Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пачаўся адваротны адлік, гэта падзеньне», — амэрыканскі паліттэхноляг пра затрыманьне Ціханоўскага і небясьпечнага для ўлады Бабарыку


Віталь Шкляраў
Віталь Шкляраў

Беларус Віталь Шкляраў працаваў у выбарчых кампаніях Абамы, Сандэрса, Сабчак і грузінскай апазыцыі. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, чаму галоўны паліттэхноляг Сяргея Ціханоўскага — гэта сам Лукашэнка, чаму лічыць, што ў кіраўніка Беларусі няма паліттэхнолягаў, і якім чынам Віктар Бабарыка стварае самую вялікую пагрозу для ўладаў.

Сьцісла:

  • Сяргей Ціханоўскі ня ўпісваецца ў рамкі зразумелага, гэта анамалія, менавіта таму вакол яго ўзьнікае кансьпіралёгія.
  • У Ціханоўскага няма ніякай паліттэхналёгіі. Чалавек проста езьдзіць і размаўляе зь людзьмі.
  • Посьпех Ціханоўскага часткова абумоўлены каранавірусам і самай цяжкой сытуацыяй у гісторыі незалежнай Беларусі.
  • Адміністрацыя прэзыдэнта, якая ня ўмее працаваць і 26 гадоў дзейнічае аднолькава, зрабіла ўсё для таго, каб зьявіўся Ціханоўскі.
  • Праблема Лукашэнкі ў тым, што яго каманда не разумее, што такімі паводзінамі яны толькі дадаюць Ціханоўскаму сілы, а людзям настойлівасьці.
  • Лукашэнка сваімі сваркамі з Крамлём сам дае зразумець людзям, што цар ужо ня той.
  • З усіх кандыдатаў больш за ўсё падобны да Лукашэнкі Бабарыка. І ён — самы моцны ўдар па сыстэме Лукашэнкі.

Віталь Шкляраў нарадзіўся ў Гомлі, 43 гады. У 2002 годзе скончыў Унівэрсытэт Фэхты (Нямеччына) па спэцыяльнасьці «Сацыяльныя і палітычныя навукі».

Палітычны кансультант і паліттэхноляг. Працаваў у кампаніях Ангелы Мэркель, Бэрні Сандэрса, расейскіх апазыцыянэраў Дзьмітрыя Гудкова і Ксеніі Сабчак, грузінскага апазыцыянэра Грыгола Вашадзэ.

Запрошаны навуковы супрацоўнік Гарвардзкага ўнівэрсытэту.

«Галоўны паліттэхноляг Ціханоўскага — Лукашэнка»

— Пра вас часта пішуць, што вы галоўны піяршчык Сяргея Ціханоўскага. Гэта праўда?

— Вядома ж, не. Я шмат пісаў пра гэта ў сваім Тэлеграм-канале і неаднойчы тлумачыў у інтэрвію. Я заўсёды зьвязваў сваю кар’еру з апазыцыяй, так званымі «андэрдогамі» — людзьмі, якія маюць слабейшую пазыцыю. Для мяне гэта асабісты прынцып — дапамагаць тым, у каго няма шанцаў змагацца, як напрыклад у Расеі, супраць вялікай таталітарнай дзяржавы. Тое самае было з маёй працай на Бэрні Сандэрса, «андэрдога», які меў малыя шанцы супраць Гілары Клінтан, пакуль ня стаў вельмі славутым. Або ў Грузіі, дапамагаючы апазыцыі Саакашвілі.

Я ня раз казаў, што буду дапамагаць любому, хто зацікаўлены ў пераменах у Беларусі. Людзі пішуць пра маю нібыта дапамогу Ціханоўскаму, бо адбываецца нешта такое, што ня ўпісваецца ў рамкі зразумелага. Вядома, сваю грамадзянскую пазыцыю я выказваю, але ў дадзеным выпадку я нават пальцам не варухнуў, каб яму дапамагчы. Гэта ўсё выключна заслуга яго самога. Малайчына. Тут няма ніякай паліттэхналёгіі.

Чалавек проста езьдзіць і размаўляе зь людзьмі. 26 гадоў наша апазыцыя не змагла дамагчыся, каб да яе станавіліся кілямэтровыя чэргі. Не было такога, каб за апазыцыяй была такая вялікая маса сымпатыкаў. Для Беларусі гэта анамалія, а любая анамалія заўсёды выклікае кансьпіралёгію.

— Але артыкул у папулярнай расейскай газэце «Ведомости» вы напісалі менавіта пра яго. Чаму?

— Таму што ён асаблівы, адважны, ён паставіў на карту сваё жыцьцё. Заўсёды складана змагацца супраць мацнейшага суперніка, і менавіта таму я спачуваю слабейшаму. Ён выклікае ў мяне вельмі вялікую павагу.

— Лёзунгі Сяргея Ціханоўскага абсалютна ня новыя. Новыя выбары без Лукашэнкі — гэта ідэя Зянона Пазьняка дзесяцігадовай даўнасьці. Чаму людзі паслухалі менавіта Ціханоўскага?

— Нічога новага ён не зрабіў. Бэрні Сандэрс казаў тое самае 30 гадоў, слова ў слова, і ўсім было напляваць. Ніхто яго ня слухаў. І недзе 5 гадоў таму зерне ўпала ў патрэбную глебу і пачало расьці. 70-гадовы дзед-габрэй з Брукліна зрабіўся больш папулярны, чым сэкс-сымбаль гэтага стагодзьдзя Барак Абама. Чаму? Невядома. Тыя самыя словы, той самы чалавек.

Чаму стрэлілі менавіта словы Ціханоўскага? Проста час. Часткова гэты час абумоўлены каранавірусам і самай цяжкой сытуацыяй Беларусі ў гісторыі. Мы больш за ўсіх уразьлівыя ад прывязкі да Расеі. Мы найбольш за часы сваёй гісторыі цярпім ад эканамічнага крызісу і беспрацоўя. Мы больш, чым калі-небудзь раней, сутыкаемся зь недаверам людзей да палітыкі Лукашэнкі, які ўжо вельмі доўга ва ўладзе. Можна доўга працягваць. І гэтыя фактары ключавыя.

— Шмат хто кажа, што на Сяргея Ціханоўскага працуюць вельмі пісьменныя паліттэхнолягі. Як вы гэта ацэньваеце?

— Калі шчыра, то ўсё гэта непрадумана. Калі б я быў Сяргеем Ціханоўскім, то я б рабіў гэта больш эфэктыўна і крута. Не рабіў бы часткова дзіцячых памылак. Але ў гэтым яго моц. Навічок заўсёды моцны тым, што ён шчыры і ён робіць гэта ад душы. Калі б гэтым заняўся больш-менш прафэсійны чалавек, то можна было б шмат зрабіць лепш. Але ня факт. Магчыма, сакрэт яго посьпеху менавіта ў тым, які ён і як ён гэта робіць.

Чаму, напрыклад, у свой час стаў вядомым Навальны? Ён рабіў нешта надзвычайнае? Не. Або Пашыньян? Толькі тое, што пайшоў пешкі па краіне, і да яго далучыліся людзі. Тут я таксама бачу чалавека, які проста езьдзіць па краіне і дае людзям мікрафон. Сыстэма і мы зь ёю трапілі ў момант назапашваньня энэргіі. Калі б тое самае зрабіў іншы, то, хутчэй за ўсё, вынік быў такі самы.

— А вы асабіста зь ім знаёмыя? Кажуць, што зь ім разам працавалі над вобразам рэпэра Сярогі?

— Не, я зь Ціханоўскім ні разу не супрацоўнічаў. Мы кожны па-рознаму і ў розны час і ў розных іпастасях працавалі зь Сярогам. Дарэчы, я зь Сярогам знаёмы зь дзяцінства, хадзілі ў адну клясу. Мы былі найлепшымі сябрамі. Таму я ня мог зь ім не працаваць, гэта частка майго жыцьця. Магчыма, мы калісьці дзесьці перасякаліся, бо Гомель ня вельмі вялікі. Але калі Сяргей Ціханоўскі займаўся відэапрадукцыяй, я ўжо ня жыў у Беларусі, вучыўся ў Нямеччыне. Тых, хто працаваў зь Сярогам, я назваў бы нават зь дзясятак. Асабіста я Ціханоўскага ня ведаю, ані разу зь ім не размаўляў. Як можа быць паліттэхнолягам нехта, хто з кліентам ні разу ня бачыўся?! Але нават калі б і сустракаўся — дзе я, а дзе Ціханоўскі? Ціханоўскі — ніхто безь людзей, а людзі — гэта як паліва, якое яму дапамагае.

— Чаму тады людзі ідуць менавіта за ім?

— Галоўны паліттэхноляг Ціханоўскага — Лукашэнка. Адміністрацыя прэзыдэнта, якая ня ўмее працаваць і 26 гадоў дзейнічае аднолькава, зрабіла ўсё для таго, каб зьявіўся Ціханоўскі. Яны зрабілі ўсё, каб гэтыя людзі стаялі па 3 гадзіны ў кілямэтровай чарзе, каб паставіць подпіс за Ціханоўскага.

— Дарэчы, Ціханоўскі, калі зьявіўся ягоны канал, адмаўляў, што ідзе ў прэзыдэнты. Але яго актыўнасьць была разьлічаная на павелічэньне распазнавальнасьці і, як многія лічаць, удзел у выбарах. То бок гэта ня проста адчай.

— Я паспрабую быць яго адвакатам. І што? Калі я пайшоў у школу, то зьбіраўся навучыцца чытаць, быць разумным і калісьці паступіць ва ўнівэрсытэт. Гэта маё жыцьцё, маё жаданьне, чаму б і не? Ён хоча стаць прэзыдэнтам? Ну і выдатна, малайчына.

— Гаворка пра тое, што ён утойваў свой намер, каб прадставіць зусім іншы, адрозны ад рэальнага шлях. То бок гэтае блогерства — ня проста блогерства, гэта адпачатку разьлік на ўдзел у выбарах.

— Калі вы сустракаліся з вашай будучай жонкай, то не казалі на першай сустрэчы: ведаеш, можа і трэба спачатку пачынаць ад кіно і сустрэч, але я прапаную зараз пайсьці да мяне дадому, а пасьля пойдзем і расьпішамся. Яна б ударыла вас па твары. У кожнага працэсу ёсьць свая храналёгія. Нават калі Ціханоўскі адпачатку ведаў, што пойдзе на выбары, — ды калі ласка. А можа ён і ня ведаў, але адчуў смак, пабачыў, што ўсё разьвіваецца пасьпяхова і імкліва, што людзям патрэбны лідэр. І выдатна, што ён на гэта пагадзіўся, бо гэта адвага. Дай Бог кожнаму знайсьці адвагу, каб зрабіць тое, што ты баісься зрабіць. У гэтым няма нічога кепскага. Ісьці ў прэзыдэнты — гэта няўдзячная справа нават у свабодных краінах, а што казаць пра краіну, дзе цябе садзяць! Я здымаю капялюш.

«Вэртыкаль, якая хоча выслужыцца перад царом, — бяздарныя і тупаватыя людзі»

— А як вы ацэньваеце падзеі ў Горадні, калі Ціханоўскага затрымалі, і паводзіны ўлады з пункту гледжаньня паліттэхналёгіі? Наколькі пісьменна гэта было зроблена?

— Гэта адна з самых вялікіх памылак Лукашэнкі, хоць я думаю, што ён сам гэтым не займаецца. Не магу ўявіць, што ён сядзіць і кажа: а цяпер арыштуйце Ціханоўскага. А вось вэртыкаль, якая хоча выслужыцца перад царом, і сілавікі, — яны бяздарныя і тупаватыя людзі. Ужо, на шчасьце, не 50-я гады, ужо ўсіх не пасадзіш. Ужо нельга схаваць нешта, як удавалася раней, бо ў кожнага тэлефон. Кожны можа зьняць відэа і стаць СМІ, тэлеканалам і журналістам у адной асобе. Сьвет празрысты, ён пабег наперад, а гэтыя хлопцы яго ня ў стане дагнаць. Яны не разумеюць, што — так, можна пасадзіць Ціханоўскага і ўсю ягоную сям’ю. Але прышчэпка ўжо зробленая. Замест таго каб абыграць гэтую сытуацыю, выйсьці з гэтай канфрантацыі прынамсі цэлымі, яны самі сябе абліваюць памыямі і непатрэбнымі праблемамі.

Узяць і на вачах ва ўсіх арыштаваць чалавека і спадзявацца, што нічога не адбудзецца, — па-мойму, вельмі-вельмі далёка ад рэальнасьці 2020 году. На дварэ не 1986 год, калі выбухнуў Чарнобыль. Праблема Лукашэнкі ў тым, што яго каманда не разумее, што такімі паводзінамі яны толькі дадаюць Ціханоўскаму сілы, а людзям настойлівасьці, а ўсяму руху — больш сапраўднасьці. А ў выніку — больш посьпеху.

— Цалкам верагодна, што да выбараў Ціханоўскага будуць трымаць у турме. Ці не саб’е гэта хвалю выступленьняў? Бо няма лідэра.

— Паўтаруся — пытаньне тут не ў Ціханоўскім. Паліттэхноляг Ціханоўскага — Лукашэнка. Паліва Сяргея Ціханоўскага — людзі. Прыбярыце Ціханоўскага і пастаўце Пятрова ці Сідарава, усё будзе такое самае. Ціханоўскі проста стаў вастрыём дзіды. Ён стаў тым чалавекам, які ўвасабляе рух, які нікуды ня дзенецца. Будзе яшчэ горш. Бо ў людзей, якія ў нешта вераць, забралі іх веру. Мы ведаем, пачынаючы ад крыжовых паходаў і заканчваючы пасьляваенным атэізмам, што гэта кепска канчаецца, калі ў людзей, якія ў нешта вераць, забіраюць іх веру. Гэта не праміне проста так, і ў гісторыі на гэта шмат прыкладаў.

Замест таго каб пачаць размаўляць з гэтымі людзьмі, у тым ліку і зь Ціханоўскім, пачуць, чаго яны хочуць, правесьці хоць мінімальна празрыстыя выбары, каб выпусьціць пару і не разгойдваць лодку, замест усяго гэтага яны яшчэ больш злуюць людзей. Паслухайце гэтых людзей. Палітыка — гэта пра тое, каб чуць. А яны ня хочуць ані слухаць, ані чуць. Гэта першы вялікі крок у бок страты кантролю. Гэта заўсёды кепска канчаецца для таго, у каго ўлада.

«Лукашэнка жыве ў «турме» 26 гадоў, ён закансэрваваўся»

— А як вы лічыце, у Лукашэнкі ёсьць таленавітыя паліттэхнолягі?

— Вядома ж, няма. Калі б яны ў яго былі, то ён бы так сябе не паводзіў. Я ня ведаю яго асабіста, але, думаю, ён увогуле мала каго слухае. І, што больш важна, — вакол яго няма людзей «зь яйцамі», хто б мог адкрыта ў вочы, бяз мыла і падлізваньня, сказаць, што адбываецца. Я працаваў з многімі прэзыдэнтамі і ведаю, што ў гэтай пазыцыі чалавек знаходзіцца на іншай арбіце, з прычыны адказнасьці, стрэсу, шмат чаго. А тым больш чалавек, які 26 гадоў на гэтай арбіце. У яго іншая рэальнасьць. І задача правільнага дарадцы — быць ліхтарыкам у цемры для прэзыдэнта, які далёкі ад рэальнасьці нармальнага жыцьця.

У аўтарытарных уладаў вельмі часта кіраўнікі акружаюць сябе людзьмі, якія баяцца гаварыць або ня хочуць. Бо іх могуць звольніць або пасадзіць. І вось тады пачынаецца вакуўм, калі ўсе кажуць тое самае, які ты, маўляў, цудоўны. Тады адбываецца вельмі небясьпечнае — лідэр страчвае сувязь з рэальнасьцю. Часткова гэта не яго праблема. Пра гэта павінны дбаць людзі каля яго. Гэта тое самае, калі б вас прывялі ў лякарню і ўсе навокал баяліся б вам сказаць, які ў вас дыягназ. Тое самае адбываецца з уладай. Але часткова ён нікога і ня слухае, бо не давярае. Але добры сябра ня той, хто кажа так, як табе падабаецца, а хто кажа праўду. А ў Лукашэнкі, відаць, проста няма добрых сяброў.

— Больш за 20 гадоў нават апанэнты Лукашэнкі казалі, што ў яго выключны палітычны інстынкт захаваньня ўлады, што ён адчуваў народ. Але гэтым разам тыя самыя людзі зьвяртаюць увагу, што ён не трапляе ў чаканьні людзей. Што сталася?

— А вы сустракалі хаця б аднаго чалавека, які б не рабіў памылак? «Чуйка» ў яго фэнамэнальная, яна, магчыма, ратавала яго сотні, а то і тысячы разоў. Але яна ж яго і неаднаразова падводзіла. Тое самае і цяпер. Ён жыве ў сваёй сыстэме каардынатаў, на сваёй плянэце.

Вы калі-небудзь размаўлялі з чалавекам, які адседзеў 10 гадоў у турме і выходзіць на волю? Я, напрыклад, камунікаваў з Хадаркоўскім, калі ён выйшаў з турмы. Гэта зусім іншы чалавек. Ён 10 гадоў жыў у іншым сьвеце, па-іншаму думае і гаворыць. Лукашэнка жыве ў «турме» 26 гадоў, зразумела, што ў яго свой погляд, часткова сфармаваны яшчэ ў юнацтве, калі ён жыў стэрэатыпамі ў адпаведны час. Ён, як і любы іншы прэзыдэнт, закансэрваваўся. У яго час на плошчы можна было забраць любога ў «варанок», і нічога б ня здарылася. Але ж не ў 2020 годзе. Цяпер ужо праз 10 сэкундаў пра гэта можа ведаць увесь сьвет. На што можна разьлічваць? Што ўсе скажуць: «Брава, вы прыбралі свайго палітычнага апанэнта»? Хто можа рабіць такое за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў?

У Лукашэнкі неверагодныя рэсурсы: сілавікі, махіна ўлады, грошы, эфір — і адзін маленькі Ціханоўскі. Ды дапусьці ты яго на выбары, перамажы і спусьці ўсю пару. Дапусьцім, я цяпер Лукашэнка. Чаго мне баяцца? Гэта тое самае, каб я цяпер са сваім 8-гадовым сынам выйшаў бы на рынг. Чаго мне баяцца, калі мы ў абсалютна розных вагавых катэгорыях?!

«З усіх кандыдатаў Бабарыка больш за ўсё падобны да Лукашэнкі»

— Віктар Бабарыка, калі мераць колькасьцю людзей у ягонай ініцыятыўнай групе і першым месцам у інтэрнэт-апытаньнях, выглядае пакуль галоўным альтэрнатыўным фаварытам гэтай кампаніі. У чым сакрэт?

— Для людзей ён увасабляе добрыя сувязі з Расеяй, паколькі працаваў у банку, які належыць «Газпрому». З усіх кандыдатаў Бабарыка больш за ўсё падобны да Лукашэнкі. Дарослы, ня проста зь бізнэсу, ня зь нейкага IT, якога большасьць не разумее. Ён з газу і нафты, самага важнага, што, здавалася б многім, нам трэба, каб прытрымліваць штаны, каб утвараць бюджэт. Гэта для людзей самае зразумелае, бо гэта тая парадыгма, у якой жывуць і ў Беларусі, і ў Расеі.

Бабарыка бачыцца як чалавек, які можа дамовіцца з Расеяй, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, які пару гадоў канфліктуе з Пуціным і ня можа паразумецца. Сваркамі з Крамлём Лукашэнка дае зразумець людзям, што цар ужо ня той. Тая грамадзкая дамова, што я, маўляў, гарантую вам стабільнасьць, а не Ўкраіну зь вечнымі майданамі ці Расею з алігархатам, а вы мяне не зрынаеце, — заканчваецца. Гэта 20 гадоў быў канёк Лукашэнкі. Людзі шмат гадоў закрывалі вочы на тое, што ў краіне няма выбараў, бо Лукашэнка штосьці ім забясьпечваў. Дзяржава выплачвала пэнсіі і субсыдыявала эканамічна нявыгадныя прадпрыемствы. Але гэты кантракт парушыўся.

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Бачна, што Лукашэнка больш ня ўмее дамаўляцца з Пуціным. І прычына мала каму цікавая, бо ён проста ўжо ня здольны. І тут надзея на Бабарыку, які з гэтага самага бізнэсу, які сябруе з Патрушавым і Мілерам, сустракаецца са Сьцяпашыным. Гэта сыгнал, што вось гэты чалавек здолее дамовіцца. Зь якім-небудзь Ціханоўскім Пуцін бы не размаўляў, як і зь Зяленскім, а вось з дарослым Бабарыкам, зьвязаным з «Газпромам», які свой, зразумелы, — так. Гэта самы галоўны ўдар у сыстэму Лукашэнкі. А хто электарат Лукашэнкі? Тыя, хто залежыць ад дзяржавы: бюджэтнікі, бюракраты ў добрым сэнсе слова, лекары, настаўнікі і іншыя. Тыя, хто на яго маліўся, бо ён забясьпечваў ім заробак. Незалежна ад ККД, незалежна ад іх адукацыі яны ўсё роўна мелі заробак.

Людзі мелі грошы і ў адказ не пыталіся, чаму ён 26 гадоў ва ўладзе. І нечакана гэтая грамадзкая дамова больш не працуе. І нечакана ўсё гэта пагаршае яшчэ больш каранавірус. І нечакана Лукашэнка некалькі гадоў ня можа дамовіцца з Пуціным. І нечакана зьяўляецца чалавек, якому, як думаюць людзі, удасца дамовіцца. І вось гэты электарат забірае ад Лукашэнкі банкір. А Ціханоўскі — гэта моладзь.

«Лукашэнка — гэта тэлевізар з рубільнікам і дзьвюма праграмамі ў эпоху вадкакрышталічных дысплэяў»

— Вы цяпер разважаеце пра электарат такім чынам, нібыта ён нешта вырашае на выбарах. А ў Беларусі, як сьцьвярджаюць і экспэрты, і назіральнікі на выбарах, не вырашае.

— Электарат — гэта не пустое слова. Гэта жывыя людзі са сваімі праблемамі, страхамі, заробкамі і крэдытамі. Гэта нават не паліттэхналёгіі, гэта тое, што ў паветры. Менавіта таму да Ціханоўскага прыходзяць тысячы, каб выказацца ў мікрафон. Менавіта таму ў групу Бабарыкі запісваецца 10 тысяч. Гэта электарат.

— На што яны разьлічваюць, калі разумеюць, што выбары ў Беларусі — гэта не інструмэнт зьмены ўлады?

— На што вы разьлічвалі, калі сустракалі вашу жонку? Вы ведалі, што яна ёю стане? Вы былі ўпэўненыя, даруйце за пікантнасьць, што вы перасьпіце і што ў вас будзе дзіця? Вы на нішто не разьлічвалі, а рабілі так, бо так адчувалі. На што разьлічвае чалавек, які пачынае хадзіць? Ды ні на што. Гэта мама ці тата яго вучаць, і ён пачынае хадзіць. На што ты разьлічваеш, калі пачынаеш рабіць тое, у што ты верыш?

— Калі я пачынаў сустракацца са сваёй жонкай, то ведаў, што паміж намі ёсьць сымпатыя, яна бачыла, што я стараюся, каб гэтая сымпатыя ўзмацнялася. То бок мы рабілі зразумелыя нам абаім крокі і рабілі іх шчыра. А як гэта адбываецца з выбарамі ў Беларусі?

— Я мяркую, што кожны з гэтых кандыдатаў спадзяецца або жадае, я ў гэта веру, каб жыцьцё ў Беларусі было лепшым. Так, кожны хоча рэалізаваць свае палітычныя амбіцыі. І гэта добра. Але нават Лукашэнка, я ўпэўнены, хоча Беларусі найлепшага. Але падыходы розныя. Ягоны аўтамабіль састарэў. Тэлевізар з рубільнікам і дзьвюма праграмамі скончыўся. Ужо ёсьць вадкакрышталічныя дысплэі.

Я ўпэўнены, што людзі, якія кандыдуюць, жадаюць Беларусі найлепшага. У Ціханоўскага больш фрустрацыі, яму ёсьць што страціць. Але калі б у яго быў выбар — сядзець 6 гадоў або не сядзець, то вы думаеце, што ён такі дурны і выбраў бы сядзець 6 гадоў? Ён што, ідыёт? Не. Проста чалавека давялі да адчаю. У пляне пераменаў — гэта рухавік прагрэсу, так людзі запраграмаваныя. Мы вучымся падцягвацца, бегаць, атрымліваць пяцёркі, а ня двойкі.

Аляксандар Лукашэнка наведвае МТЗ
Аляксандар Лукашэнка наведвае МТЗ

«Пачаўся адваротны адлік, гэта падзеньне»

— Цэнтравыбаркам зарэгістраваў 15 ініцыятыўных групаў. Ці ёсьць нейкая, чыёй працай вы захапляецеся як паліттэхноляг?

— Усіх групаў я ня ведаю. Ведаю групы Бабарыкі, Цапкалы, Ціханоўскага і Дзьмітрыева. Я б дапамагаў кожнаму, бясплатна, з задавальненьнем, кожнаму, хто хоча пераменаў у Беларусі. Перамены — гэта не рэвалюцыя, перамены — гэта каб людзям у краіне стала жыць лепш. Я бачыў у стрымах Ціханоўскага, як людзі ад душы, не баючыся, кажуць, што яны стаміліся, што ім цяжка. Я гэта бачу сам. Я сам беларус, у мяне беларускае грамадзянства. Мае мама і тата жывуць у Гомлі, я дапамагаю ім фінансава, бо на іх пэнсію ня выжыць, хоць яны ўсё жыцьцё цяжка працавалі. Безь мяне і сваёй бульбы на гародзе яны б, магчыма, і ня выжылі. Гэта аплата за 45 гадоў працы таты на будове і мамы каля дошкі ў школе. Я гэта бачу на ўласныя вочы і маю права быць жорсткім.

— У апанэнтаў улады на гэтых выбарах дзьве стратэгіі. Ёсьць Бабарыка і Цапкала, якія прамаўляюць да электарату Лукашэнкі, і ёсьць Ціханоўскі, які патрабуе новых выбараў без Лукашэнкі і Ярмошынай. Якая зь іх больш пасьпяховая?

— Дэманстрацыі пратэстаў — гэта крык душы, гэта знак глыбокай стадыі хваробы. Я не за рэвалюцыю і не за бойкі зь міліцыяй. Я за тое, каб улада ўмела слухаць і дамаўляцца зь людзьмі. Бо ўлада — ад падаткаў. А падаткі — ад народу. Таму нельга не любіць і ня слухаць тых, хто цябе спарадзіў. Нельга не любіць і ня слухаць сваіх людзей. Не дзяржаву, а сваіх людзей. І калі ўлада гэтага не разумее або ня ўмее рабіць, то грош цана такой уладзе.

Некалькі гадоў таму я вёў кампанію апошняга апазыцыйнага кандыдата ў расейскім парлямэнце Дзьмітрыя Гудкова. За 1,5 месяца мы правялі 256 сустрэчаў на адной акрузе. Мы рабілі 5 сустрэчаў у дзень без выходных. Можна было б схавацца за рэклямай, за білбордамі, за рассылкамі, абзвонамі, рэклямай у Фэйсбуку. Але я прыхільнік размовы і ведаю, што палітыку можна рабіць толькі рукамі, слухаючы і чуючы. А не спадзявацца на цуд, што ты выведзеш на вуліцы 10 мільёнаў чалавек. Такога не бывае.

Вось менавіта сустрэчы зь людзьмі — гэта і ёсьць той маркер, які дазваляе табе зразумець, сапраўдны кандыдат ці не. Калі табе людзі задаюць пытаньні, а ты трымаеш удар. Часам удаецца, часам вельмі кепска, патрэбны псыхоляг, каб усё гэта разьбіраць, але так куецца жалеза. За тыдзень Гудкоў стаў мэгакрутым аратарам, бо ён зразумеў, што людзям важна. І ня трэба было прыдумляць ніякіх паліттэхналёгій, ён сам ведаў адказы на пытаньні.

— А ці бачыце вы нейкую прадуманую выбарчую стратэгію ў каманды Лукашэнкі?

— Найлепшая стратэгія — нармальная мірная размова. Але яе няма. Вы бачылі хоць раз за 26 гадоў, каб прэзыдэнт прыйшоў на дэбаты і мірна паразмаўляў? Хаця б раз вы бачылі, каб прэзыдэнт прыехаў у штаб свайго апанэнта і адказаў на ўсе пытаньні?

Калі вы бачылі апошні раз Лукашэнку, які б пагрузіўся ў жыцьцё людзей? Які б не прыехаў на трактарны завод, дзе ўсіх пастроілі ў шэраг і дзе ён паліваў усіх брудам, а прыехаў і сказаў: «Народ, я ўжо тут 26 гадоў, мы ведаем адны адных як аблупленых, давайце як на кухні. Што не атрымліваецца, у чым праблема?» Ён гэта можа. Але чаму ня робіць — іншае пытаньне.

Уявіце сабе мужа і жонку, якія 26 гадоў разам і развучыліся чуць адно аднаго. Жонка хоча солі, а вы даяце ёй цукар. Яна хоча спаць, а вам хочацца чытаць. Ці будзе такі саюз доўгім? Не. Вы будзеце сварыцца, будуць бойкі і развод. Вось цяпер і ёсьць мардабой, сваркі і развод. Пачаўся адваротны адлік, гэта падзеньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG