён. Беларускі прэм’ер прапанаваў Кітаю абвясьціць 2018-ы Годам беларускага турызму, але ці пагадзіліся на гэта ў Кітаі, невядома.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі ў Пэкіне
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі ў Пэкіне

Беларусь актыўна гандлюе з Кітаем (больш, чым зь Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй і Польшчай, менш толькі за гандаль з Расеяй і Ўкраінай), але прадае мала і купляе шмат: таваразварот склаў у 2017 годзе 2,8 млрд даляраў, што на 22,4% больш за 2016 год, але беларускага экспарту ў гэтым таваразвароце толькі 319 млн даляраў (гэта на 21% меней за 2016 год), астатняе — імпарт. Лукашэнку гэта насьцярожвала.

«Менск-таўн» — кітайскі трамплін у Эўропу. Рэпартаж з будучага кітайскага гораду ў Беларусі

Цягам 2017 году Беларусь пазычыла 306,6 млн даляраў з кітайскіх банкаў, сплаціла Кітаю 245,8 млн па ранейшых пазыках. Пад Менскам будуецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк.

На пачатку 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне аб аздараўленьні ў Беларусі 330 кітайскіх дзяцей: у праграме адпачынак у лягеры «Зубраня» і лячэньне ў цэнтры «Ждановічы», а таксама экскурсіі. Такім чынам, паводле прэс-службы Лукашэнкі, дэманструюцца «асаблівыя прыязныя стасункі» Беларусі і Кітаю.

Што дае Беларусі супрацоўніцтва з Кітаем?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG