Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскі — «беларускі Навальны». Расейскі блогер Варламаў расказаў пра выбары ў Беларусі, даў ацэнкі кандыдатам


Папулярны расейскі блогер Ільля Варламаў выпусьціў на Youtube паўгадзіннае відэа пра выбары ў Беларусі пад загалоўкам «Канец эпохі Лукашэнкі: пратэсты, затрыманьні Ціханоўскага і беларускі Майдан».

Чаму мы пра гэта пішам: Ільля Варламаў мае паўтара мільёна падпісчыкаў на Youtube, многія ягоныя відэа набіраюць звыш мільёна праглядаў, ён ня раз прыяжджаў у Беларусь, у сваіх відэа расказваў пра плюсы і мінусы Менску як «гораду з савецкай паштоўкі», крытыкаваў раён «Маяк Менску» і хваліў «Новую Баравую».

На думку Варламава, улада Аляксандра Лукашэнкі доўгі час трымалася на кансэнсусе «Беларусь у абмен на стабільнасьць», бо «краіна жыла бедна, але жыла за кошт рэнты, што давала Расея». Цяпер давер вычарпаны, а «каранавірус расставіў усё па сваіх месцах», бо «людзі засталіся сам-насам са сваёй бядой».

Варламаў расказаў і пра альтэрнатыўных патэнцыйных кандыдатаў:

  • «большасьць — гэта блазны, спойлеры, незразумелыя людзі, якія нічога зь сябе не ўяўляюць»;
  • Віктар Бабарыка — «прарасейскі кандыдат», «беларускі Мілер» (Аляксей Мілер — кіраўнік «Газпраму»), «згаворлівы і вельмі зразумелы Расеі», «той чалавек, які можа забясьпечыць стабільнасьць, якую раней забясьпечваў Лукашэнка», але ён увасабляе «шлях назад, у мінулае»;
  • Валер Цапкала — «гонар Беларусі», «найбольш прагрэсіўны кандыдат», на якога «павінны максымальна станоўча глядзець на Захадзе», «шлях у будучыню»;
  • Сяргей Ціханоўскі — «беларускі Навальны» (Аляксей Навальны — расейскі апазыцыянэр, які стаў вядомым праз выкрыцьцё карупцыі сярод вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў), «выбар цяперашняга часу», «найбольш яскравы, а таму найбольш моцны апанэнт Лукашэнкі», за якога «сёньня стаяць нацыяналісты, радыкалы з моладзі і агромністая колькасьць простых беларусаў», «чалавек з народу».

Варламаў падрабязна расказаў пра затрыманьні Сяргея Ціханоўскага і вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, у тым ліку паказаў кадры інцыдэнту ў Горадні, які назваў відавочнай правакацыяй.

«Правілы гульні такія, што перамагчы ў ёй немагчыма нікому, акрамя самага галоўнага гульца», — сказаў Варламаў пра беларускія выбары. Ён упэўнены, што Сьвятлану Ціханоўскую проста ня могуць зарэгістраваць кандыдаткай, а Цапкалу ці Бабарыку зарэгіструюць, толькі калі будзе неафіцыйная дамоўленасьць на тое, што яны «будуць паводзіць сябе ціха», стануць «спарынг-партнэрамі».

Палітоляг Віталій Шкляраў у размове з Варламавым сказаў, што цяпер «прарасейскім» можна назваць любога кандыдата, які «супраць той Беларусі, якая 26 гадоў жыве такім чынам і заўсёды ў канцы году спрабуе з Расеяй сварыцца праз цэны на газ ці на нафту, або спрабуе назваць кепскім старэйшым братам». Але палітоляг пагадзіўся з тым, што Бабарыка, «па ідэі, — найбліжэйшы Расейскай Фэдэрацыі кандыдат». На думку Шклярава, цяперашнія пратэсты ў Беларусі маюць зусім іншую якасьць, бо ад Лукашэнкі адвярнуўся нават ядзерны электарат.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG